Пра што званіў “Феліцыян” да “Тадэвуша”?

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Эпохі Архікафедральнага

 

Ва ўрачыстасцях з нагоды 300-годдзя сталічнага Архікафедральнага касцёла імя Прасвятой Дзевы Марыі прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва нашай краіны, Ватыкана, Беларускай праваслаўнай царквы.

Папа Рымскі Бенедыкт XVI прызначыў свайго спецыяльнага прадстаўніка на гэтае ўрачыстае мерапрыемства. Напярэдадні святкавання кардынал Юзаф Томка сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і абмеркаваў напрамкі далейшага супрацоўніцтва.

Як адзначыў ксёндз касцёла Дзмітрый Пухальскі, святочным урачыстасцям папярэднічала вялікая падрыхтоўка. І найперш - у духоўным плане. У прыватнасці, адбылася дзевяцідзённая навэнна. Кожны вечар у межах касцёла гучала адмысловая малітва - ружанец. Да таго ж, праходзілі невялікія канферэнцыі, пад час якіх узнімаліся пытанні ад гісторыі каталіцкай царквы да лёсу непасрэдна гэтага касцёла.

 Лёс сталічнага архікафедральнага касцёла шмат у чым паўтарае лёс развіцця і дзейнасці каталіцкай царквы на Беларусі ў апошнія тры стагоддзі. У тым ліку і яго адраджэння.

Гісторыкамі вылучаецца некалькі перыядаў у дзейнасці святыні. Першы з іх непасрэдна звязаны з шырока вядомым на тэрыторыі нашай краіны ордэнам езуітаў, што прыйшоў у Мінск у 1654 г. Паводле гістарычных звестак, іх рэзідэнцыя знаходзілася ў сядзібе багатага шляхціча Ягора Гегера, што была набыта смаленскім епіскапам І.Сангушкам за 8000 злотых адмыслова для каталіцкага ордэна. Яна размяшчалася па сённяшняй вуліцы Рэвалюцыйнай. У 1699 г. езуіты пабудавалі двухпавярховы каменны будынак езуіцкай школы (цяпер гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, размешчаная на плошчы Свабоды). Побач жа было распачата будаўніцтва касцёла.

Гісторыя фарміравання езуіцкага архітэктурнага ансамбля падрабязна апісана ў "Хроніцы Мінскай калегіі". У ёй жа і адзначаецца, што закладка падмурка новага храма ўрачыста адбылася ў 1700 г. А ўжо 16 сакавіка 1710га новы касцёл быў асвечаны віленскім епіскапам. Тым не менш, яшчэ даволі доўга працягваліся работы па яго дабудове і аздабленні.

За часам дзейнасці ордэна езуітаў касцёл выкарыстоўваўся выключна для патрэб калегіўма. Звычайна ў сценах храма збіралася няшмат людзей, пераважна вучні ды прадстаўнікі ордэна. І тым не менш, згодна з планам структуры архітэктурнага комплексу, цэнтральнае месца займаў менавіта касцёл, які ўяўляў з сябе трохнефавы двухвежавы будынак з дзвюма капліцамі (Траецкай і Феліцыянаўскай) паабапал. Сам касцёл быў адсунуты ў глыбіню за лінію забудовы, дзякуючы чаму перад ім быў утвораны невялікі парадны двор, так званы "курданёр". У глыбокіх паўцыркульных нішах вежаў размяшчаліся драўляныя разьбяныя скульптуры святых Пятра і Паўла, а франтон упрыгожвала постаць Дзевы Марыі з немаўляткам. На вежах было ўсталявана чатыры званы, кожны з якіх меў сваю назву: "Казімір", "Тадэвуш", "Феліцыян" і "Якаб". Апошні быў самым вялікім і важыў 350 пудоў, што складае 5600 кг.

 Новы этап у жыцці касцёла распачаўся ў 1798 г. Пасля забароны дзейнасці езуіцкага ордэна і ўтварэння Мінскай епархіі (дыяцэзіі) касцёл становіцца кафедральным і лічыцца галоўнай святыняй рэгіёна.

З-за пажараў у XVIII і ХІХ стст. унутранае аздабленне храма перыядычна змянялася, а сам касцёл неаднаразова перабудоўваўся. Як сведчаць дакументальныя крыніцы, ён быў багата і ўрачыста распісаны усярэдзіне: зборы аформлены арнаментальным жывапісам, сцены ўпрыгожаны сюжэтнымі кампазіцыямі, выкананымі ў тэхніцы фрэскі мастаком Казімірам Анташэўскім. Прыцягвалі ўвагу вернікаў і пілястры з характэрнымі рысамі барока з дванаццаццю разьбянымі драўлянымі постацямі апосталаў. Апроч таго, у храме знаходзілася вялікая колькасць палотнаў XVII- XVIII стст., сярод якіх былі работы Ш.Чаховіча і І.Аляшкевіча.

Вялікія нягоды напаткалі архікафедральны касцёл у першай палове мінулага стагоддзя. У 1937-м касцёл увогуле застаўся без святара, якога па лжывых абвінавачваннях расстралялі. У гады Вялікай Айчыннай вайны архітэктурны комплекс езуітаў быў часткова пашкоджаны.

Пасля вайны была праведзена кансервацыя помніка і абвешчаны конкурс на лепшы праект рэстаўрацыі вежы-званіцы калегіума. Не многім вядома, што ў 1947-м будынак касцёла быў перададзены тэатру імя Янкі Купалы без права рэканструкцыі. Як аказалася, часова. Праз колькі часу будынак перарабляюць пад Палац фізкультуры спартыўнага таварыства "Спартак". Будынак касцёла ў 1951 г. рэканструюецца: змяняецца галоўны фасад, інтэр'ер. У гэты час знішчаецца і сам корпус колішняга калегіума, а на яго месцы будуецца жылы дом.

Толькі ў 1994-м распачаўся сучасны этап у жыцці старадаўняга касцёла. Даследчыкі адкрылі і часткова аднавілі ўнікальныя старажытныя фрэскі пачатку XVIII ст., якія ў пасляваенны час былі замаляваны тынкоўкай. На жаль, не атрымалася цалкам аднавіць касцёл у тым выглядзе, якім ён быў напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, асабліва ва ўнутраным аздабленні. Але, на думку ксяндза Дзмітрыя Пухальскага, ёсць надзея, што з цягам часу гэта можна будзе здзейсніць.


Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"