Аляксандр Лукашэнка павіншаваў вернікаў з 300-годдзем асвяшчэння мінскага Архікафедральнага касцёла імя Прасвятой Дзевы Марыі

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь з 300-годдзем асвяшчэння мінскага Архікафедральнага касцёла імя Прасвятой Дзевы Марыі. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння гэты выдатны гісторыка-культурны помнік дзякуючы сумесным намаганням дзяржавы і Рымска-каталіцкай царквы адрадзіўся ва ўсёй прыгажосці, уражвае цудоўнымі архітэктурнымі формамі і ўнікальнымі фрэскамі.

У віншаванні падкрэсліваецца, што касцёл стаў сапраўдным культурным цэнтрам, дзе актыўна ажыццяўляецца дабрачынная і асветніцкая дзейнасць, штогод адбываецца шмат цікавых падзей. Яго святары і вернікі ўносяць важкі ўклад ва ўзбагачэнне духоўных традыцый нашага народа, вядуць вялікую сацыяльную работу.

 "Няхай і ў далейшым Архікафедральны касцёл дапамагае людзям усведамляць сваю сутнасць, выхоўваць пачуцці міласэрнасці і любові, заахвочвае іх самааддана служыць нашай Радзіме", - гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь здароўя, шчасця, дабрабыту і плёну ва ўсіх справах.