Галасы Шапэна

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Пасольства Францыі ў Беларусі зладзіла два канцэрты “Голас Фрыдэрыка Шапэна”, што прайшлі ў сталічнай філармоніі і ў Магілёве.

 

Удзельнікі ансамбля "Армія рамантыкаў", спявачка Магалі Лежэ і піяніст Рэмі Кардыналь пабудавалі праграму на чаргаванні фартэпіяннай і вакальнай музыкі польскага генія, у тым ліку ў пералажэнні сучасніцы Шапэна, сусветна вядомай французскай спявачкі Паліны Віярдо.

Выканаўцы адчувалі не толькі сваю ўласна мастацкую ролю, але і асветніцкую місію. Рэмі Кардыналь, звярнуўшыся да публікі, распавёў пра творчыя стасункі паміж Шапэнам і Віярдо і іхняе "спаборніцтва", чые мазуркі стануць больш папулярнымі. За раялем жа ён скарыў, найперш, папраўдзе шапэнаўскім гукам: у меладычных лініях- мяккім, глыбокім, у пасажах - лёгкім, але не бліскуча-гуллівым, а надзвычай пяшчотным, быццам "пухнатым". У мазурках жа піяніст ледзь не прытанцоўваў!

Дый Магалі Лежэ артыстычна не толькі спявала, але і... слухала. Знаходзячыся на сцэне пад час усяго канцэрта, яна надзвычай эмацыйна рэагавала на фартэпіянныя творы, ператвараючы праграму ў своеасаблівую тэатралізаваную дзею. Але гэта быў тэатр не відовішча, а найтонкага псіхалагізму і суперажывання. Два аддзяленні былі злучаны не толькі шапэнаўскай музыкай, але і па-рознаму прачытанай "прасторавай ідэяй".

 Піяніст выбудоўваў фактуру "ў прасторы", выводзячы адны галасы на авансцэну, іншыя ж пакідаючы то ў тумановай завесе, то ўвогуле быццам у аддаленні. Такія "знешнія" абрысы праграмы цалкам адпавядалі ўнутраным, душэўным памкненням музыкі. Таму нават фартэпіянныя мазуркі гучалі, адпаведна, не столькі "фальклорным голасам" усяго народа, колькі - голасам самога Шапэна.

 А літаральна праз некалькі дзён амаль тыя ж самыя творы выконвалі беларускія музыканты: спевакі Святлана Старадзетка, Галіна Сакольнік, Андрэй Хмызаў, піяністы Юлія Архангельская і Алена Асташкіна-Мысліўчык. І гучалі яны ў іх зусім іначай: бы голасам усёй Польшчы, суседкі Беларусі.