У пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Дзмітрыя Нуянзіна юныя гледачы пазнаёміліся са спектаклем “Маленькая фея” В.Рабадана. Спектакль, вырашаны ў традыцыйнай шырмавай манеры, распавядае дзецям гісторыю пра вызваленне добрай маленькай Феі з палону злобнага карліка Футы-Нуты і пра тое, што нельга думаць адно толькі пра ўласныя патрэбы і жаданні, але не варта забывацца і на тое, што побач з табою заўсёды знойдзецца хтосьці, каму твая дапамога вельмі-вельмі патрэбна. Сцэна са спектакля "Маленькая фея".
Другі дзіцячы спектакль — “Спяваючае парася” С.Казлова ў пастаноўцы маладога рэжысёра Аляксандры Пацэй распавядае пра прыгоды вясёлага парася, якое збягае ў лес ад сваёй “сяброўкі” бабкі Шмялёвай, сустракае там новага сябра — зайца і разам з ім ратуецца ад ваўка. А пазначаны спектакль як “гісторыя нашых дзён”, разыграная... работнікамі завода па вытворчасці тушонкі.
А для дарослага гледача брэсцкія лялечнікі прадставілі спектакль “Халстамер. Гісторыя каня” паводле Л.Талстога. Спектакль гэты паставіў у брэсцкім тэатры малады расійскі рэжысёр Руслан Кудашоў, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі “Залатая маска — 2003”. Гэта першая пастаноўка знанага твора Талстога ў тэатры лялек. І галоўная тэма спектакля — павагі да прыроды і сусвету, выразілася тут не ў простай “любові да яе”, а ў разуменні і прыняцці ўсіх тых законаў і праяў, што валадараць у сусвеце і ў жыцці кожнай жывой істоты, у стаўленні да іх без уласнай “ацэначнасці”. Дарэчы, у 2006 годзе “Халстамер” стаў пераможцам Х Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Празе (Чэхія) і атрымаў Гран-пры фестывалю.
Таццяна КОМАНАВА