Чым Зямля жывіцца?

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Рэпартаж з музычнага “сэрца” Міншчыны

 

Спевы птушак, пошум лесу, шапаценне дажджу, грукат грому, звон цішыні - усё гэта існуе ў прыродзе. І той, хто ўмее чуць такія гукі, атрымлівае асалоду ад мелодый Зямлі. А якія яны, восеньскія напевы нашай Зямлі-матухны? Іх можна было пачуць 9 кастрычніка ў Мар'інай Горцы, дзе ў дзявяты раз праходзіў фестываль народнай творчасці "Напеў зямлі маёй", арганізаваны ўпраўленнем культуры Мінскага аблвыканкама. Адбыўся ён у рамках Рэспубліканскай акцыі "Беларусь - гэта мы!"

Міншчына славіцца сваімі народнымі талентамі. І "Напеў зямлі маёй", як сведчыць досвед папярэдніх форумаў, сапраўды павышае ролю народнай творчасці ў сацыякультурным складніку жыцця вобласці. А калі казаць непасрэдна пра творчыя здабыткі ў галіне культуры, дык нельга не згадаць пра істотнае павышэнне ўзроўню выканальніцкага і сцэнічнага майстэрства шырокага спектру разнажанравых калектываў аматарскай творчасці, падтрымку іх таленавітых кіраўнікоў і ўдзельнікаў, узбагачэнне рэпертуару лепшымі ўзорамі народнай творчасці, работамі прафесійных і самадзейных беларускіх аўтараў, захаванне асаблівасцей народнай творчасці рэгіёнаў вобласці... Усе гэтыя аспекты, на якія форум уплывае наўпрост, гучалі цягам фестывалю з вуснаў членаў журы. І, як давялося пераканацца, зусім не беспадстаўна.

"Хвіліны шчасця дапамагаюць перажыць гадзіны нягод у жыцці кожнага з нас", - гэтыя філасофскія словы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі найбольш дакладна характарызуюць атмасферу фестывалю ў Мар'інай Горцы.

 Ідэя правядзення мар'інагорскага фестывалю належыць Ігару Лучанку. Народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, прафесар, Ігар Міхайлавіч узначальвае журы, у складзе якога - намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Дрынеўскі, народная артыстка краіны Марыя Захарэвіч, дырэктар Мінскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама Галіна Ляйко, кандыдат філасофскіх навук Антон Марэцкі...

На плошчы перад Палацам культуры размясціліся народныя ўмельцы: ткачы і бондары, майстры саломкапляцення і кулінары - усіх, бадай, не пералічыш. На адкрытай эстрадзе самадзейныя калектывы сваімі песнямі запрашалі ў карагоды ўсіх ахвотных. А іх аказалася нямала: плошча спявала і танцавала.

У цудоўным Палацы культуры да позняга вечара праходзіў бенефіс лепшых калектываў вобласці. Іх выступленні аб'ядналі не толькі майстэрства і прафесіяналізм - атмасфера энтузіязму панавала ў самой зале. Шчырыя гледачы апладзіравалі з неверагодным запалам.

З першых сваіх крокаў "Напеў зямлі маёй" адчувае ўвагу, падтрымку з боку Мінаблвыканкама. Дзякуючы ім удзельнікі кожнага чарговага форуму народных талентаў акрамя спецыяльных дыпломаў атрымліваюць і каштоўныя прызы. Вось і сёлета папраўдзе каралеўскі падарунак - аўтобус "Нёман" - заслужыў Узорны эстрадны аркестр Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Льва Канапляніка, што ўганараваны Гран-пры дзявятага па ліку "Напеву...".

Народны вакальны ансамбль "Пліса" Дома культуры Смалявіцкай птушкафабрыкі, народны інструментальны ансамбль "Нясвіжскія лыжкары" Нясвіжскага РЦКіА, народны аркестр баяністаў і акардэаністаў "Лад" Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, народны ансамбль беларускай музыкі "Дружбакі" Дружненскага СДК Пухавіцкага раёна ўзнагароджаны камп'ютарамі для студыі гуказапісу, народны ансамбль танца "Крупіца" Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага раёна - шматтэмбравым баянам "Зонта", уладальнікі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені - камп'ютарамі, тэлевізарамі з DVD-прайгравальнікамі. Наогул, ніводзін з 26 таленавітых удзельнікаў сёлетняга "Напеву зямлі маёй" не застаўся па-за ўвагай журы.

- "Когда душа поёт и просится сердце в полёт..." Словы гэтай песні характарызуюць атмасферу фестывалю. "Напеў зямлі маёй" пацвердзіў невычарпальную энэргію жыцця маіх землякоў. Я ад'язджаю ў Мінск не толькі з падораным караваем, але і з творчым натхненнем,- сказаў Ігар Лучанок.

 У тым ліку і яго музычная спадчына з'яўляецца каштоўнай крыніцай і каталізатарам развіцця мастацкай аматарскай творчасці. ...

А што спяе зямля Міншчыны ў наступным годзе? Пачуем на дзесятым, юбілейным, фестывалі.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Мар'іна Горка - Мінск

Фота аўтара 

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф