“Не верце мне!”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Апакаліпсіс у лялечным доме

 

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек на пачатку новага сезона прапанаваў сваім гледачам прэм'еру спектакля "Драй швэстэрн" па матывах драмы Антона Чэхава "Тры сястры". Спектакль гэты не проста выклікаў шырокі рэзананс у тэатральных колах - ён стаўся доўгачаканым святам з'яўлення такога рэдкага для айчынных падмосткаў інтэлектуальнага тэатра, дзе галоўнай дзеючай асобай з'яўляецца пульсуючая творчая думка, што літаральна з першых хвілін захоплівае цябе ў палон і не адпускае ажно да фінальных акордаў. "Драй швэстэрн" - своеасаблівае заканчэнне чэхаўскай трылогіі, якую распачаў рэжысёр Аляксей Ляляўскі на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек "Вішнёвым садам" і "Чайкай"; з усіх трох пастановак "Драй швэстэрн", бадай, самы лірычны, але, адначасова, і самы трагічны.

 Чаму ж арыгінальная назва спектакля была зменена на нямецкую? У полі ўвагі рэжысёра - глабальныя працэсы злому векавой культуры, якія адбываюцца не ў адной асобна ўзятай сям'і, а ва ўсім грамадстве. Ці ж можна тут абмежавацца адно толькі пошукамі вінаватых і не задацца пытаннем: "Што рабіць?"?

З няўмольнай і жорсткай відавочнасцю рэжысёр дэманструе нам, што знакамітае чэхаўскае: "У Маскву, у Маскву!" тычыцца не простага перамяшчэння ў прасторы, для чаго дастаткова толькі сабрацца і купіць білеты ў той або іншы пункт. Немагчымасць гэтых уцёкаў паўстае з таго, што Масква гераінь, у якую яны так імкнуцца, засталася ў іншым часе, і білет у мінулае ім наўрад ці ўдасца набыць. Што ж з такой настойлівасцю не проста цягне, а- гоніць сёстраў з гарадка, у якім яны правялі ўжо адзінаццаць гадоў і, відаць, мелі дастаткова часу для таго, каб прызвычаіцца да яго рэалій? Банальны - але такі жахлівы- страх! Страх перад тым жыццём, што акружае іх, перад прадчуваннем вялікай, глабальнай катастрофы, дзе чалавек з'яўляецца толькі маленькай, нязначнай лялькай, на якую ніхто не зважае ўвагі. І хаця п'еса была напісана Антонам Чэхавым у 1900-м, за чатырнаццаць гадоў да пачатку Першай сусветнай вайны, рэжысёр дае нам яе вострае, амаль панічнае, прадчуванне, прычым не толькі на візуальным узроўні, але і праз музычны шэраг спектакля (кампазітар - Ягор Забелаў).

Разам з мастаком Таццянай Нерсісян Аляксей Ляляўскі яскрава дэманструе нам, як змяніўся свет сёстраў. На авансцэне, непадалёк ад цацачных фігурак Сабора Васілія Блажэннага і Маскоўскага універсітэта,- маленькі лялечны домік, дзе ўсё ўтульна і хораша. Побач з ім - тры гожыя лялькі, прыгажуні і модніцы- дарагія цацкі канца ХІХ стагоддзя. Гэткімі ж лялькамі паўстаюць перад намі і гераіні Яны Агеенка (Вольга), Святланы Цімохінай (Маша) і Юліі Марозавай (Ірына). Вось толькі, "сучасныя", яны страцілі свой лоск, абтрапаліся, а спакой і радасць сышлі з іх твараў, саступіўшы месца нервовай напружанасці. І трагедыя іх, з пункта гледжання рэжысёра, палягае зусім не ў плоскасці асабістага жыцця, якое не ўдалося ні ў адной з іх. Самае страшнае - яны не могуць упісацца ў новую "гульню часу" з яе жорсткасцю і бескампраміснасцю, баяцца яе і адчайна мараць хаця б на хвілінку вярнуцца ва ўтульныя дзіцячыя калыскі з мяккай коўдрачкай, дзе цябе перад сном ласкава пагладзяць па галоўцы і пажадаюць: "Дабранач!"... На іх фоне Андрэй у выкананні Аляксандра Янушкевіча нагадвае плюшавага мядзведзіка, якому з-за сваёй бесхрыбетнасці не так і важна, дзе і як жыць. Толькі аднойчы, у самым фінале, ён, убачыўшы любімых і памятных з дзяцінства сваіх сёстраў, у адчаі просіць лялек: "Не верце мне!.."

У свой час, калі ў знакамітых "Трох сёстрах" Э.Някрошуса Вяршынін у выкананні А.Латэнаса выйшаў на сцэну ў нямецкім шынялі, у колах крытыкаў узнялася, не раўнуючы, дзевяцібальная хваля абурэння гэткім рэжысёрскім крокам. Што ж, ваенныя ў спектаклі Ляляўскага не менш нечаканыя. Яны ніякім чынам не прэтэндуюць на вобраз таго знакамітага афіцэрства, якое славілася не толькі выпраўкай, але і сваім высакародствам: перад намі - "пушачнае мяса", "работнікі вайны", у знешнім выглядзе якіх нельга ўгадаць не толькі вайсковыя адрозненні, але і іх былое, чалавечае, аблічча. Яны, абадраныя і неахайныя, быццам бы трапілі ў ціхі гарадок з перадавой адно толькі дзеля невялічкай перадышкі перад чарговым боем. І ўсе іхнія ўзаемаадносіны будуюцца вакол дэманстрацыі ўласнай моцы. Галоўнае - атрымаць наталенне сваім першасным інстынктам, што абсалютна пазбаўляе іх знакамітага высакародства чэхаўскіх герояў і набліжае да персанажаў бабелеўскай "Конарміі". У гэтым сэнсе і Вяршынін у выкананні Цімура Муратава - зусім не рамантычны герой, а менавіта - батарэйны камандзір. Акурат камандзірскія замашкі, што літаральна ўсе ягоныя маналогі "кладуць" на матыў агітацыйнай прамовы, і прыцягваюць да сябе Машу, якая не проста "закахалася" нечакана для сябе, а паверыла, што ў вачах гэтага чалавека яна зможа адчуць сябе жанчынай.

Сцэнічнае існаванне чэхаўскіх персанажаў максімальна пазбаўлена і знакамітых паўтонаў і падтэкстаў - здаецца, усё адбываецца настолькі відавочна, што не заўважаць гэтага немагчыма. Аднак нават смерць на дуэлі Тузенбаха (Дзмітрый Рачкоўскі), якую ён тройчы "паўтарае" проста на авансцэне, на вачах ва ўсіх астатніх, зусім не выклікае эмоцый у іншых: "Адным баронам болей, адным меней..." І раптам становіцца зразумела, што нікому няма спраў ні да чога і ні да кога: на нашых вачах разгортваецца сапраўдны апакаліпсіс чалавечых душ, прымушаючы гледачоў задумацца над тым, што самая вялікая каштоўнасць у жыцці - душэўная цеплыня і неабыякавасць да бліжняга. На здымку: сцэны са спектакля "Драй швэстэрн".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА