“Карнавал…” у Брэсце

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Навучэнцы Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа ў рамках акцыі "Творчасць юных — роднай Беларусі” далі канцэрт у Брэсце.

 

Перад гледачамі, у зале ГДК, дзе праходзіла творчае мерапрыемства, выступіла дырэктар навучальнай установы Зорыя Дусенка. Падзякаваўшы за цёплы прыём, яна паведаміла, што ўсіх ахвотных вучыцца балету будзе рада бачыць у сценах сваёй навучальнай установы (за гадзіну да пачатку канцэрта можна было прывесці сваё дзіця для папярэдняга вызначэння балетнай фактуры, знешніх прафесійных даных).

У першым аддзяленні гледачу былі прадстаўлены ўрывак з балета Л.Мінкуса "Дон Кіхот" і шэраг канцэртных нумароў. Тут і "Вальс" М.Глінкі, і варыяцыя прыгожай Эсмеральды, і вясёлая беларуская полечка, і дуэт з балета Ц.Пуні "Карнавал у Венецыі", усім знаёмы Танец маленькіх лебядзяў... Другое аддзяленне - 2 акт балета П.Чайкоўскага "Шчаўкунок".

Вядучыя партыі выконвалі навучэнцы, у асноўным, 4-га - выпускнога - курса: лаўрэаты міжнароднага конкурсу Юлія Алейнік і Елізавета Баркалава, Таццяна Савіцкая, Джулія Байгабылава, Кірыл Байдук, Ігар Субоцін, а таксама Ягор Петрыкаў, Марыя Кулікова, Дзіяна Камінская, Аляксандр Амельчанка, Мiку Сузукi.

Самі ўдзельнікі хваляваліся: гэта першы канцэрт пасля летняга адпачынку, і многія партыі выконваліся студэнтамі ўпершыню. Выступленне аказалася паспяховым, дзякуючы стараннасці і, несумненна, прафесійнай рабоце настаўнікаў - у мінулым артыстаў балетнай сцэны - народных артыстак краіны Ніны Давыдзенка, Клары Малышавай, Ірыны Савельевай, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксандра Калядэнкі, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фурмана, Сяргея Пясцехіна, Марыны Пятровай і педагогаў Наталлі Катомінай, Паўла Кацельнікава.

Дырэкцыя каледжа плануе доўжыць тур. Зазначым, у мінулым навучальным годзе паспяхова прайшлі канцэрты ў Віцебску, Баранавічах, Вілейцы, а на чарзе - Гомель і Гродна.

Джулія БАЙГАБЫЛАВА, навучэнка Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа