Трапіць у “...Акорд”, або Пачаць кар’еру з… конкурсных бар’ераў

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

У Жодзіне адбыўся ІХ Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў і маладзёжнай музыкі “Белазаўскі акорд”. З 54 прэтэндэнтаў аргкамітэт выбраў 15. Усяго ж за гады існавання гэтага спаборніцтва ў ім удзельнічалі 311 спевакоў і вакальных ансамбляў з 58 населеных пунктаў нашай краіны і блізкага замежжа.

 

 Але не будзем "правяраць" мастацтва матэматыкай! Лепей - паэтычнымі параўнаннямі. Да прыкладу, такім, агучаным у кулуарах конкурсу. Маўляў, у той час, як магутныя грузавікі, што сыходзяць з канвеера "БелАЗа", працуюць па ўсім свеце ў кар'ерах (у тым ліку золатаздабыўных), у Палацы культуры гэтага машынабудаўнічага прадпрыемства не стамляюцца "здабываць" спеўна-песенныя залацінкі. Сапраўды, назбіралася іх ужо на цэлы пярсцёнак. Лаўрэат "Славянскага базару ў Віцебску" Дзяніс Вяршэнка, фіналіст праекта "Новыя галасы Беларусі" Аляксандр Маркевіч, салістка Тэатрастудыі Ірыны Дарафеевай Інга Кісялёва, удзельніца некалькіх маладзёжных калектываў Аляксандра Захарык - усе гэтыя і многія іншыя імёны ўпершыню былі адкрыты менавіта на жодзінскім "Белазаўскім акордзе".

Сёлета "зорнае суквецце" папоўніла Sonika - навучэнка Мінскага каледжа мастацтваў Ксенія Жук. Ці стане яна ў гэтым "акордавым" сузор'і сапраўдным сонейкам? Пытанне не астранамічнае, а творча-эканамічнае. У дзяўчыны багата юначага задору, артыстызму, імкнення да джазавай манеры. Наперадзе, як уяўляецца, - пошук больш разнастайных адценняў дынамікі і тэмбру. Першы крок да магчымай зорнасці спявачкі зрабіла журы, аддаўшы Першую прэмію, і публіка, паралельна прагаласаваўшы за Прыз глядацкіх сімпатый. Сімптаматычнае супадзенне, ці не так? Дадамо, што ў складзе журы былі такія прафесіяналы, як кампазітары Леанід Захлеўны, Алег Елісеенкаў, паэт Уладзімір Карызна, Аляксандра Кірсанава са знакамітага дуэта "Аляксандра & Канстанцін", кампазітар і прадзюсер Сяргей Ждановіч, а таксама прадстаўнікі ФПБ, Абласнога метадцэнтра народнай творчасці. Узначальваў журы народны артыст краіны, кампазітар Эдуард Зарыцкі.

Сярод запамінальных конкурсных момантаў - харэаграфічна-пластычная ўверцюра, пабудаваная на "збіранні" кампакт-дыскаў з падлогі і раяля пад час брэйка. Здзівілі і надзвычай крэатыўны прэзентацыйны ролік мінчанкі Юліі Яглейка (прыз "За выканальніцкую самабытнасць"), песня "Мама" Валерыя Галаўко на словы Алены Туравай, што адразу "прыўзняла" полацкі вакальны гурт "Світанне", "Зараніцы" Дзмітрыя Даўгалёва на словы Уладзіміра Пецюкевіча, удала выкананыя магілёўскім дуэтам "Chay Time" (Другая прэмія і бясплатная фотасесія ад прадзюсерскага цэнтра). Відавочны і прафесійны рост Канстанціна Тэўрызава з Оршы, якога даводзілася чуць на іншых спаборніцтвах (Другая прэмія), вольнае, з асаблівым святлом у вачах і добра прадуманай драматургіяй, выступленне Яўгена Доліча з Чэрвеня (Трэцяя прэмія), адметнасць асобы Джамілі Шагідзевіч з Гродна...

Тым не менш, сёлетні "Белазаўскі акорд" нельга было назваць выключным, лепшым за ўсе ранейшыя. Дастаткова роўны склад канкурсантаў вымусіў журы, з аднаго боку, не прысуджаць Гран-пры. З другога ж- канстатаваць папраўдзе прафесійны агульны ўзровень і, як наступства, дапусціць да ўдзелу ў заключным гала-канцэрце... абсалютна ўсіх удзельнікаў. Папярэдні адбор канкурсантаў, які вядзецца аргкамітэтам, не толькі палягчае працу журы. Ён дазваляе высока трымаць імідж самога конкурсу, не дазваляе звычайнай навучанасці ўзяць верх над неапрацаванай прыроднай адоранасцю, як, здараецца, бывае, калі пасля працяглых аматарскіх спроб чуеш, нарэшце, першае больш-менш прафесійнае выступленне.

Вельмі важнай асаблівасцю жодзінскага конкурсу з'яўляецца выкананне беларускай песні- беларускіх аўтараў на беларускай мове. Больш за тое: конкурс адначасова праводзіцца і сярод кампазітараў, закранаючы не іх творчую класіку, а менавіта прэм'еры. Сёлета лепшай песняй была прызнана "Балада" Уладзіміра Курловіча, які даўно ўжо супрацоўнічае і з Беларускім радыё, і з эстраднымі салістамі. Пэўна, у будучыні конкурсу трэба было б падумаць і пра спецыяльны Прыз лепшаму аранжыроўшчыку (сёлета ім, безумоўна, мог быць прызнаны Андрэй Пастэрнак, які прапанаваў тонкую акапэльную аранжыроўку народнай "Рэчанькі"). Конкурс аранжыровак неабходны яшчэ і таму, што намецілася наступная тэндэнцыя: часам кіраўнікі шматлікіх эстрадных студый і іншых устаноў, якія займаюцца эстраднай падрыхтоўкай, шукаюць не рэпертуар для сваіх выхаванцаў, а, наадварот, прыстасоўваюць напрацаванае пад новых спевакоў, вымушаючы тых не шукаць сваю адметнасць, а "ўпісвацца" ў гатовыя апрацоўкі.

Яркі беларускі складнік "Белазаўскага акорда" высвеціў і такую праблему айчыннай эстрады, як "напаўфальклорнае", "вуснае" распаўсюджванне беларускага рэпертуару. Гаворка - пра некаторыя выпадкі, калі нават па Нацыянальным радыё песні часта гучаць "ананімна", без аўтарства, і гэтак жа трапляюць у альбомы нашых зорак. Дык як жа слухачы будуць ведаць творцаў? Пачаткоўцы бяруць у рэпертуар песні ледзь не выключна "на слых", пры гэтым, здараецца, блытаюць словы. А калі арганізатары таго ж "Белазаўскага акорда" просяць пазначыць імёны стваральнікаў, блытаюць і іх.

Пакуль жа - каб вы толькі ведалі, як намучыўся старшыня аргкамітэта, дырэктар Палаца культуры "БелАЗа" Генадзь Смольскі, калі выпісваў на відэаэкране і конкурсным кампакце (а выпуск альбома, які атрымліваюць удзельнікі пры развітанні, ужо стаў добрай "белазаўскай" традыцыяй) поўныя "выхадныя даныя" кожнай песні... Кампазітарам застаецца хіба самім прымяраць ролю выканаўцаў. Выступіў у Жодзіне той жа Алег Елісеенкаў - і нават знаўцы здзівіліся: маўляў, аказваецца, знакамітая "Крынічанька" - ягоная песня...

Фота Андрэя ЯРОЦКАГА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"