Аб нечым большым

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Выстаўка чатырох маладых беларускіх мастачак — Ірыны Ясюкайць-Дударавай, Соф’і Піскун, Таццяны Грыневіч і Таццяны Казанцавай — адкрылася днямі ў Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Кожная з унікальным асабістым почыркам, разам яны стварылі цэласную экспазіцыю “Гербарый часу”.

 

Сучасная жанчына можа адначасова аналізаваць і рамантычна выплёскваць пачуцці. А таксама - добра валодаць жывапісным або графічным майстэрствам. Вернісаж невыпадкова быў надзвычай шматлюдным: бачна, што творцы не толькі цікавыя сваімі работамі, але і асобы вельмі актыўныя. Народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выстаўкі: "Прыемна бачыць, як развіваюцца нашы колішнія студэнткі. Яны маюць свае галасы. Цікавы найперш свет, які гэтыя мастачкі імкнуцца раскрыць: ён - жаноцкі, тут вельмі інтымныя адносіны з асяроддзем. І толькі пасля ўжо звяртаеш увагу на добрую кампазіцыю, колеравую гаму, іншыя моманты. Жадаю ім і надалей радаваць нас сваёй шчырасцю".

 Найбольш абстрактныя выявы - у Таццяны Грыневіч. Яе празрыста-атмасферныя, нібы з аблокаў, акварэлі адлюстроўваюць тое, чаго не бачаць астатнія ("Шум, або Сны аб нечым большым", "Два бакі"). Узнёслая дэкаратыўнасць тут - не для паказу рэальнасці, а каб падзяліцца нейкай таемнай думкай. Таццяна Казанцава падалася графікам больш "практычным", стрыманым ва ўласных эмоцыях: яна назірае за часам, за тым, як змяняюцца людзі, як яны адчуваюць сябе ў ім. Разнастайнымі адценнямі чорнага і белага мастачка перадае пакуты і спакой, нецярплівасць і засяроджанасць іншых.

 Ірына Ясюкайць-Дударава - адзіная, хто на выстаўцы прадставіла жывапіс. Зварот да традыцыйнай, класічнай карціны, уменне ствараць гарманічныя партрэты падтрымліваліся невялікім "колеравым колазваротам". Да таго ж, у многіх з работ адчуваецца сюррэалістычнасць - сапраўдная, нязмушаная, што дадае творцы вагі. А Соф'я Піскун, можна сказаць, вынайшла сваю тэхніку: яе афорты ў кампазіцыі з засушанымі кветкамі і васьмірадкоўямі вершаў могуць стварыць сапраўдны гербарый. Стыль, гумар, сур'ёзнасць ("Ноч") і крыху дзіцячая непасрэднасць ("Усяго табе...") затрымліваюць каля твораў. Іх чытаем як старонкі кнігі.