Ідэя для краявіда

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Аб’ектам увагі членаў Беларускага саюза мастакоў гэтым разам стаў Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці. І месца правядзення мастацка-асветніцкага праекта абрана невыпадкова.

 

Менавіта тут, на тэрыторыі сучаснага гарадскога пасёлка, на пачатку ХІХ стагоддзя ў сваім маёнтку жыў беларускі мастак Ян Лапацінскі. Мецэнат мастацтва і калекцыянер захапляўся малюнкам і дробнай скульптурай. У культурнай гісторыі краіны ён вызначыўся перш за ўсё сваімі гравюрамі па медзі. Праект, прысвечаны памяці дзеяча культуры Шаркаўшчыны, аб'яднаў самых цікавых і таленавітых людзей рэспублікі, якія і вырашылі арганізаваць гэты творчы эксперымент. А Шаркаўшчынскі райвыканкам падтрымаў ідэю правядзення мерапрыемства.

Увесь тыдзень на пачатку кастрычніка мастакі з розных куткоў краіны працавалі на тэрыторыі нашага раёна. Выніковая выстаўка завершыць мастацкі пленэр у гарадскім пасёлку. Як паведаміў аўтар і каардынатар праекта, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч, лепшыя творчыя работы з выявамі шаркаўшчынскіх краявідаў упрыгожаць у снежні адну з карцінных галерэй Мінска.

А многія творы сучасных беларускіх мастакоў застануцца на гасціннай зямлі Паазер'я: іх плануецца перадаць аддзелу культуры райвыканкама ў якасці падарунка.

 Вольга СТАШЭЎСКАЯ

Шаркаўшчына

 На здымку: беларускія мастакі і мясцовыя краязнаўцы разам з начальнікам аддзела культуры