Калодзеж надзей

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Адчуць прыгажосць жыцця, каб зрабіць сябе лепшым, больш высакародным — менавіта з гэтай мэтай прадстаўнікі Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Прафесійная творчая АРЦЕЛЬ мастакоў” адкрылі ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва выстаўку “SOS! Ратуйце нашы душы!”.

 

Сёлета ўдзел у традыцыйнай ужо выстаўцы прынялі Рыгор Несцераў, Уладзімір Ганчарук, Валянцін Губараў, Рыгор Іваноў, Сяргей Рымашэўскі, Алена Шлегель, Сяргей Малішэўскі, Мацвей Басаў, Сяргей Пісарэнка, Аляксандр Забаўчык, Васіль Касцючэнка. Цяжка сабе ўявіць яшчэ адну экспазіцыю, дзе сустрэліся б такія розныя жывапіс і графіка. Адны работы выклікаюць усмешку, іншыя пагружаюць у калодзеж напаўзабытых надзей; то перад табой у хісткім тумане мрояцца загадкі, што яшчэ не набылі ясных абрысаў, і раптам побач заўважаеш дёрзкі ўсплёск мізансцэн рэальнага жыцця. Як зазначыў Васіль Касцючэнка: "Мы ўсе - розныя. Аб'ядноўвае нас жаданне выйсці за межы формы і плоскасці. Выйсці з палону тэндэнцый і эталонаў у прастору, якую хочацца асэнсаваць і адчуць. У ёй колер набывае значэнне свету, што ў сваім адзінстве, праламляючыся праз нашы розныя лёсы, атрымлівае шматгалоссе і шматаблічча".

І ўсё ж, пры ўсёй гэтай непадобнасці аўтараў, экспазіцыя стварае адчуванне еднасці. Зернем кожнага палатна становіцца звычайны чалавек, якому не выжыць без любові, прыгажосці, душэўнай цеплыні і высокай маральнай культуры.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"