Казка працягваецца

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Веснавы красавік падарыў усім гледачам Магілёўскага абласнога тэатра лялек — і маленькім, і дарослым — яркае, вясёлае, музычнае свята — прэм’еру спектакля “Канцэрт у тэатры Карабаса”.

 /i/content/pi/cult/122/481/Buratino.jpg
 Сцэна са спектакля “Канцэрт у тэатры Карабаса”.
— Як нарадзілася ідэя гэтага спектакля? — запыталіся мы ў галоўнага рэжысёра тэатра лялек Вячаслава Корнева.
— Неяк мы вырашылі парадаваць нашых юных гледачоў на навагоднія святы іх любімымі героямі і аніміравалі, дакладней, “ажывілі” такіх легендарных і харызматычных казачных персанажаў, як Карабас Барабас, Мальвіна, П’еро, Артэмон... Свята атрымалася, але ж тэатр моцны тым, што святы ў ім могуць здарацца незалежна ад календара.
— Але ж у спектаклі фігурыруюць і персанажы зусім не “класічныя” — Кракадзіл, Пятрушка. Гэта што, новае прачытанне казкі Талстога?
— Па-першае, Бураціна (чытай — Пінокіё), П’еро, Арлекіна прыдумаў зусім не Талстой. Гэта народныя героі італьянскага лялечнага кірмашова-балаганнага жанру. Па-другое, калі знакамітыя хрэстаматыйныя персанажы пачынаюць жыць, дзейнічаць па-за межамі класічнага сюжэта, гэта спрыяе яшчэ і развіццю фантазіі, пашырэнню свядомасці ў нашых гледачоў. Гэта і весела, і карысна.
Сапраўды, пасля прагляду спектакля на душы было весела і светла. Тым больш, што прэм’ера супала са святым Дабравешчаннем. Добры настрой гледачам стварыла цудоўная музыка беларускага кампазітара Анатоля Кандыбы, які шмат супрацоўнічае з Магілёўскім тэатрам лялек. Яркая сцэнаграфія, касцюмы і лялькі мастака-пастаноўшчыка Галіны Ігнацьевай вобразна і праўдзіва стварылі атмасферу кірмашовага балаганчыка, у якім і адбываюцца прыгоды герояў.
Такая свабодная жанравая форма “at libitum” дазволіла акцёрам імправізаваць, жартаваць, размаўляць з гледачамі, што прынесла немалое задавальненне дзецям, а яшчэ большае — іх бацькам.Сапраўднымі майстрамі імправізацыі сталі вядомыя і любімыя гледачамі акцёры — Мікалай Сцешык (Карабас Барабас), Таццяна Зелікава (Мальвіна), Таццяна Фёдарава (Бураціна), маладыя акцёры Яўген Смаляр (Артэмон), Наталля Кудзіна (П’еро) і Вольга Яфрэмава (Пятрушка).
Але канцэрт у знакамітым тэатры Карабаса Барабаса працягваецца. Запрашаем! 

Людміла МАЦКЕЛА
Магілёў