“Харошкі” на плошчы Еўропы

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

У складзе беларускай дэлегацыі на Сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2010” у Шанхаі быў наш знакаміты харэаграфічны ансамбль “Харошкі” на чале з народнай артысткай Беларусі Валянцінай Гаявой. Частка артыстаў ужо вярнулася ў Мінск, другая працягвае выступленні і завершыць іх у Пекіне — ужо ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Кітаі.

 

- Чатыры канцэрты "Харошак", - распавёў дырэктар ансамбля Анатоль Нікіта, - прайшлі з феерычным поспехам, цікавасць да беларускага павільёна - пастаянная: бясконцы паток гледачоў, тэлездымкі. І гэта прытым, што канкурыраваць нам было з кім! Мы выступалі і на плошчы Еўропы, ля беларускага павільёна (гэтая адкрытая пляцоўка сабрала каля пяці тысяч гледачоў), і ў зале пад час гала-канцэрта адкрыцця выстаўкі (сумесна з Беларускім дзяржаўным ансамблем "Песняры" і зоркай дзіцячага "Еўрабачання" Андрэем Кунцом), і непасрэдна ў нашым павільёне.

Дарэчы, спецыяльна да гэтай паездкі музычны кіраўнік калектыву Уладзімір Гінько напісаў новую апрацоўку беларускай народнай песні "Саўка ды Грышка": маўляў, яе героі наведваюць розныя краіны, у тым ліку Кітай, адпаведна "ў кітайскім стылі" гучыць і вядомая мелодыя. Трэба было бачыць, якім фурорам суправаджалася выкананне! Дый увогуле, наш павільён - сапраўдны твор мастацтва, вельмі эфектна глядзіцца бусел, што не проста сядзіць у гняздзе, а лётае. А ўсё гэта разам - адна з найлепшых рэклам нашай краіны ў свеце.