Як пабачыць Іерусалім?

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

13 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі вядомага ізраільскага фотамастака Леаніда Падруля “Цень Іерусаліма”. На мерапрыемстве прысутнічаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

 

Як адзначыў у сваім выступленні кіраўнік Міністэрства, культурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ізраілем дынамічна развіваецца. У якасці прыкладаў Павел Латушка назваў выступленне ізраільскай балетнай трупы ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, а таксама Дні Ізраільскага кіно ў Беларусі.

 - Мне падаецца сімвалічным тое, што ў віхуры стагоддзяў беларускі і ізраільскі народы былі разам. Яны ўзаемна ўздзейнічалі на развіццё сваіх культур, тварылі сумесную культуру, укладваючы ўсё самае лепшае, самае багатае, самае высокае, што ёсць у народаў. Усё гэта абумоўлівае нашы стасункі на сённяшнім этапе развіцця паміж незалежнай Беларуссю і незалежным Ізраілем, - адзначыў міністр культуры.

 Павел Латушка таксама паведаміў пра тое, што ўжо рыхтуецца візіт у Ізраіль дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея і выступленне ў гэтай краіне Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі". Таксама магчымая рэалізацыя сумеснага праекта нашых краін у сферы дакументальнага кіно.

Выстаўка "Цень Іерусаліма" арганізавана пры дапамозе Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь. На ёй прадстаўлена каля 40 фотаздымкаў. Галоўная мэта выстаўкі, па словах самога мастака Леаніда Падруля, заключаецца ў тым, каб праз пейзажы звярнуцца да ўнутранага свету чалавека, зацікавіць яго гісторыяй тых падзей, што мелі месца ў біблейскія часы, і сучаснасцю Ізраіля.