Веснавыя падарункі

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Сёлетняя вясна для Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне выдалася надзвычай “прэм’ернай”.

Першым сцэнічным падарункам для маладзечанскіх гледачоў стала тэатральная пастаноўка “Вандраванне ў далёкую Краіну казак” па п’есе расійскага драматурга Міхаіла Варфаламеева, якую паставіў галоўны рэжысёр тэатра Юрый Вута. Гэта спектакль быццам бы пра лялек, але лялечныя персанажы цікавыя тым, што ў кожнага з іх ёсць свая гісторыя ўзаемадносін з людзьмі, і адносіны гэтыя не заўсёды былі для лялек станоўчымі.
Cпектакль атрымаўся не зусім для маленькіх, а, хутчэй, для сямейнага прагляду — яго асноўнай тэмай стала барацьба “лялечнай суполкі” з чалавечай хцівасцю і сквапнасцю. Да таго ж, стваральнікі спектакля засталіся вернымі вядомаму творчаму прынцыпу, што для дзяцей і пісаць творы, і ставіць спектаклі трэба так сама, як і для дарослых, толькі яшчэ лепш. Дастаткова сказаць, што ў прэм’ерным спектаклі занятыя вядучыя акцёры тэатра: непараўнальнай Скарбоначкай-Кнокам стала майстар сцэны Алена Рахмангулава, якая ў каторы ўжо раз даказала, што ва ўвасабленні сцэнічнага вобраза для яе няма нічога немагчымага. Сяргей Карзей выдатна перадаў характар ката Васіла, навучанага людзьмі нікому не давяраць. Запомніцца гледачам праставаты і даверлівы сабака Ануфры ў выкананні Людмілы Рошчынай і лялька Мальвіна Ірыны Кляпацкай. А ролю сквапнага старызніка Хлама ўвасобіў “патрыярх” маладзечанскай сцэны Барыс Донін. Гэты спектакль стаў яшчэ і добрай творчай школай для маладых акцёраў, паколькі рэжысёр падрыхтаваў для спектакля два акцёрскія саставы.
 /i/content/pi/cult/122/479/Zabava.jpg

Сцэна са спектакля “Забава”.

Другая прэм’ера — сумесны творчы праект тэатра з Польскім інстытутам у Мінску — спектакль паводле п’есы вядомага польскага драматурга Славаміра Мрожака “Забава”. Здзейсніў пастаноўку рэжысёр Ігар
Блінкоў, які адначасова з’яўляецца і каардынатарам праектаў Польскага інстытута ў галінах тэатральнага мастацтва і кіно. У спектаклі трое маладых людзей спрабуюць знайсці весялосць і свята “на дурніцу”. На першы погляд, ну і што тут такога — звычайная чалавечая прага да забавы, але камедыя паступова пераходзіць у філасофскую прытчу, і высвятляецца, што ў пана Мрожака не ўсё так проста...
Як зазначыў рэжысёр спектакля Ігар Блінкоў, уся “Забава” разгортваецца вакол сітуацыі, калі людзі згубілі, так бы мовіць, унутраную духоўнасць. Героі спектакля ўвесь час задаюцца пытаннем: ці ёсць дзе-небудзь весялосць, свята, радасць? А можа, іх нідзе няма, і мы павінны самі іх прыдумаць, альбо пачакаць. У нечым гэты спектакль — агульны дыягназ чалавечай бездухоўнасці і бязбожжа. Але фінал пастаноўкі пакідае персанажам шанц не гуляць у жыццё і шукаць у ім забаву, а жыць па-сапраўднаму.
У гісторыі Мінскага абласнога драматычнага тэатра гэта першы сумесны праект, і з’явіўся ён не выпадкова. Для ажыццяўлення праекта спецыялісты інстытута ездзілі і шукалі па тэатрах трох акцераў для гэтай п’есы Мрожака. Было важна, каб яны працавалі ў адным тэатры і мелі высокі прафесійны ўзровень. Такіх акцёраў знайшлі ў Маладзечне і не памыліліся. Яны — Аляксандр Пашкевіч, Алег Чэчэнеў і Андрыян Барткевіч, — як зазначыў рэжысёр спектакля, вельмі добра па-акцёрску ўзброеныя, аналізуюць, разважаюць, думаюць і прымушаюць думаць гледача. І ў выніку прэм’ерныя “гульні розуму” нікога не пакінулі абыякавым, пацвердзіўшы слушную думку, што тэатр не толькі забаўляе, але выхоўвае і прымушае разважаць.
А на падыходзе ўжо новая гучная прэм’ера. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Віталь Баркоўскі ставіць на маладзечанскай сцэне камедыю “Любоў па-італьянску” па п’есе знакамітага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа “Цыліндр”. Нагадаю, што гэта ўжо другая пастаноўка вядомага рэжысёра ў Мінскім абласным драматычным. За папярэднюю камедыю па п’есе Алены Паповай “Шукаю сапраўднага мужчыну” Баркоўскі атрымаў у 2006 годзе прэмію Рэспубліканскага конкурсу пастановак па класічнай і сучаснай беларускай драматургіі. Галоўная ж ідэя новага спектакля крыецца ў тым, што цыліндр — не проста галаўны ўбор, а адзнака адметнасці і значнасці свайго гаспадара.Таму, у каго ён ёсць, у таго, як кажуць, і “справа ў капелюшы”. Але Баркоўскі разам з драматургам паказвае, што і тут бываюць варыянты...Да таго ж, усіх наведвальнікаў тэатра чакае яшчэ адна “несцэнічная прэм’ера” — выстаўка новых твораў вядомай маладзечанскай мастачкі Антаніны Нявера. Гэта ўжо не першая яе выстаўка ў абласным драмтэатры, дзе яна, дарэчы, некаторы час працавала мастаком. І на гэты раз Антаніна прадставіла гледачам апошняе са створанага: партрэты, пейзажы, габелены, эксклюзіўныя лялькі.

Аляксандр ПЫЦЬКО
Маладзечна