Што развіваць надалей?

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Анатоль АКУШЭВІЧ, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама:

- Мінае пяцігодка. Увесь гэты час мы працавалі пад Дзяржпраграмай адраджэння і развіцця сяла. У адпаведнасці з ёй на Міншчыне з'явілася 325 аграгарадкоў з дыхтоўнымі ўстановамі культуры. Нашы тэатральна-канцэртныя залы прымаюць у вёсках зорак айчыннага мастацтва першай велічыні. 42 перасоўныя ўстановы культуры робяць народнае мастацтва яшчэ больш даступным. У гэты няпросты эканамічны час мы здолелі пабудаваць шэсць новых клубаў. Працягвае дзейнічаць абласная праграма "Кадры". Задача яе - забяспечыць нават сельскія клубы спецыялістамі.

Хутка пачне дзейнічаць Дзяржпраграма развіцця культуры да 2015 года. Прызначана яна, натуральна, для ўдасканалення ўжо створанай мадэлі нацыянальнай культуры. Па-першае, будзем далей развіваць 20 абласных фестываляў. Безумоўна, яны не такія знакавыя, як, скажам, "Славянскі базар у Віцебску" або "Залаты шлягер" у Магілёве, але задача ў іх іншая: дайсці да кожнага, захаваць самабытнасць традыцыйнай культуры. Па-другое, працягнем умацаванне матэрыяльнай базы. Зараз будуецца амфітэатр для "Спеўнага поля" ў Маладзечне, у праекце - гэткі ж аб'ект на Нарачы. Закладзены падмурак новага ГДК у пасёлку Чысць, будуецца ДШМ у Любані, неўзабаве з'явіцца РДК ва Уздзе. У планах - узвядзенне спартыўна-забаўляльных цэнтраў, чатырох новых СДК...

Я вельмі люблю сваю прафесію і, натуральна, людзей, што яе абралі. Зычу ім цярпення, творчага натхнення і веры ў будучыню. Я вельмі спадзяюся, што наша нацыянальная культура ў плане фінансавання неўзабаве наблізіцца да іншых галін народнай гаспадаркі.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"