Востраў Лейлы і імідж Беларусі

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Як спалучыць дзіцячае “Еўрабачанне” і Арыстоцеля?

/i/content/pi/cult/290/4779/pic_29.jpgПаўдзельнічаць у папулярным конкурсе міжнароднага ўзроўню імкнецца, бадай, кожны музыкант. Для эстраднага выканаўцы адной з найбольш жаданых творчых вяршынь з'яўляецца "Еўрабачанне". Здаецца, тое ж можна сказаць і пра журналістаў: атрымаць акрэдытацыю на мерапрыемства - само па сабе значна. Пяцікурсніцы ж Інстытута журналістыкі БДУ Лейле ІСМАІЛАВАЙ пашанцавала яшчэ больш: менавіта яна будзе весці дзіцячы песенны конкурс 20 лістапада на сцэне "Мінск-Арэны" разам з Дзянісам Кур'янам...

 - Лейла, канкурэнцыя была вельмі сур'ёзнай. Ты была ўпэўнена ў сваёй перамозе?

- Калі мама ўпершыню распавяла мне пра кастынг, я толькі засмяялася. Не верыла нават, што магу прайсці ў паўфінал. Даказвала маме: у Беларусі знакамітасцей і без мяне хапае. У апошні ж вечар падачы заявак вырашыла выпрабаваць лёс і даслала сваю анкету. Патрабавалася зусім няшмат: крыху распавесці пра сябе і дадаць фотаздымкі. Таму і ў заяўцы, створанай хвілін за 15, у двух словах расказала пра сябе і пра тое, што люблю дзяцей і "Еўрабачанне", дадала некалькі фотаздымкаў з відэазапісам і... спакойна пабегла ў дыска-клуб. Ну і, зразумела, зусім не чакала, што ўжо назаўтра маме патэлефануюць, каб сказаць: мяне адабралі да ўдзелу ў наступным этапе. Патрапіць у першую дваццатку? Для мяне гэта было высокім узроўнем прызнання! Тады я вучылася ў Грэцыі, вучэбная праграма яшчэ не скончылася, але як толькі пачула прыемную навіну- адразу ж забраніравала білет да Мінска. А ўжо тут мяне чакаў другі этап кастынгу, дзе неабходна было працаваць на здымачнай пляцоўцы ў пары з Дзянісам Кур'янам. Пачала па-сапраўднаму верыць у перамогу толькі тады, калі мяне выклікалі на сустрэчу да намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі.

- Як думаеш, чым скарыла журы?

 - Відаць, тым, што была самой сабою. Калі рыхтавалася да выхаду на пляцоўку кастынгу, цвёрда вырашыла для сябе: буду паводзіць сябе проста і нязмушана, як у паўсядзённым жыцці.

- Тым не менш, уменне трымацца на сцэне і працаваць на камеру дало пра сябе знаць?

 - Так, зразумела! Думаю, выходзіць зусім без падрыхтоўкі абсалютна бессэнсоўна, нават калі ты вельмі таленавіты чалавек. Усё ж такі надзвычай важна не хвалявацца перад камерай, умець слухаць адначасова суфлёр, рэжысёра і сувядучага. Да таго, гаварыць трэба было на англійскай мове. Тут мяне чакала першая складанасць, бо ўсе каментарыі ў навушнік рэжысёр даваў па-руску, складана было сканцэнтравацца. Да таго ж навушнік аказаўся вялікім і ўвесь час так і імкнуўся вываліцца! Але каб толькі гэта нас чакала! Рэжысёр ўвесь час прыдумваў розныя непрадбачаныя сітуацыі, з якіх неабходна было знайсці выйсце. Кшталту: "У Дзяніса выключыўся мікрафон. Лейла, выкручвайся адна". Ці яшчэ больш праблемна: "Знік галоўны прыз для пераможцы. Што будзеш рабіць?" А ў адзін момант да мяне проста падбег мужчына, схапіў у ахапак і панёс са сцэны. Аднак і тут мой прынцып дапамог: калі паводзіш сябе натуральна, усё атрымліваецца лёгка і проста.

- Мусіць, найбольш цяжкая праца пачынаецца якраз цяпер?

- Так, конкурс зусім хутка, і яшчэ так шмат трэба зрабіць, многаму навучыцца. З нецярпеннем чакаю заняткаў па англійскай мове. Арганізатары абяцаюць прадаставіць нам з Дзянісам асобнага выкладчыка. Ведаю, што адна з мінскіх школ замежных моў ужо рыхтуе спецыяльную праграму. Нас пачуюць людзі, што размаўляюць на англійскай мове кожны дзень, таму хочацца, каб вымаўленне аказалася належным. Хвалююся таксама, каб не было такіх сітуацый, калі б я не ведала, як выказаць сваю думку. Таму настройваюся сур'ёзна працаваць у гэтым кірунку. Увогуле, калі мяне адбіралі, я была, здаецца, адзінай "незнакамітасцю" ў спісе прэтэндэнтаў. Спадзявалася, арганізатары ўсведамляюць, што я не прафесіянал, і гатовыя браць на сябе ўсю адказнасць. На жаль, падрыхтоўка да конкурсу не прадугледжвае такіх важных для мяне дысцыплін, як сцэнічны рух, акцёрскае майстэрства, пастаноўка голасу. Гэтым я вымушана займацца самастойна. Асабліва неабходнай лічу працу над голасам. У мяне ён даволі ціхі, і гаварыць доўгі час мне складана.

- Ведаю, табе даводзілася працаваць з рознымі людзьмі, параўнаць ёсць з чым. Што можаш сказаць пра каманду, з якой будзеш рыхтавацца да свайго зорнага выхаду?

- Калектыў з першай жа сустрэчы ўразіў добразычлівасцю. Я ўжо маю неблагі вопыт працы з тэлевізійшчыкамі, і магу адзначыць: на кантакт яны ідуць не вельмі ахвотна. Тут жа мяне сустрэлі, як сваю. Імёны вядучых назвалі не так даўно, таму магчымасці плённа працаваць у гэтай камандзе яшчэ не было. Але, спадзяюся, атмасфера такая захаваецца да самага конкурсу. Усё ж такі мы робім адну вельмі важную справу. Калі мяне нешта хвалюе, я адразу тэлефаную прадзюсеру Аляксандру Капёнкіну, ён заўсёды стараецца дапамагчы. На жаль, пакуль што вельмі мала працавалі з Дзянісам. Тым не менш, толькі на сцэне нам абяцаюць больш за 50 прагонаў.

- А што наконт сцэнарыя?

- Агульная канцэпцыя, зразумела, ёсць. Але нашыя тэксты мы мусім пісаць самастойна. Абое ж - журналісты!

- Для цябе - прафесійнай мадэлі- адзін з найважнейшых момантаў падрыхтоўкі, мяркую, - стварэнне вобраза?..

- Калі ў іншых момантах я цалкам давяраюся прафесіяналам і згодна рабіць усё, што мне скажуць, то да выбару сукенкі сама буду ставіцца як прафесіянал. Са мной ужо працуюць два стылісты, сваю дапамогу прапанаваў таксама Саша Варламаў. Зусім хутка мяне чакае вялікая прымерка, пад час якой мы і будзем вызначацца з касцюмамі. Я ўжо выказала некаторыя пажаданні: хачу, каб мая сукенка была вельмі лёгкай і элегантнай, максімальна класічнай. Як абяцаюць, строі маюць быць вельмі прыгожымі, але пакуль імёны стылістаў і мадэльераў не выдаюцца. Зразумела, мой знешні выгляд павінен адпавядаць агульнай канцэпцыі афармлення сцэны, таму ўжо зараз вырашана, што сукенка будзе пашыта з тканін халодных тонаў.

- Дарэчы, а сама канцэпцыя табе падабаецца?

 - Так, я ўжо знаёмілася з макетам сцэны, і, думаю, прыдумаць нешта лепшае проста немагчыма. Падмосткі будуць блакітнага колеру - як сімвал беларускіх азёраў. Па ўсёй пляцоўцы раскідаюць невялічкія астраўкі, злучаныя масткамі. На адным з іх будзем стаяць мы з Дзянісам, а на самым вялікім выступяць удзельнікі "Еўрабачання". Над сцэнай дызайнеры размесцяць шмат крылаў - як увасабленне ідэі пра "зямлю пад белымі крыламі". Мне здаецца, гэта не проста вельмі прыгожа і арыгінальна, але і змястоўна: такая ідэя максімальна адлюстроўвае своеасаблівасць нашай краіны. Найпершая мэта конкурсу, на мой погляд, - больш глыбока пазнаёміць еўрапейцаў з Беларуссю. І гэта, дарэчы, галоўнае, што вабіць мяне ў спаборніцтве. Калі я была ў Грэцыі, мяне проста абурала тое, што амаль ніхто не чуў пра нашу краіну. Таму іміджам Беларусі я пачала займацца ўжо там, расказваючы, якія прыгожыя ў нас дзяўчаты, якія добразычлівыя людзі тут жывуць. Спадзяюся, конкурс прымусіць казаць пра нас у Еўропе.

- Раней "Еўрабачанне" глядзела?

 - Вельмі люблю гэты конкурс! У апошні раз проста не магла сабе дазволіць сядзець перад тэлевізарам: назаўтра мяне чакаў сур'ёзны экзамен. Але ўсё роўна сачыла за вынікамі праз Інтэрнэт. Заўсёды з цікавасцю назірала за працай вядучых, звяртала ўвагу на тое, як яны трымаюцца на сцэне, што кажуць, як выглядаюць. Калі б тады хтосьці сказаў, што некалі і я апынуся на іх месцы - не паверыла!.. Дарэчы, дзіцячае "Еўрабачанне" люблю нават больш за дарослае. Пад час дарослага конкурсу ўсе імкнуцца даказаць сваю "крутасць", свой уплыў у Еўропе, тут шмат пафасу і інтрыг. Дзіцячы ж фестываль - гэта сапраўднае свята! Усе ўдзельнікі- вельмі шчырыя і натуральныя. І абсалютна ўсе яны таленавітыя!

 - А што, па-твойму, самае галоўнае ў працы? Заробак, прэстыж ці, можа, папулярнасць?..

- Самае галоўнае, каб мяне гэта сапраўды цікавіла. А ўвогуле, самая вялікая каштоўнасць для мяне - свабода, магчымасць выбару. Думаю, чым бы ты ні займаўся, неабходна рабіць гэта з энтузіязмам. Толькі тады і можна разлічваць на добры вынік.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ