“Пілігрым”, або “Офіс” для тэатра

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Полацк — Культурная сталіца Беларусі 2010 года — сустракае Дзень работнікаў культуры адкрыццём новага канцэртнага сезона ў Сафійскім саборы. Адметны і чаканы ён з той прычыны, што пасля некалькіх месяцаў, цягам якіх сабор знаходзіўся на рэстаўрацыі і знакаміты полацкі арган быў закансерваваны, Сафія нарэшце адкрыла дзверы і 8 кастрычніка запрасіла на сваё адкрыццё...

/i/content/pi/cult/290/4771/pic_20.jpgДумаю, не памылюся, калі скажу, што з гэткім жа інтарэсам палачане чакаюць і адкрыцця ў горадзе прафесійнага тэатра. "Культура" неаднойчы звярталася ў сваіх матэрыялах да гэтай тэмы, стараючыся трымаць яе ў полі зроку. Тым больш, што сёлета рух у справе стварэння тэатра набыў відавочную дынаміку на шляху да сваёй канчатковай мэты. І вясной, пад час святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня горада, быў агучаны цвёрды намер полацкіх улад завяршыць гэты працэс, стварыўшы прафесійную групу на базе полацкага аматарскага тэатра "Пілігрым", які адзначыў сёлета сваё 62-годдзе.

Каб даведацца, як адбываецца гэты працэс, мы звярнуліся да намесніка старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалая Ільюшонка:

- На сённяшні дзень мы прапрацавалі тэхнічны бок гэтага пытання, падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы і накіравалі іх ва ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама. Згодна з нашымі разлікамі, пачынаючы з 2011 года нам спатрэбіцца 4,5 мільярда рублёў. Гэта - дастаткова вялікая сума, якая аднаму нашаму гарадскому бюджэту не пад сілу. Сёння ў Гарадскім доме культуры працуе, разам з "Пілігрымам", 37 творчых калектываў! Для таго, каб зрабіць магчымым паўнавартаснае творчае функцыянаванне будучага тэатра, неабходна элементарна разгрузіць сцэну. Для гэтага мяркуецца перавесці калектывы ГДК у Палац культуры "Шкловалакно", які папярэдне неабходна прыняць на баланс горада і адпаведным чынам адрамантаваць, абсталяваць неабходным камплектам сцэнічнай апаратуры. Усё гэта- справа не аднаго дня. Ёсць і іншыя варыянты, сярод якіх - пляцоўка Дома афіцэраў, але ж і там, перш чым працаваць, неабходна правесці адпаведныя работы.

Горад перакананы ў неабходнасці прафесійнага тэатра, аднак, разам з гэтым, разумее, што не можа, не мае права падыходзіць да гэтага пытання фармальна. І для таго, каб творчы імпэт тэатралаў не згас на самым пачатку, мы, прадстаўнікі гарадскіх улад, мусім стварыць спрыяльныя ўмовы для іх творчасці. У творчых жа кроках тэатра мы не сумняваемся. Рыхтуючы літаральна па цаглінцы падмурак для прафесійнага калектыву, з 1 кастрычніка мы знайшлі магчымасць увесці адну штатную адзінку ў тэатры, з 1 студзеня плануем яшчэ адну...

Між тым, сам "Пілігрым" не спіць у шапку, чакаючы, калі ж у яго з'явяцца ўсе матэрыяльныя перадумовы для рэарганізацыі ў прафесійны калектыў. Як распавяла нам кіраўнік тэатра Вера Кісялёва, на восень у "пілігрымаўцаў" запланаваны гастролі па вобласці, пад час якіх яны наведаюць Паставы, Міёры, Браслаў і Оршу са спектаклямі "Вераб'іная ноч" Аляксея Дударава паводле Уладзіміра Караткевіча і "Дзядзечкаў сон" Фёдара Дастаеўскага. А з 9 па 12 кастрычніка полацкія акцёры прымуць удзел у "Вялікім Ноўгарадзе"- Міжнародным фестывалі камерных спектакляў па творах Дастаеўскага.

Што ж, не толькі палачане, але і прыхільнікі тэатральнага мастацтва з усёй рэспублікі чакаюць таго моманту, калі ж нарэшце пытанне паўстання ў горадзе прафесійнага тэатра не толькі пяройдзе на новы этап абмеркавання, але і набудзе свой дакладна вызначаны "дэд-лайн". І тэатралы не будуць выказваць сумневаў адносна таго, што замест уласнага храма мастацтва палачанам у чарговы раз прапануюць яго "сурагатную замену" ў выглядзе гастрольнай пляцоўкі для іншых калектываў.

На здымку: сцэна са спектакля "Дзядзечкаў сон".