Дні кіно Даніі

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Культурная акцыя, якая распачался 18 красавіка, стала плёнам супрацоўніцтва Дацкага цэнтра па культуры і развіцці, Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры РБ, УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама і КУП “Магілёўаблкінавідэапракат”. Упершыню лепшыя стужкі дацкага кінематографа — на вялікіх экранах Беларусі: у мінскім кінатэатры “Перамога” і магілёўскіх “Радзіма” і “Ветразь”.

“Мы прывезлі самыя разнастайныя карціны, — распавяла на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да падзеі, прадстаўніца Дацкага цэнтра па культуры і развіцці Ганна-Марыя Клаусен, — каб беларускі глядач мог пазнаёміцца з дацкай камедыяй, меладрамай, драмай, з дакументальным і дзіцячым кіно...”. У кінапраграму ўвайшлі 8 стужак, і кожная з іх, па словах спадарыні Клаусен, не толькі атрымала прызнанне кінаэліты, але заслужыла любоў дацкага гледача.“Калі разгледзець, якія тэмы бліжэй дацкім кінематаграфістам, — адказала яна на пытанне “К”, — усё вельмі адносна. Але для нас істотны гумар, і мы часта смяемся над самімі сабой. А таксама героям дацкіх карцін уласцівы пошук унутраных каштоўнасцей”.
Прэзентаваць уласную карціну “Вольга: апошняя вялікая княгіня” прыехала ў Беларусь дацкі рэжысёр “рускага паходжання” Соня Вестэрхольт. Соня нарадзілася ў Ленінградзе, 40 гадоў таму з’ехала ў Данію і вярнулася на былую радзіму з прэм’ерай.
“Мая стужка распавядае пра незвычайны, неверагодны лёс сястры апошняга рускага цара Вольгі Раманавай, — кажа рэжысёр. — Яна — дачка дацкай каралеўны Дагмар, мела ўсе прывілеі члена рускай царскай сям’і, Але вымушана была эмігрыраваць у Канаду і памерла там у галечы ў сціплай кватэры ў Таронта”. Соня прызналася, што яе гераіня скарыла яе неверагоднай сілай духу, характарам. “Незалежна ад абставін і акружэння, яна заўжды заставалася чалавекам, чалавекам з моцным “унутраным стрыжнем”,— адзначыла яна.
Журналісты спыталі рэжысёра і наконт сакрэту поспеху дацкага кіно. “Так, толькі ў 2006 годзе дацкія карціны заваявалі 102 прызы на міжнародных кінафорумах, — пацвердзіла кінематаграфіст,— і наш сакрэт вось у чым.
Усё пачалося 30 гадоў таму, калі было вырашана на высокім палітычным узроўні развіваць канцэпцыю кінаадукацыі. Сёння кожныя тры гады Дацкая кінашкола прымае толькі 25 студэнтаў на свае факультэты: 5 рэжысёраў, 5 аператараў, 5 мантажораў, 5 прадзюсераў і 5 гукарэжысёраў.
Кінашкола запрашае самых тытулаваных і вядомых практыкаў кінаіндустрыі весці дысцыпліны: аператара, які толькі атрымаў сёлета “Оскара”, рэжысёра, працы якога ўжо ўвайшлі ў сусветны кінафонд…
Па-другое, дзяржава падтрымлівае сваіх выпускнікоў і дае ім сродкі на фільмы, але… у нас няма ніводнай дзяржаўнай кінастудыі. І пытанне аб фінансаванні той ці іншай стужкі вырашае толькі адзін чалавек — спецыяльны эксперт Дацкага кінаінстытута. Але і ён выбіраецца толькі на два гады. У выніку штогод у Даніі здымаецца каля 30 айчынных фільмаў”.
У рамках акцыі “Дні кіно Даніі ў Беларусі” 21 красавіка адбудзецца спецыяльны семінар для працаўнікоў кінаіндустрыі, які будзе весці Соня Вестэрхольт.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ