Падтрымаць аншлаг рамонтам

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

У Гомельскім дзяржаўным цырку не спыняюцца будаўнічыя работы. На выдаткаваныя Міністэрствам культуры грошы тэатральна-відовішчная ўстанова цалкам завяршыла рэканструкцыю ніжняй часткі фасада.

Як паведаміў "К" намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Хайкоў, да новага сезона былі ўцеплены сцены і заменены старыя вокны. Гэтае абнаўленне зрабіла памяшканні больш утульнымі для супрацоўнікаў цырка, а таксама дапамагло знізіць узровень энэргастрат на ўтрыманне будынка.

У Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" закладзена фінансаванне далейшага капітальнага рамонту цырка. Будуць прадоўжаны ўцяпленне фасада і ўстаноўка шклопакетаў, дбайны рамонт даху. Таксама прыйшоў час замяніць мастацкую падсветку будынка. Акрамя маштабнай знешняй працы, будзе праведзена і аднаўленне інтэр'ераў.

Асабліва вялікія спадзяванні адміністрацыя ўскладвае на пераабсталяванне асвятляльнай манежнай апаратуры.

- Сёння ў распараджэнні трупы - прыборы, якія з'явіліся ў цырку амаль што пад час яго заснавання, - расказаў Аляксандр Хайкоў. - Старая апаратура не адпавядае патрабаванням новага часу па ўсіх параметрах: яна не можа забяспечыць ні выканання мастацкіх задум артыстаў, ні неабходных паказчыкаў па энэргазберажэнні.

Як з гонарам зазначыў Аляксандр Хайкоў, гамяльчане любяць цырк: аб гэтым сведчаць аншлагі на кожным прадстаўленні. Таму ўсе будаўнічыя змяненні і пераабсталяванне ў канчатковым выніку накіраваны на тое, каб стварыць спрыяльную атмасферу для творчых знаходак, якія задаволяць густ патрабавальнага гледача.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"