Імперыя музыкі

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца ўрачыстае закрыццё ІІ Маладзёжнай музычнай акадэміі краін СНД. Па заканчэнні майстар-класаў, якія доўжыліся роўна тыдзень, 30 маладых талентаў — студэнтаў акадэміі — атрымаюць дыпломы і выступяць сумесна з прафесарамі. А тым часам V Міжнародны фестываль Юрыя Башмета — у самым разгары.

/i/content/pi/cult/290/4765/pic_16.jpgНаперадзе - яшчэ тры цудоўныя канцэрты, тры незабыўныя сустрэчы са знанымі майстрамі музычнай сцэны. У прыватнасці, заўтра знакаміты аўстрыйскі піяніст Пауль Бадура-Шкода выступіць разам з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова, які яшчэ ўвесну, як толькі ўзначаліў калектыў, дамовіўся з ім аб гэтым канцэрце.

12 кастрычніка выступіць унікальны эстонскі камерны ансамбль "Хортус-Музікус". Закрыццё ж фестывалю прыпадае на 13 кастрычніка. Гэты канцэрт збярэ разам музыкантаў Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі, Францыі. Сусветна вядомыя салісты Аляксей Любімаў, Марыа Брунэла і дырыжор Юстус Франц выступяць з нашым Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам.

Заключныя акорды яшчэ далёка, але ўжо сёння зразумела, што фестываль выклікаў вялікую зацікаўленасць слухачоў. Каб размясціць усіх ахвотных, арганізатарам даводзіцца выстаўляць дадатковыя крэслы не толькі ў глядзельнай зале, але і на сцэне філармоніі, за спінамі артыстаў. Сапраўды, як адзначыў на прэс-канферэнцыі сустаршыня аргкамітэта і мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер, за гады правядзення гэтага свята сфарміравалася свая фестывальная публіка. Юрый Башмет пры гэтым зазначыў, што хуткі продаж білетаў сведчыць таксама пра стабільны дабрабыт беларусаў. Увогуле ж, як падкрэсліў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, гэта папраўдзе знакавы форум для нашай краіны, само правядзенне якога адлюстроўвае культуру і духоўнасць нашага народа.

Адметнасцю фестывалю з'яўляецца і тое, што ён з самага пачатку свайго існавання праводзіцца з мінімальным дзяржаўным фінансаваннем, пры вялізнай спонсарскай дапамозе. Разам з тым, у пэўным сэнсе "спонсарамі" выступаюць, як распавёў Юрый Башмет, і самі артысты: "Лічбы ганарараў на гэтым фестывалі не маюць для нас значэння, мы прыязджаем сюды найперш дзеля сяброўства і добрых стасункаў. Я сам займаюся фарміраваннем склада выканаўцаў, задзейнічаных на форуме, і для мяне вельмі важная прысутнасць аднадумцаў". Тое ж ён падкрэсліў і на адкрыцці Маладзёжнай акадэміі, што нарадзілася летась у нетрах фестывалю і стала цяпер самастойным праектам: "Удзел у гэтай акадэміі для мяне важнейшы за выступленне дзесьці ў замежжы. Фестываль і акадэмія - бы браты-блізняты: не трэба іх яднаць у адно, але не трэба і раз'ядноўваць. Галоўнае - "перасябраваць" музыкантаў розных краін і стварыць адзіную імперыю музыкі".

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"