- Барыс Уладзіміравіч, - звяртаюся да рэктара Барыса СВЯТЛОВА, - вы ўзначалілі ўніверсітэт два з паловай гады таму, але і раней былі звязаны з ім, можна сказаць, самымі "братэрскімі сувязямі". Як, на вашу асабістую думку, змянілася падначаленая вам установа за 35 гадоў?
- З гэтай ВНУ я меў непасрэдныя стасункі з 1989 года, калі пачаў працаваць у Міністэрстве культуры. Пазней у мяне нават быў перыяд, калі я па сумяшчальніцтве тут выкладаў. А працу рэктара пачаў са змяненняў у самой "культурнай прасторы" ўніверсітэта, бо навучаць духоўнасці ў "неакультураных" памяшканнях немагчыма: унутраны і знешні змест любой з'явы павінны знаходзіцца ў гармоніі. Дарэчы, вы тактоўна "забыліся" на такую нашу назву, як "кулёк". Праўда, гэтая жартоўная мянушка замацавалася ў савецкія часы за ўсімі падобнымі навучальнымі ўстановамі, так што наша ў гэтым сэнсе не унікум. Але ж калі "кулёк" стаў, можна сказаць, гэткім словам-сімвалам, якое ўжо не зменіш, дык давайце зменім сэнс, які будзем у яго ўкладаць. Звычайна я кажу так: пэўна, "кулёк" паходзіць ад англамоўнага "cool", адзін з перакладаў якога гучыць як "круты". Дык чаму б не пагадзіцца, што мы - самыя "крутыя"? Ад "кулька" да "крутога" - вось шлях у 35 гадоў. Між тым, так яно і ёсць: у лістападзе 1999-га нашаму ўніверсітэту прысвоены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі ў сферы культуры.
- Думаю, гэта, пэўна, "пакрыўдзіла" абедзве акадэміі, куды больш старэйшыя за ўніверсітэт: Акадэмію музыкі і Акадэмію мастацтваў...
- Паміж нашымі ўстановамі існуе не "спаборніцтва", а размежаванне працы. Прывяду такі прыклад. У свеце існуюць рарытэтныя скрыпкі таго ж Страдзівары, але неабходны і больш простыя, але добрыя інструменты, і ў вялікай колькасці, каб мастацтва скрыпічнай ігры маглі спасцігаць самыя шырокія масы насельніцтва. Пакіньце адны "страдзіварыўсы" - і праз час не будзе ні іх, ні добрых музыкантаў, бо парушыцца натуральны закон суіснавання культуры (у шырокім сэнсе гэтага слова- як з'явы масавай) і мастацтва, да якога далучацца павінны ўсе, а займацца ім прафесійна будуць абраныя. Цяжка, а то і ўвогуле немагчыма ўзрасціць нейкую ўнікальную, дзівосную расліну на неакультуранай глебе. Гэта дыялектыка! Чым вышэйшы ўзровень агульнай культуры грамадства, тым больш запатрабаваныя ў ёй і прадстаўнікі высокага мастацтва. І наадварот: чым вышэйшым будзе ўзровень студэнтаў у згаданых акадэміях, тым ён будзе вышэйшы і ў нашым універсітэце. Бо мы разам робім адну справу: фарміруем духоўную аўру нацыі.
- Установы такога тыпу, як ваша, - самыя маладыя, у параўнанні з тымі ж кансерваторыямі і акадэміямі мастацтваў, што існавалі ў Еўропе на працягу стагоддзяў. Таму, мабыць, рэарганізацыя самой структуры ўніверсітэта працягваецца і цяпер. Амаль тры гады таму да вас далучылі Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, цяпер, наадварот, яго "адлучаюць", ствараючы асобны Інстытут культуры Беларусі...
- Гэта, хутчэй, арганізацыйны момант, што тычыцца лёсу далучанай калісьці да нас установы. Уласна для ўніверсітэта куды важнейшае сёння іншае разгалінаванне: падрыхтоўка спецыялістаў па 16 спецыяльнасцях і 41 спецыялізацыі, што ахопліваюць акадэмічную, народную, эстрадную музыку, харэаграфію, тэатральнае мастацтва, народныя рамёствы, сацыякультурную, інфармацыйна-дакументную сферы.
- Колькасць неабходных спецыялістаў штогод больш як у два разы перавышае колькасць вашых выпускнікоў, запатрабаванасць у іх не зніжаецца. Таму і план прыёму сёлета быў узняты, і кола спецыялізацый, я чула, будзе пашырацца...
- Усё гэта звязана з агульнай культурнай сітуацыяй у краіне. Бо нельга рыхтаваць кадры дзеля кадраў, не ўлічваючы тых змяненняў, што адбываюцца ў галіне: мы, з аднаго боку, вывучаем сацыякультурныя тэндэнцыі ў грамадстве, а з другога- самі на іх уплываем, развіваючы неабходныя кірункі. Але ж пытанне з колькасцю набору надзвычай тонкае. Сёння сапраўды не хапае спецыялістаў таго ці іншага профілю, але дадатковымі нулікамі ў колькасці падрыхтаваных кадраў справы не вырашыць. Вельмі важную ролю адыгрывае якасць адукацыі.
- І "нулік", прыняты на тую ж творчую спецыяльнасць, можа так і застацца "нулікам", колькі ў яго ні ўкладай. Сёння ўвогуле ўсё часцей даводзіцца чуць, што студэнты, маўляў, "не тыя" пайшлі, "змяльчэлі" неяк...
- Наадварот! Яны больш дасведчаныя, зацікаўленыя, валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі (тут некаторым выкладчыкам іх нават "даганяць" даводзіцца). Можа, больш прагматычныя, а не "завоблачна-рамантычныя", але да гэтага іх жыццё прымушае, большая накіраванасць на рэаліі, а не толькі на мары. Так і мае быць: кожнае пакаленне павінна пераўзыходзіць сваіх настаўнікаў. І, зноў-такі, зусім не лічбай, а ўменнямі! Дадайце сюды адпаведнасць паміж "крытычнай масай" студэнтаў і колькасцю выкладчыкаў, метадычных распрацовак, памяшканняў для заняткаў. Іншымі словамі, калі бяздумна гнацца адно за колькасцю навучаных, якасць атрыманых імі ведаў будзе падаць. Што ж да новых кірункаў працы ўніверсітэта, дык яны будуць тычыцца ўдасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эстрады. А гэтая сфера, нагадаю, - адна з першасных задач універсітэта. І адно кафедры эстрады, што існуе цяпер, тут замала. Плануем адкрываць факультэт эстраднага мастацтва, бо трэба рыхтаваць не толькі спевакоў і музыкантаў-інструменталістаў, але і ўсіх тых, без каго іх творчасць не дойдзе ў поўнай меры да публікі. У нас ёсць рэжысёры, гукарэжысёры, харэографы, але ўсе яны адасоблены. Эстрадны ж кірунак ва ўсіх гэтых сферах мае сваю спецыфіку. Дык чаму б не аб'яднаць ужо ў навучальнай установе ўсіх тых, хто будзе займацца менавіта эстрадай? І ўжо пад час навучання ствараць творчыя групы, якія будуць пеставаць песню з усімі яе складнікамі, адначасова працуючы над аранжыроўкай, спевамі, рэжысурай нумара, яго харэаграфіяй.
- Мабыць, гэта паспрыяе не толькі стварэнню самой інфраструктуры эстрады, але і змяненню мыслення цяперашніх эстрадных спецыялістаў? Бо яны будуць спасцігаць мастацтва "каманднай гульні", ствараючы сапраўдныя эстрадныя спектаклі. Але і цяпер у "камандзе" вашых выхаванцаў - большасць тых, хто ў гэтыя дні адзначае сваё прафесійнае свята. Што вы пажадалі б ім у Дзень работнікаў культуры?
- Памятаць пра тое, што яны - ахоўнікі генетычнага кода нацыі, без якога не адбывалася б сувязь часоў.
Фота Юрыя ІВАНОВА