Он-лайн-давер: ІЦ “Культура-інфа”: выхад на рэспубліку

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Учора афіцыйна пачаў дзейнічаць наш Інфармацыйны цэнтр “Культура-інфа”. Мяркуем, ён сярод работнікаў сферы набудзе неўзабаве выключную запатрабаванасць, бо гарантуе каардынацыю аператыўнага інфармавання, рэгулярнай і трывалай інтэрнэт-сувязі паміж рэдакцыяй, раёнамі і абласцямі краіны, паміж самымі рознымі ўстановамі культуры. Каб пераканацца ў тым, што прастора сусветнага Сеціва максімальна “ўтульная” для абмеркавання самых розных праблем культурнай сферы, 1 кастрычніка Інфармацыйны цэнтр “Культура-інфа” зыніцыяваў першую он-лайн канферэнцыю з удзелам работнікаў культуры — прадстаўнікоў шасці абласцей краіны. Шэсць адмысловых устаноў нам падказалі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Фармат дзелавой, менавіта “камп’ютарнай”, гутаркі напярэдадні прафесійнага свята вельмі дакладна перадае прагу нашых работнікаў культуры з самых розных куткоў Беларусі выказацца па набалелых пытаннях шчыра і нязмушана. Такім чынам, сустрэча ў новым рэжыме доўжылася дзве гадзіны на форуме сайта газеты— www.kimpress.by. У он-лайн-канферэнцыі ўзялі ўдзел дырэктар Дзятлавіцкага цэнтральнага сельскага дома культуры Лунінецкага раёна Алена ЯСКЕВІЧ, дырэктар Гарадоцкага раённага дома рамёстваў Алена БАРАЎЦОВА, дырэктар Рэчыцкай ДШМ Людміла КАРНЕЕВА, дырэктар Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.Стаброўскага Наталля РЫЖАК, кіраўнік Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Горацкага раёна, у структуры якой дзейнічае раённы метадычны аддзел народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, Святлана МІХАЛЬКОВА, дырэктар Слуцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі Людміла ГУРЫНОВІЧ. Імя кожнага карыстальніка адпавядае найменню населенага пункта, набранаму лацініцай. Нік карэспандэнтаў “К” на канферэнцыі — adm.

/i/content/pi/cult/290/4761/pic_14.jpgadm:

Шаноўнае спадарства! Рады вітаць вас напярэдадні Дня работнікаў культуры на нашай он-лайн канферэнцыі! Спадзяёмся на плённую працу! Такія "камп'ютарныя" канферэнцыі збіраемся ладзіць рэгулярна. Якія праблемы і з кім вы хацелі б абмеркаваць з дапамогай нашага Інфармацыйнага цэнтра "Культура-інфа", што распачынае актыўную дзейнасць гэтымі днямі? Калі ласка, чакаем вашых меркаванняў!

dziatlavichy:

Прывітанне! Дзятлавіцкі ЦСДК на сувязі. З творчымі і разумнымі людзьмі заўсёды карысна весці стасункі. Пры гэтым можна штосьці ўзяць для сваёй работы... Стаўлюся з павагай да газеты "Культура" і яе ініцыятыў, у прыватнасці - такіх канферэнцый, але калі ўзнікаюць нейкія праблемы ў працы, у першую чаргу абмяркоўваю іх з начальнікам аддзела культуры.

slonim:

Пагодзімся, праблемы, натуральна, існуюць ва ўсіх установах культуры. Што да раённых музеяў, дык адна з набалелых - штатны расклад: адсутнасць праграміста, маркетолага, юрыста, педагогаарганізатара. Непакоіць, безумоўна, фінансаванне па астаткавым прынцыпе. Гонка за выкананнем фінансавага плана нярэдка замінае паўнавартаснаму развіццю культурнай дзейнасці. Гэта ўсё і хацелі б абмеркаваць, у тым ліку - з дапамогай форуму.

sluck:

Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка вітае ўдзельнікаў канферэнцыі! Даўно наспела неабходнасць зацвердзіць новы штатны расклад бібліятэк. Актуальныя пытанні стварэння аддзела аўтаматызацыі, увядзення працоўных нарматываў спецыялізаваным бібліятэкам для інвалідаў па зроку і тых, хто слаба бачыць.

gorki:

Паважаныя ўдзельнікі онлайн канферэнцыі! Вас вітаюць работнікі культуры Горацкага раёна! Падобная акцыя - цудоўная ідэя рэдакцыі, што дазволіць у далейшым весці мабільны і канструктыўны дыялог з усімі зацікаўленымі асобамі. У працэсе нашых стасункаў мне хацелася б узняць пытанне, якое, думаю, актуальнае для ўсіх метадычных цэнтраў рэспублікі: чаго не хапае РМЦ для функцыянавання і развіцця? Якасная метадычная работа патрабуе высокай індывідуальнай падрыхтоўкі спецыялістаў, але, на жаль, да нас прыходзяць работнікі, якія няздольныя ажыццявіць падбор аптымальных метадаў навучання для розных катэгорый слухачоў, не валодаюць метадамі актыўнай падрыхтоўкі работнікаў сельскіх устаноў у працэсе правядзення семінараў. Несумненна, гэтаму трэба надаваць большую ўвагу ў сярэдніх навучальных установах. Сярод іншага, мы адчуваем недахоп сродкаў, неабходных для таго, каб метадысты як след выконвалі свае службовыя абавязкі. На ведамасную падпіску і набыццё спецыяльнай літаратуры патрэбны грошы, дык мо варта выплачваць работнікам метадычных службаў сродкі на літаратуру, як гэта робіцца для настаўнікаў? Акрамя таго, існуе праблема матэрыяльна-тэхнічнага ўзбраення РМУ тэхнікай, бо адсутнасць дастатковай колькасці камп'ютараў стала прычынай нізкага ўзроўню работы метадыстаў з інфармацыяй і тэхналагічнымі сродкамі.

reczyca:

Існуе неабходнасць цесных зносін за "круглым сталом" дырэктараў музычных і мастацкіх школ, а таксама выкладчыкаў - для выяўлення агульных праблем, шляхоў іх вырашэння менавіта праз газету. adm: А цяпер- і праз Інфармацыйны цэнтр. Звяртаемся да Дзятлавічаў. Цікава даведацца, якія практычныя пытанні вашай паўсядзённай дзейнасці хвалююць найперш? Зрэшты, дадзенае пытанне тычыцца кожнага ўдзельніка нашага он-лайну.

dziatlavichy:

Гэта кадравыя пытанні. Няма ў нас, да прыкладу, харэографа...

adm:

Пытанне да Слонімскага раённага краязнаўчага музея: чаму, па вашым меркаванні, пэўныя раймузеі на Беларусі - "мёртвыя"? Ці вы не пагаджаецеся з такім распаўсюджаным сцвярджэннем?

slonim:

Не зусім згодная, што раённыя музеі - "мёртвыя". Я сказала б, што яны не зусім актыўныя. Шмат залежыць ад музейных супрацоўнікаў, ад іх жадання і імкнення "ажывіць" уласную дзейнасць. Думаецца, прычына згаданай з'явы мае аб'ектыўныя карані. І гэта агульныя для ўсіх музеяў праблемы: адсутнасць сучаснай тэхнікі для работы з наведвальнікамі і наладжвання масавых мерапрыемстваў, недастатковая матэрыяльная база, малая колькасць добра падрыхтаваных работнікаў музейнай справы.

gorki:

Нам хацелася б задаць спецыялістам Міністэрства культуры шэраг пытанняў па праблемах функцыянавання новых тыпаў клубных устаноў, па нюансах заканадаўчай базы, што рэгламентуе характар дзейнасці гэтых устаноў, па навуковай падтрымцы пошукавай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Да спецыялістаў па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў ёсць пытанні па планаванні курсавога навучання спецыялістаў клубнай сістэмы.

adm:

Значыць, наступныя канферэнцыі інфацэнтра будзем ладзіць з удзелам згаданых спецыялістаў.

reczyca:

З праблем хацела б назваць яшчэ забеспячэнне школ музычнымі інструментамі, неабходнай гукавой і асвятляльнай апаратурай, а таксама ход выканання плана па аказанні платных паслуг і практыку адкрыцця новых аддзяленняў.

adm:

Мусіць, у гэтым і заключаюцца перадумовы для вашых крытэрыяў ацэнкі работы любой ДШМ і яе філіялаў на сяле? А якія яны, тыя крытэрыі? І яшчэ пытанне: адкрыццё новага аддзялення ў ДШМ залежыць найперш ад фінансавання або ад штатнага раскладу? А мо ёсць іншыя праблемы?

reczyca:

Самая вострая праблема звязана, канешне ж, з фінансаваннем. Цяжка адкрыць новае аддзяленне і тады, калі ў краіне не наладжаны выраб тых жа музычных інструментаў. Галоўны крытэрый поспеху школы - з'яднаны калектыў аднадумцаў, што маюць жаданне ставіць перад сабой задачы і вырашаць іх сумесна. А астатнія крытэрыі заўжды ўзаемазвязаныя: перамогі дзяцей на конкурсах і фестывалях, стыпендыі і прэміі... Але перадумовай усяму павінна быць дастатковае забеспячэнне навучальнага працэсу якасным абсталяваннем.

аdm:

Спонсарскую дапамогу выключаеце?

reczyca:

А як яе атрымаць (хай сабе і спонсар знойдзецца), калі ў аддзелаў культуры няма магчымасці адкрыць банкаўскі рахунак на атрыманне такой дапамогі?

adm:

Хацелася б пачуць вашы прапановы з гэтай нагоды.

reczyca:

Ёсць магчымасць, так бы мовіць, "бартэрнага" абмену паміж прадпрыемствам (спонсарам) і школай з дакументальным афармленнем.

adm:

Цікава было б даведацца пра ваша супрацоўніцтва з клубнай, бібліятэчнай і музейнай установамі. Ці вы, як кажуць, "дзяржава ў дзяржаве"?

reczyca:

Быць "дзяржавай у дзяржаве" не атрымліваецца, бо і творчыя калектывы, і салісты ДШМ- абавязковыя ўдзельнікі раённых канцэртных праграм, нашы навучэнцы цягам года наведваюць выстаўкі ў карціннай галерэі, і, паколькі на базе школы пастаянна ладзяцца гарадскія мерапрыемствы, у нас дастаткова цесны кантакт і з музеем, і з бібліятэкамі, за што ім вялікі дзякуй!

slonim:

Установы культуры не могуць існаваць асобна адна ад адной, бо стаіць перад імі адна мэта. Пры наладжванні музейных мерапрыемстваў мы супрацоўнічаем са школай мастацтваў, Домам рамёстваў, раённым Домам культуры, бібліятэкай і іншымі ўстановамі горада. Часта праводзім сумесныя акцыі: семінары, вечары, прэзентацыі...

adm:

А цяпер наступнае пытанне: што такое, на ваш погляд, прафесіяналізм работніка культуры? slonim: На мой погляд, прафесіяналізм музейшчыка - гэта наяўнасць паўнавартаснай музейнай адукацыі, прызванне да гэтага віду дзейнасці.

аdm:

А ў сённяшніх варунках дадаецца і фінансавы складнік. Як жа трэба зарабляць музеям на платных паслугах?

slonim:

Па маім меркаванні, многія з платных паслуг, што мы аказваем, сёння не павінны быць платнымі, а любая платная прапанова будзе прыносіць прыбытак, калі стане якаснай: цікавай для наведвальнікаў, адпаведнай патрэбам часу.

adm:

Звярніце ўвагу і на наш артыкул "Прагматыка і стымул у музейным вымярэнні" ў № 38 за 2010 г. Дадзеную праблему мяркуюць вырашыць заканадаўча. Дык у чым, на ваш погляд, асноўныя праблемы вашага музея? Як збіраецеся іх вырашаць?

slonim:

Мы цалкам падтрымліваем гэты законапраект і чакаем яго хутчэйшага ўкаранення ў жыццё! Асноўныя праблемы - адсутнасць належнага фондасховішча, недахоп экспазіцыйных і выставачных плошчаў. Цягам многіх гадоў спрабуем вырашыць гэтыя пытанні, але замінае адсутнасць фінансавых сродкаў. adm: Па колькасці інавацый клубнікі апераджаюць бібліятэкараў?

 sluck:

Інавацыі ўстаноў культуры заўжды будуць адрознівацца па формах, метадах рэалізацыі і г. д. Напэўна, нельга адназначна сказаць, што нейкая ўстанова ў чымсьці больш крэатыўная. Усё залежыць ад канкрэтнай установы і яе супрацоўнікаў. Творчы падыход да справы - аснова кожнай інавацыі. Ноч у музеі і Ноч у бібліятэцы нашага горада адрозніваліся па сутнасці. Іх яднала толькі запатрабаванасць наведвальнікамі.

аdm:

Ці адчуваеце істотную розніцу ад таго, што бібліятэка самастойна зарабляе?

sluck:

Гэта дазваляе больш якасна і аператыўна задавальняць запыты карыстальнікаў, дапамагае ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу і стымуляваць супрацоўнікаў не толькі маральна. Але ж не варта забывацца на аптымальныя суадносіны платных і бясплатных бібліятэчных паслуг, мэтазгодна ўлічваць пры гэтым розны сацыяльны статус чытачоў. Бібліятэка, найперш, - агульнадаступная сацыяльна-культурная ўстанова, таму да платных паслуг варта падыходзіць дыферэнцавана, з улікам магчымасцей кожнай установы.

аdm:

Якімі, у такім выпадку, бачацца перспектывы?

sluck:

У будучыні мы бачым сваю бібліятэку з якасным фондам, з найноўшай камп'ютарнай тэхнікай. А супрацоўніцтва са СМІ разглядаем як перспектыўны кірунак іміджавай палітыкі. Удзел у сённяшняй канферэнцыі дае магчымасць абмеркаваць з калегамі самае надзённае...

slonim:

Пытанне да ўсіх. Паважаныя калегі, якой вы бачыце ролю сваёй установы ў развіцці рэгіянальнага турызму?

 garadok:

Гэта найперш удзел нашага Дома рамёстваў у арганізацыі турмаршрутаў праз Гарадоччыну, да слова сказаць, - радзіму аўтара паэмы "Тарас на Парнасе" Канстанціна Вераніцына. Маю на ўвазе самы шырокі спектр культурных паслуг: дэманстрацыю рамесніцкіх тэхналогій, прадметаў традыцыйнай народнай культуры, дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, турысцкую магчымасць паспрабаваць свае творчыя сілы за кроснамі або за ганчарным кругам.

dziatlavichy:

На мой погляд, узровень турызму неабходна павышаць і развіваць. Гэта, безумоўна, станоўча паўплывае на развіццё інфраструктуры раёна і далучэнне падрастаючага пакалення да нашых культурных традыцый. adm:

Народная творчасць - адна з прынад для турыстаў... У чым тут перспектывы вашага Цэнтраьнага сельскага дома культуры і народнай творчасці?

dziatlavichy:

Ёсць упэўненасць у тым, што традыцыйная народная творчасць будзе больш істотна развівацца, бо ёсць магчымасць навучаць вялікую колькасць дзяцей, перадаваць ім свой вопыт у такіх рамёствах, як ткацтва, вязанне, вышыўка... Усім нам вядома, што цяпер мала хто займаецца, скажам, ткацтвам, а ў Цэнтры культуры і народнай творчасці гэты від рамяства стаіць на першым месцы ў справе захавання традыцый.

gorki:

Паважаная Алена Дзянісаўна! У вашай асобе хацелася б аддзячыць усім работнікам культуры Брэсцкай вобласці за гасцінны прыём і каштоўны матэрыял з вопыту работы ўстаноў культуры, з якім вашы калегі пазнаёмілі нас пад час творчага візіту работнікаў культуры Магілёўшчыны. Я думаю, што тыя праблемы, з якімі мы сутыкаемся пры адкрыцці ўстаноў новага тыпу, добра знаёмыя і вам. А гэта - штатны расклад, планаванне і арганізацыя працы... Таму (і я думаю, вы мяне падтрымаеце) неабходна абагульніць вопыт дзейнасці падобных устаноў на рэспубліканскім узроўні і ўвесці яго ў практыку клубнай работы.

dziatlavichy:

Я рада, што наш вопыт вам спатрэбіўся. Цалкам пагаджаюся з меркаваннем наконт існавання праблем планавання і арганізацыі нашай работы.

adm:

Пытанне для Алены Бараўцовай з Гарадка ў сувязі з вышэйзгаданым: як павялічыць эфектыўнасць пры рэалізацыі сувенірнай прадукцыі і твораў народных майстроў на турыстычных маршрутах і ў салонах-крамах? Пытанне адрасуем таксама калегам са Слоніма і Дзятлавічаў і ўсім зацікаўленым.

slonim:

 Галоўнае тут, на мой погляд, - каб сувенірная прадукцыя кожнага раёна мела свой непаўторны брэнд.

garadok:

Мне падаецца, што эфектыўнасць рэалізацыі сувенірнай прадукцыі ў многім залежыць сёння ад рэкламы. Неабходна аб сабе заяўляць, наладжваць цесныя сувязі з прадпрыемствамі свайго рэгіёна, рэкламаваць сябе на святах горада, праз сродкі масавай інфармацыі і выставачную дзейнасць, выдаваць каталогі сувенірнай прадукцыі і памятаць, што рэкламы шмат не бывае.

adm:

У клубнай установе Дзятлавічаў няма камп'ютара з выхадам у Інтэрнэт. Пра такую сітуацыю мы неаднаразова пісалі. А калі б быў, як бы вы яго выкарыстоўвалі? Ці сутыкаліся іншыя нашы суразмоўцы з такой сітуацыяй?

dziatlavichy:

У бібліятэцы ёсць выхад у Інтэрнэт, а мы знаходзімся пад адным дахам.

 reczyca:

Выхад у Інтэрнэт на сённяшні дзень проста неабходны! Гэта ж цудоўная магчымасць атрымання і адпраўкі патрэбнай інфармацыі. Прывяду прыклад: умовы Адкрытага фестывалю-конкурсу "Пралескі" сёлета былі размешчаны на сайце Брэсцкага музычнага вучылішча - проста і зручна. Інтэрнэт - гэта яшчэ і магчымасць хуткіх і даступных зносін з калегамі, аператыўны пошук неабходнай для ДШМ інфармацыі. Лічу, што ён павінен быць у кожнай навучальнай установе. Але ж пакуль мы такой магчымасці не маем.

adm:

 Алена Дзянісаўна, якая, на вашу думку, будучыня ў сельскіх устаноў культуры? І вашага СДК, у прыватнасці?

 dziatlavichy:

Ён ёсць і будзе ў далейшым цэнтрам культуры нашай вёскі, які задавальняе патрэбы ўсіх катэгорый насельніцтва. Працягнем праводзіць дыскатэкі, дзіцячыя танцавальныя вечары, народныя святы і абрады. На сённяшні дзень у нас ёсць носьбіты і пераймальнікі традыцыйнай народнай культуры, і таму ДК будзе запатрабаваны. Напярэдадні Дня работнікаў культуры, маючы такую магчымасць, хачу павіншаваць ўсіх з прафесійным святам. Зычу мудрасці, творчага натхнення, зялёнага святла на шляху выканання ўсіх пастаўленных задач перад намі.

gorki:

Шаноўная Алена Дзянісаўна! Хацелася б задаць пытанне, якое надта мяне цікавіць. Ці эфектыўная для кіраўніка сельскай клубнай установы метадычная вучоба, што ладзіцца ў раёне, і якія сучасныя інавацыйныя формы клубнай дзейнасці ўкаранёны вамі ў практыку на падставе атрыманых ведаў?

dziatlavichy:

З раённымі метадыстамі супрацоўнічаю пастаянна, але збольшага спадзяюся на немалы ўласны вопыт. Сваіх напрацовак пакуль хапае для эфектыўнай працы.

adm:

 Ці могуць супрацоўнікі РДР назваць сябе навукоўцамі-даследчыкамі? У чым Вам бачацца перспектывы развіцця РДР і што замінае гэтаму развіццю?

garadok:

Шаноўныя калегі, напэўна, пагодзяцца са мной, што нас усіх літаральна захлынула папяровая хваля справаздач, інфармацый, даведак, якія мы павінны прадастаўляць цягам апошняга часу. На жаль, перабор дакументацыі перашкаджае якаснай творчай дзейнасці, ператварае яе ў гонку за колькасцю мерапрыемстваў і платных паслуг.

adm:

Пытанне да Святланы Міхальковай з Горак: як вы лічыце, ці адпадзе з часам патрэба ў метадычных цэнтрах і ці будзе гэта залежаць ад прафесійнага росту работнікаў? Увогуле, наколькі важнае на сёння метадычнае забеспячэнне для сельскіх устаноў культуры?

gorki:

Мяркуйце самі. Перад метадычнымі службамі стаіць шмат задач: гэта павышэнне прафесіяналізму работнікаў культуры ў вёсках, інфармацыйнае забеспячэнне сельскіх устаноў, падтрымка і забеспячэнне інавацыйнай дзейнасці, засваенне новых інфармацыйных тэхналогій, выкарыстанне сучасных спосабаў аналізу і маніторынгу.

adm:

Наколькі распаўсюджана сярод клубнікаў такая з'ява, як "аўтарскі праект"? Або яны цалкам залежаць ад ініцыятывы метадычнага цэнтра? Як заахвочваеце крэатыў, калі ён ёсць, безумоўна?

slonim:

Не заўсёды змест аўтарскіх праектаў залежыць ад метадычных цэнтраў. Аўтарамі тут часта з'яўляюцца самі клубныя ўстановы. У Слонімскім раёне існуе Бярдовіцкі клуб фальклору - аўтар шэрагу крэатыўных праектаў. Работнікі, натуральна, заахвочваюцца матэрыяльна. Без крэатыву - якое развіццё, якое адраджэнне традыцый? На мой погляд, для таго і патрэбны цэнтры народнай творчасці і дамы рамёстваў, каб адраджаць віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, такія, як ткацтва габеленаў, вышыўка ручнікоў, вязанне.

gorki:

 Рэалізацыя аўтарскіх сацыякультурных праектаў з'яўляецца цяпер адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці спецыялістаў клубнай сістэмы Горацкага раёна. Такую форму метадычная служба асвоіла параўнальна нядаўна, але ўжо можна казаць пра тое, што яна дае станоўчы вынік пры стасунках з нашымі кадрамі, з насельніцтвам горада і раёна. Рэалізацыя сацыякультурных праектаў адметная яшчэ і тым, што накіравана на развіццё творчых ініцыятыў насельніцтва, а апошняе дазваляе прыцягваць дадатковыя крыніцы фінансавання. Першы наш аўтарскі праект, які распрацавалі метадысты РЦК, называўся "Клуб для ўсіх і пры ўдзеле кожнага" і быў рэалізаваны цягам двух гадоў. Яго асноўная ідэя - прыцягненне да клубнай дзейнасці як мага большай колькасці добраахвотных памочнікаў. Да справы падключыліся сельсаветы, грамадскія аб'яднанні, арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Сёння можна ўпэўнена сцвярджаць: цягам рэалізацыі праекта значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база клубных устаноў, у тым ліку і за кошт спонсарскай дапамогі, павялічылася колькасць творчых калектываў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці і клубных фарміраванняў. Яшчэ адзін рэалізаваны аўтарскі праект "Клуб там, дзе ты жывеш" дапамог актывізаваць работу ўстаноў культуры па абслугоўванні насельніцтва аддаленых і маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных клубаў. Аўтарам праекта стала загадчык аўтаклуба...

adm:

Пытанне для ўсіх. Хацелася б абвясціць своеасаблівы крэатыўны конкурс на лепшы крэатыўны від паслуг. Хто чым пахваліцца?

gorki:

Не ведаю, наколькі крэатыўным з'яўляецца гэты від платных паслуг на ўзроўні ўсёй краіны, але для нашага раёна ён стаў сапраўды ўзорам новых падыходаў да арганізацыі дзейнасці Дома народнай творчасці вёскі Нікуліна Горацкага раёна. Гаворка - пра аказанне комплексу паслуг па азнаямленні з традыцыйнай культурай нашага раёна. Спажыўцу прапаноўваецца прыняць удзел у абрадах і святах, узноўленых ад носьбітаў фальклору па гадавым цыкле народнага календара (народная кухня, выстаўкі вырабаў ДПМ і прадметаў традыцыйнай побытавай культуры). А навучанне рамяству - як складнік комплексу паслуг - пастаянна абнаўляецца, таму наведвальнікі гэтай установы культуры з'яўляюцца не "аднаразовымі", а пастаяннымі нашымі кліентамі.

garadok:

Сёння мы ўсе імкнёмся прыдумаць мноства цікавых платных паслуг. І менавіта таму, што для кожнай катэгорыі насельніцтва паслугі павінны быць індывідуальнымі. Мне падаецца, цікавымі з'яўляюцца паслугі пры правядзенні вясельных урачыстасцей. Да прыкладу, выраб і рэалізацыя памятных сувеніраў: ручнікоў, гліняных гаршчочкаў з напісанымі імёнамі маладых... Такія рэчы заўжды выкарыстоўваюцца пад час вяселляў. Але ж тут абавязкова патрэбны і цікавы сцэнарый.

slonim:

 Для нас вясельны абрад- таксама крэатыўны від платных паслуг. Да месца, думаю, экскурсія маладых па выставачнай зале Дома рамёстваў, арганізацыя рамесніцкіх майстар-класаў.

sluсk:

Лічу, што наша раённая і дзіцячая бібліятэкі рэалізавалі нядаўна сапраўдны крэатыўны праект: Ноч у бібліятэцы "Бібліятэка - тэрыторыя для ўсіх!", які сабраў больш за 500 жыхароў і гасцей горада. Мы прадэманстравалі магчымасці ўстаноў, іх рэсурсы для гараджан любога ўзросту. Анкеты зваротнай сувязі паказалі, што пад час акцыі (а доўжылася яна да 11-й ночы) больш за 25% наведвальнікаў пераступілі бібліятэчны парог упершыню, і многія з іх ужо сталі нашымі пастаяннымі чытачамі. Цягам праекта выкарыстоўвалі як традыцыйныя формы бібліятэчнай работы, так і новыя: бібліярэстаран "Смачная кніга", рэлакс-кафэ "Адпачні", SPAсалон "Казка, расказаная ноччу"... Супрацоўніцтва бібліятэк з клубнымі, музычнымі і іншымі ўстановамі культуры заўжды было традыцыйным: сумесна ладзяцца літаратурна-музычныя вечары, гасцёўні, сустрэчы з пісьменнікамі, святы вёсак... Лічу, што толькі сумесная творчая праца заўжды дае аптымальны вынік. У раённай бібліятэцы цяпер рэалізоўваецца праект "Случчына праз вякі", які прадугледжвае віртуальныя бібліятэчныя экскурсіі. Гэта адна з магчымасцей пазнаёміць ахвотных з гістарычнай і літаратурнай спадчынай нашага краю. Cапраўдны бібліятэкар- заўжды артыст: чалавек крэатыўны, ініцыятыўны, камунікабельны, здольны прывабіць аўдыторыю. Стэрэатып "бібліятэкар - шэрая мыш" не актуальны. Работа сучасных паспяховых бібліятэк пацвярджае гэтае правіла.

adm:

Пытанне да Рэчыцкай ДШМ: усё ж такі асноўны паказчык эфектыўнай работы ДШМ- гэта наяўнасць стыпендыятаў і лаўрэатаў фондаў Прэзідэнта, колькасць выхаванцаў, якія паступілі на адпаведныя спецыяльнасці ў ВНУ, або пералік народных і ўзорных калектываў?

reczyca:

Для вызначэння эфектыўнасці работы школы нельга аддаваць прыярытэт таму або іншаму крытэрыю, бо творчасць - гэта не вытворчасць, яна не можа быць планавай. А ацэначныя крытэрыі павінны быць гнуткімі... Я аддала б перавагу ўдзелу навучэнцаў ДШМ у конкурсах і фестывалях.

gorki:

Паважаныя ўдзельнікі онлайн канферэнцыі! Дзякуй арганізатарам, было вельмі цікава паўдзельнічаць у абмеркаванні праблем нашай сферы. Думаецца, што неўзабаве гэты форум стане адным з найбольш наведвальных! Мы віншуем усіх работнікаў культуры з прафесійным святам, а любімай газеце жадаем далейшага росквіту! Вас любяць і чытаюць!

adm:

Шаноўнае спадарства! Шчыра дзякуем за актыўны і прадуктыўны ўдзел у першай он-лайн-канферэнцыі на сайце kimpress.by, зладжанай Інфармацыйным цэнтрам "Культура-інфа"! Вельмі прыемная ваша актыўнасць! Нягледзячы на тое, што афіцыйна вызначаны тэрмін стасункаў у дзве гадзіны скончыўся, вы можаце прадоўжыць кантакты ў Інтэрнэце.

ШЧЫРА ВІНШУЕМ ВАС З ПРАФЕСІЙНЫМ СВЯТАМ - ДНЁМ РАБОТНІКАЎ КУЛЬТУРЫ! ЗЫЧЫМ ЗДАРОЎЯ, НАТХНЕННЯ, ЛЮБОВІ ДЫ КРЭАТЫЎНЫХ ЗНАХОДАК!

Гэтым разам у якасці рэдакцыйных "мадэратараў" онлайн стасункай выступілі Яўген Рагін і Юрый Чарнякевіч.

 

Матэрыялы он-лайн-канферэнцыі і працяг яе абмеркавання знойдзеце на форуме сайта газеты "Культура" - www.forum.kimpress.by.

 

 Ад рэдакцыі

Якой быць он-лайн канферэнцыі?

Давайце вырашаць разам! Шаноўныя чытачы "К"... Мы спадзяёмся, што да наймення "чытачы" неўзабаве, стала і арганічна, далучыцца і вызначэнне "юзары" на нашым сайце www.kimpress.by. Наш Інфа-цэнтр пачаў дзейнічаць. Сённяшняя он-лайн-канферэнцыя - "пілотная", пробная. Але, як зацвердзілі яе ўдзельнікі з шасці абласцей, першы блін не атрымаўся камяком. Давайце ж разам выходзіць на новы ўзровень стасункаў, калі ў абмеркаванні любога набалелага пытання возьме ўдзел не абмежаванае кола суразмоўцаў (як, скажам, пад час "райвыканкамаўскіх лятучак" з "К", ад якіх мы, дарэчы, не адмаўляемся), а літаральна ўся рэспубліка: культработнікі буйных гарадоў, раённых цэнтраў, малых паселішчаў, куды прыйшоў Інтэрнэт. Форма "камп'ютарных" стасункаў можа быць самай рознай: "круглыя сталы", прэс-канферэнцыі з запрошанай асобай, калектыўныя "мазгавыя штурмы", міжабласныя абмены крэатыўным вопытам і г. д. Якая ж праблематыка вас цікавіць? Развіццё пазабюджэтнай дзейнасці, фінансаванне праектаў, кадравыя нюансы, міжгаліновыя кантакты?.. У адпаведнасці з прапанаванай вамі тэмай мы будзем запрашаць да ўдзелу ў он-лайнканферэнцыях прадстаўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, арганізацый і прадпрыемстваў... Словам, давайце разам вызначым фармат, змест і перыядычнасць нашых новых стасункаў да 16 кастрычніка на форуме выдання - www.forum.kimpress.by ў тэме "Ёсць пытанне!". Чакаем вашых прапаноў!