Генеральныя кірункі

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Рыгор БЫСЮК, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама:

- Кожны з нас ускладае вялікі спадзеў на Дзяржпраграму развіцця культуры да 2015 года. Вызначаны генеральныя кірункі дзейнасці, падмацаваныя фінансаваннем, дакладна акрэслены перспектывы.

Больш увагі, да прыкладу, нададзена адраджэнню і развіццю гісторыка-культурнай спадчыны. А, як засведчыла нядаўняя выязная калегія Міністэрства культуры, што праходзіла на Брэстчыне, праблем тут хапае.

Будзе прадоўжана актывізацыя клубнай работы. Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла засведчыла: зроблена за пяць гадоў шмат, грошы ў аднаўленне вясковых устаноў культуры ўкладзены вялікія. Але справа, я ўпэўнены, не павінна спыняцца. Застаецца немалая патрэба ў музычных інструментах, гукаўзмацняльнай апаратуры. І гэта - таксама генеральны кірунак нашых сённяшніх і заўтрашніх намаганняў. Плануем і надалей развіваць бібліятэчную справу. Неўзабаве мяркуем распачаць грунтоўную рэканструкцыю абласной бібліятэкі...

Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу пажадаць супрацоўнікам клубных, бібліятэчных, музейных устаноў Брэстчыны цудоўнага настрою, заўсёднага натхнення, паспяховай рэалізацыі ўсіх творчых праектаў. Вы годна працуеце, і ваша праца патрэбна краіне.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"