“Жыве кніга!”

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Міжнародны беларуска-польскі навукова-практычны семінар “Кнігазнаўчыя даследаванні ў Беларусі і Польшчы: вопыт, арганізацыя, перспектывы”, прымеркаваны да 490-годдзя беларускага кнігавыдання, прайшоў 18 красавіка на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

 /i/content/pi/cult/122/476/Zhyve-kniga.jpg
Неаднаразова з вуснаў бібліятэкараў гучала на семінары пажаданне-лозунг “Няхай жыве кніга!”. Размова ішла пра кнігі ва ўсіх
варыянтах — рукапісныя, друкаваныя, кнігі на электронных носьбітах. Але, паколькі мерапрыемства праводзілася ў год юбілею выдання Францыскам Скарынам у Празе першай кнігі, значнае месца на канферэнцыі было адведзена тэме рэдкай кнігі і працы з ёй.
Былі абмеркаваны і тэарэтычныя пытанні, і работа бібліятэчных устаноў, і некаторыя праблемныя пытанні сучаснай бібліятэчнай справы.
Цікавы даклад па тэме “Міфалагемы сучаснай Скарыніяны” зрабіў доктар гістарычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Георгій Галенчанка.
У рамках сесіі “Сучасны стан развіцця навукі пра кнігу і вопыт арганізацыі кнігазнаўчых даследаванняў у Польшчы” на канферэнцыі выступілі вядомыя навукоўцы: доктар габіталяваны, прафесар Інстытута Навуковай Інфармацыі і Бібліятэказнаўства
 /i/content/pi/cult/122/476/Zhyve-kniga2.jpg

 Ларыса Доўнар

Вроцлаўскага універсітэта Кшыштаф
Мігань, доктар габіталяваны, прафесар, дырэктар Інстытута Кнігі і Чытання Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве Оскар Чарнік. Пра кнігазнаўчыя даследаванні ў Беларусі і вопыт працы ў гэтым накірунку навуковых цэнтраў расказалі: загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Камітэта па ахове кніжных помнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Галіна Кірэева, загадчыца сектарам музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Сапега, дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі Алена Іванова, кандыдат педагагічных навук, галоўны бібліятэкар аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі БДУ культуры і мастацтваў Ларыса Доўнар, загадчыкі аддзелаў рэдкіх кніг і рукапісаў Прэзідэнцкай бібліятэкі РБ Валерый Герасімаў, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАНБ Аляксандр Сцефановіч, бібліятэкі БДУ культуры і мастацтваў Тамара Самайлюк.
Да семінара ў БДУ культуры і мастацтваў падрыхтавана каштоўная выстаўка з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі і бібліятэкі універсітэта. У экспазіцыі— сучасныя выданні пра Францыска Скарыну і шэраг кніг старадаўняга кірылічнага друку. Сярод іх — “Праўда волі манашай” Феафана Пракаповіча 1726 г. в., “Жэзл праўлення” Сімяона Полацкага 1753 г. в., выдадзены ў 1888 г. Псалтыр Гродзенскай каралеўскай друкарні, выданні Маскоўскай, Чарнігаўскай друкарняў, Кіева-Пячэрскай Лаўры. Да семінара прымеркавана і выстаўка “Палоніка ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.

Наталля РУСАК