Майстар для рарытэту

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Праблемы айчынных рэстаўратараў неаднойчы агучваліся на старонках "К". І вось у будучай Дзяржпраграме "Культура Беларусі" асобна прапісана стварэнне на базе Рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспубліканскага цэнтра рэстаўрацыі і кансервацыі. У выніку Беларусь павінна атрымаць у гэтай установе высакаякасную квінтэсэнцыю навукі, адукацыі, пошуку і аднаўлення нацыянальных мастацкіх скарбаў.

/i/content/pi/cult/290/4759/pic_13.jpgСедзячы на чамаданах

На мінулым тыдні, пад час наведання Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Нацыянальнага мастацкага музея краіны, шмат гаварылася аб планах стварэння сучаснага музейнага квартала. Як падкрэсліў дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў, стварэнне неабходнай інфраструктуры паспрыяе далейшай плённай працы. У гаворцы пра план дырэктар установы зрабіў асаблівы акцэнт і на пошук месца для размяшчэння Рэспубліканскіх рэстаўрацыйных майстэрняў.

Як вядома, яшчэ ў 2006 годзе галоўны музей краіны займеў новы корпус, дзе, у шэрагу памяшканняў, былі адкрыты і дадатковыя майстэрні для рэстаўрацыйнага аддзела. Аднак спраектаваныя шмат гадоў таму пакоі ўжо перасталі адпавядаць сучасным патрабаванням да памяшканняў такога кшталту. Зрэшты, з надыходам новага тысячагоддзя змянілася стаўленне да самой сутнасці работы. Спецыялісты такога высокага рангу павінны стаць рухавіком, які збярэ вакол сябе прафесіяналаў з рэгіёнаў, каб вырашаць пытанні ў маштабах краіны.

У гэтым рэчышчы, згодна з праектам Дзяржпраграмы, мусіць быць зроблены сапраўдны прарыў: на бліжэйшую пяцігодку на базе музея закладзена стварэнне Рэспубліканскага цэнтра рэстаўрацыі і кансервацыі. З гэтай нагоды ў праекце будучага музейнага квартала адзін з будынкаў цалкам мяркуецца аддаць пад новую ўстанову.

- Сёння ў краіне плённа працуе не больш як паўсотня рэстаўратараў, але далёка не ўсе прадстаўнікі нашай прафесіі з рэгіёнаў ведаюць аб дасягненнях, вынаходніцтвах сваіх калег, аб навінках у методыках і магчымасцях, - кажа загадчык рэстаўрацыйнага аддзела НММ Аркадзь Шпунт.

Структура Нацыянальнага мастацкага стане шматпрофільнай установай, якая сканцэнтруе профільную навуку краіны пад адным дахам. Шчыльнае супрацоўніцтва ў маштабах краіны дапаможа "падцягнуць" рэстаўрацыйную работу тым музеям, у каго не стае магчымасцей або ўвогуле няма неабходнага абсталявання (у апошнім выпадку творы мастацтва стануць накіроўваць у сталіцу).

- У гэтай сувязі адразу ўзгадваю НДІ рэстаўрацыі і кансервацыі, які дзейнічаў за савецкім часам у Маскве, - дадаў Аркадзь Шпунт. - Ён з'яўляўся сапраўднай Меккай для рэстаўратараў саюзных рэспублік і шматлікіх замежных краін. Я ўзгадваю настаўнікаў: мы глядзелі на гэтых карыфеяў, як на багоў, а магчымасць атрымаць вышэйшую кваліфікацыю рэстаўратара ў тым Інстытуце, па сутнасці, давала допуск да працы на сусветным узроўні. Вельмі хочацца наблізіць і айчынную навуку да такога маштабу. На мой погляд, стварэнне Рэспубліканскага цэнтра дае для гэтага ўсе падставы.

 

Са скальпелем і мікраскопам

Для Рэспубліканскага цэнтра рэстаўрацыі і кансервацыі плануецца набыць найноўшае абсталяванне. Аднак нават спецыялізаваны мікраскоп славутага брэнда або ўнікальны дубліяваны стол ператвараюцца ўсяго ў выставачныя экспанаты, калі не знойдуцца залатыя рукі для карыстання імі.

Для вырашэння кадравай праблемы ў рэстаўрацыйнай галіне набралі ў свой час спецыялізаваны курс у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Але справа гэтая як, пэўна, ніякая іншая прафесія патрабуе пастаяннай практыкі, вось толькі наладзіць паўнавартасны навучальны працэс у майстэрнях Нацыянальнага мастацкага музея пакуль не атрымлівалася.

- Сёння ў маім аддзеле працуюць 18 чалавек, і ўсе яны цесна заняты музейнай паўсядзёнкай, навуковымі пошукамі. А заняткі з вучнем - праца вельмі адказная: калі, крый божа, ён сапсуе рарытэт, дык вінаватым акажацца, вядома ж, майстар. Спадзяюся, што ў Цэнтры будзе асобна наладжаны навучальны працэс, пад гэта спецыяльна выдаткоўваюць час і навуковую базу. Тады супрацоўнікі з задавальненнем возьмуцца за практыкантаў,- падкрэсліў суразмоўца "К". - Дарэчы, на маёй памяці ёсць падобны плённы вопыт,- дадаў Аркадзь Шпунт. - У семідзесятых гадах да нас прыязджалі вучыцца калегі з Літвы. На той момант высокакваліфікаваных рэстаўратараў у суседзяў было небагата. Яны імкнуліся як мага больш дазнацца, а потым на радзіме перадавалі веды моладзі. У выніку сёння ў невялікай краіне - 87 рэстаўратараў вышэйшага ўзроўню! І цяпер ужо нам даводзіцца па некаторых пытаннях кансультавацца ў іх.

Паглыбленая падрыхтоўка спецыялістаў дапаможа захаваць для нашчадкаў вялізны пласт рарытэтаў, які знаходзіцца па-за межамі фондаў музеяў. Калі раней гаварылі толькі аб навуковай рэстаўрацыі для дзяржаўных захавальніц скарбаў, то цяпер рэальнасцю стала выкананне заказаў для антыкваршчыкаў і рэлігійных устаноў.

Шыкоўная навуковая база дае падставы для новых адкрыццяў. Ужо сёння дзейнічае ўнікальная лазерная ўстаноўка для ачысткі твораў мастацтва з бронзы і іншых металаў - вынік сумеснай дзейнасці з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

 

З чаго ж пачаць?

Цяпер у рэстаўрацыйных майстэрнях Нацыянальнага мастацкага працуюць спецыялісты ўсіх профіляў. Аднак ніхто не стане спрачацца, што, прыкладам, алейны жывапіс старадаўнебеларускага мастака вельмі адрозніваецца ад такіх жа па матэрыяле выканання палотнаў заходнееўрапейскага творцы. Значыць, і рэстаўрацыяй такіх работ павінны займацца розныя людзі.

Зыходзячы з гэтага тэзіса, у НММ адбыўся функцыянальны падзел рэстаўрацыйнага аддзела на сектары старажытнабеларускага, заходнееўрапейскага, старажытнарускага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэты крок можна назваць падрыхтоўкай да мэтанакіраванай працы ў Цэнтры.

- Атрымаўшы асобную ўстанову, мы зможам кожны з сектараў падзяліць на галіны, - растлумачыў Аркадзь Шпунт. - Скажам, дэкаратыўна-прыкладны: сёння у ім змяшаны графіка, метал, тканіна, рамы, фарфор. Мы ж плануем для кожнай з пяці спецыялізацый адвесці асобны сектар: такая вузкая скіраванасць дапаможа больш плённа працаваць з фондамі, а таксама рыхтаваць добрых спецыялістаў па пэўных напрамках. Дарэчы, новы падыход да разгалінавання майстэрняў паспрыяе вырашэнню праблемы, якая даўно наспела ў рэгіёнах, дзе часцяком усімі відамі рэстаўрацыі займаецца адзін чалавек.

Падобнае разгалінаванне больш раўнамерна размяркуе нагрузку на спецыялістаў. Тады сярод музейных спраў з'явіцца больш часу на навуковую працу.

- Прынамсі, у фондах старажытнабеларускага мастацтва музея - 250 работ, да якіх яшчэ не дакраналася рука рэстаўратара!- зазначае суразмоўца. - Ніхто не ведае, якія скарбы яны захоўваюць. На маю думку, у Рэспубліканскім цэнтры можна ўвесці і асобны аддзел па раскрыцці фондаў.

Сам Аркадзь Шпунт змог знайсці ў фондах невядомую раней ікону, у якой пад чатырма слаямі фарбы адкрылася выява Божай Маці з немаўлём. Ікона ХVІІ стагоддзя амаль 40 гадоў ляжала ў сховішчах, нікім не заўважаная!

На сродкі гранта Прэзідэнта краіны Нацыянальны мастацкі набыў неабходныя інструменты, матэрыялы і абсталяванне, каб рэстаўратары змаглі раскрыць дзесяць работ сакральнага мастацтва.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"