Павел ЛАТУШКА, міністр культуры Рэспублікі Беларусь: “Нам не трэба ствараць легенд — наша культура і без таго глыбінная...”

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Сёлетні Дзень работнікаў культуры супаў з этапнай падзеяй — вызначэннем стратэгіі развіцця галіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Ініцыятывы і інавацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады сталі тэмай гутаркі карэспандэнта “К” з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам ЛАТУШКАМ.

/i/content/pi/cult/290/4756/pic_6.jpgПазіцыянаванне мовай культуры

- Кожны новы этап у жыцці грамадства або канкрэтнага суб'екта прадугледжвае пэўныя змены. Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на бліжэйшую пяцігодку - гэта "новы паварот" або плаўная карэкціроўка курсу?

- Перш-наперш варта адзначыць, што прыняцце Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады ўпершыню плануецца на ўрадавым узроўні. Думаецца, гэты факт сам за сябе сведчыць пра ўвагу кіраўніцтва краіны да духоўнай сферы жыцця яе грамадзян.

Стратэгічнай мэтай дзяржаўнай палітыкі ў сферы культры з'яўляецца развіццё і эфектыўнае выкарыстанне культурнага патэнцыялу краіны, падтрымка культурных інавацый. У сувязі з гэтым патрабуецца правесці структурныя пераўтварэнні арганізацыйна-гаспадарчага механізма ў сферы культуры, новыя формы яе эканамічнай падтрымкі, прадоўжыць працу па стварэнні цывілізаванага рынку паслуг, актыўна ўключыцца ў сусветныя працэсы развіцця культуры.

Галоўны акцэнт пры распрацоўцы Дзяржаўнай праграмы быў зроблены на інавацыйныя падыходы, сярод якіх - стварэнне сістэмы нацыянальных прэферэнцый для культуры краіны; прыцягненне прыватнага капіталу ў сферу культуры праз развіццё спонсарства і мецэнацтва; развіццё механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства; падтрымка культурных ініцыятыў і праектнай дзейнасці; рэфармаванне сістэмы менэджменту, укараненне інфармацыйных тэхналогій у практыку кіравання ў сферы культуры; стварэнне ўмоў для эфектыўнага функцыянавання інстытута прадзюсерства; паышэнне якасці, канкурэнтаздольнасці інвестыцыйнай прывабнасці прафесійнай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва; прасоўванне беларускай культуры за мяжой.

Адным з галоўных прыярытэтаў застанецца падтрымка развіцця культуры ў рэгіёнах - як база развіцця ўсёй нашай сферы.

- Дзяржпраграма падкрэслівае ролю культуры як найбольш эфектыўнага рэсурсу пазіцыянавання краіны ў міжнароднай супольнасці. Але сёння культуру нашай маладой дзяржавы за мяжой яшчэ і пагэтуль раз-пораз называюць terra incognita, ставячыся да яе з уласцівай для неспазнанага цікаўнасцю. Як пазбыцца такога іміджа і ператварыць цікаўнасць у зацікаўленасць?

- У праекце праграмы, між іншым, прадугледжаны раздзел "Умацаванне іміджа нацыянальнай культуры за мяжой". Багаты патэнцыял беларускай культуры, яе адметнасць неабходна выкарыстоўваць для фарміравання і ўмацавання станоўчага міжнароднага іміджа рэспублікі. У іміджавых камунікацыях дзяржавы культура з'яўляецца найбольш эфектыўным рэсурсам пазіцыянавання краіны на замежныя аўдыторыі. Рэпутацыя Рэспублікі Беларусь у свеце як краіны з вялікім духоўна-маральным патэнцыялам грамадства, высокім узроўнем развіцця ўсіх форм традыцыйнай і сучаснай культуры будзе садзейнічаць умацаванню аўтарытэту дзяржавы і даверу да яе як да надзейнага партнёра ў іншых сферах жыцця (такіх, як палітыка, эканоміка, права), станоўча паўплывае на інвестыцыйны клімат, развіццё міжнароднага турызму, міграцыйныя працэсы і іншае.

У сваёй практычнай дзейнасці Міністэрства зыходзіць з таго, што наша культура з'яўляецца неад'емнай часткай агульнаеўрапейскай культуры.

На фоне еўрапейскага культурнага ландшафту культура нашай краіны можа разглядацца як унікальная паводле ступені захаванасці сваіх аўтэнтычных форм, магутнай спадчыны этнічнай культуры, жывога песенна-музычнага фальклору, традыцыйных рамёстваў, шматжанравага прафесійнага мастацтва, індывідуальнай і калектыўнай мастацкай творчасці.

Усё гэта дае нам сёння падставы наладжваць цесныя кантакты ва ўсіх галінах культурнага жыцця з сусветным супольніцтвам, з краінамі-суседзямі, весці з імі нармальны, узаемазацікаўлены дыялог.

Адной з найбольш прадстаўнічых і маштабных форм міжнароднага культурнага супрацоўніцтва па-ранейшаму застаюцца Дні культуры Рэспублікі Беларусь за мяжой і Дні культуры замежных краін у Беларусі.

Цягам гэтага года міністэрствам праведзены Год культуры Беларусі ў Расіі, Дні культуры Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Венгрыі, Казахстане, Літве, Украіне.

Праз два дні адбудзецца Нацыянальны дзень Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2010" у Шанхаі з удзелам беларускіх калектываў і выканаўцаў. Бліжэйшым часам распачынаюцца мерапрыемствы Дзён культуры Беларусі ў Кітаі. Да канца года плануюцца Дні культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу.

У 2010 годзе ў Беларусі ўпершыню за гісторыю суверэнных двухбаковых адносін прайшлі Дні культуры Сірыі і Туркменістана.

У чэрвені ў Навагрудку праведзены шэраг урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, з запрашэннем замежных удзельнікаў і гасцей.

Разам з тым, мы павінны прызнаць, што патэнцыял беларускай культуры яшчэ недастаткова выкарыстоўваецца для фарміравання і ўмацавання міжнароднага іміджа Рэспублікі Беларусь. Менавіта пагэтаму важна, каб культурнае супрацоўніцтва не абмяжоўвалася толькі асобнымі акцыямі па распаўсюджванні за мяжой праўдзівай інфармацыі аб Беларусі і яе культурным жыцці.

Нам падаецца неабходным працягваць дзейнасць па наступных накірунках.

Стымуляванне гастролей беларускіх тэатраў, артыстаў оперы, балета, эстрады, сімфанічных аркестраў, выставак беларускіх мастакоў за мяжой.

Важным прыярытэтам з'яўляецца арганізацыя культурных акцый за мяжой, у першую чаргу - у суседніх краінах і стратэгічных партнёрах Беларусі.

Міністэрства лічыць важным пашырэнне ўзаемадзеяння з Саветам Еўропы ў сферы культуры, удзел у праектах і праграмах Савета Еўропы, адкрытых для краін - не членаў Арганізацыі, удзел у культурных праектах у рамках ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства".

Па ініцыятыве Міністэрства ў праекце Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. прадугледжваецца пашырэнне сеткі культурных цэнтраў Беларусі ў замежных краінах. Мы разлічваем, што іх сетка можа пашырыцца за кошт адкрыцця цэнтраў у Маскве, Вільнюсе, Берліне, Празе, Кіеве. Развіццё культурных сувязей з беларускай дыяспарай у розных краінах свету і дзейнасць у сферы аховы інтарэсаў суайчыннікаў у галіне культуры і мастацтва.

Святкаванне знамянальных гістарычных дат і юбілеяў асоб, якія прыналежаць да агульнай гістарычнай спадчыны Беларусі і замежных краін. Бліжэйшымі найважнейшымі мерапрыемствамі ў гэтым накірунку могуць стаць святкаванне ў 2011-м 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і ў 2012-м - 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ушанаванне памяці класікаў беларускай літаратуры і культуры ў замежных краінах, выданне твораў беларускіх аўтараў на замежных мовах. Напрыклад, у гэтым годзе сумесна з Беларускім фондам культуры будзе выдадзены твор Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох мовах.

Арганізацыя стажыровак рэжысёраў тэатра, кіно і канцэртных мерапрыемстваў, арганізацыя стажыровак рэстаўратараў і экспертаў па пытаннях захавання гісторыкакультурнай спадчыны, вывучэння вопыту замежных краін у справе стварэння сістэмы прадзюсерства ў сферы культуры.

Важным інструментам рэгулявання працэсаў у галіне міжнародных культурных сувязей з'яўляецца фарміраванне дагаворнай базы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва як умовы раўнапраўнага супрацоўніцтва з культурамі народаў іншых дзяржаў. З гэтай мэтай цягам 2010 года Міністэрства падрыхтаваны і падпісаны міжнароднае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны з Украінай, праграмы супрацоўніцтва з міністэрствамі культуры Літвы, Сірыі, Украіны, рыхтуюцца да падпісання праграмы з Польшчай і Расіяй.

Упэўнены, што вышэйзгаданыя і іншыя намаганні здольныя прынесці плён у справе папулярызацыі беларускай культуры за мяжой і стварыць прывабны вобраз Беларусі ў свеце праз знаёмства з нашай культурай.

- Манументальнае ўвасабленне выбітных постацей айчыннай культуры на вуліцах замежных гарадоў - яшчэ адзін цудоўны спосаб выклікаць цікавасць да нашай краіны сярод іх жыхароў. Ці павялічыцца колькасць такіх "беларускіх куткоў" у блізкім і далёкім замежжы?

- На сённяшні дзень устаноўлены помнікі Францыску Скарыну - у Празе, Янку Купалу - у Маскве і Нью-Ёрку, Адаму Міцкевічу - у Львове, Варшаве, Кракаве, Вільнюсе. Вельмі важна, што нашы захады маюць важкую падтрымку з боку кіраўніцтва дзяржавы. Дзякуючы дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Украіны, у бліжэйшы час у Кіеве будзе адкрыты помнік нашаму выбінаму класіку Уладзіміру Караткевічу. Распачынаем працу над стварэннем помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве. Абмяркоўвалі з Міністэрствам культуры Літвы і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Вільнюсе магчымасць стварэння помніка Францыску Скарыну на вуліцы Полацкай у Вільнюсе. Звярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з прапановай адкрыцця мемарыяльнай дошкі Яну Баршчэўскаму ў Санкт-Пецярбургу, помніка аднаму з дзеячаў беларускай культуры ў Рызе.

Вельмі важна, каб ва ўсіх суседніх краінах былі месцы, што падкрэслівалі б нашы культурныя сувязі - праз тыя постаці, якія нас не падзяляюць, але аб'ядноўваюць. З іншага боку, гэта ўзмацняе культурна-гістарычную свядомасць беларускага народа, выклікае заканамерны гонар за нашу культурную спадчыну і сведчыць пра яе справядлівае прызнанне ў свеце.

У той самы час, ушанаванне выбітных постацей беларускай культуры можа адбывацца не толькі шляхам манументальнага мастацтва, але таксама і праз правядзенне розных акцый і імпрэз, выданне літаратуры на замежных мовах. Першы такі праект мае быць рэалізаваны ўжо ў самы бліжэйшы час. Да юбілею Уладзіміра Караткевіча Міністэрства культуры краіны сумесна з Беларускім фондам культуры рыхтуе выданне "Дзікага палявання караля Стаха" на чатырох мовах: беларускай, рускай, украінскай і англійскай. Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў плануем прэзентаваць гэтую кнігу ў шэрагу еўрапейскіх краін.

- Да 80-х угодкаў класіка, якія прыпадаюць на 26 лістапада, запланаваны шэраг разнастайных імпрэз. Аднак тут узнікае пытанне: ці ўбачым мы ў бліжэйшай перспектыве новыя экранізацыі твораў Караткевіча? Можа, менавіта сярод іх тояцца карані першага айчыннага "блокбастэра"?

- Караткевіч - гэта постаць, дзякуючы якой многія беларусы ўсвядомілі гістарычныя карані сваёй нацыі, пазнаёміліся з яе мінуўшчынай. І таму вельмі важна "перакласці" яго неўміручыя творы на сучасную кінамову, зрабіць іх больш даступнымі для цяперашняй моладзі.

На маім рабочым стале- сцэнарый чатырохсерыйнага мастацкага фільма "Каласы пад сярпом тваім", напісаны Аляксандрам Качаном паводле знакамітага твора Караткевіча. Здымкі такой стужкі - вельмі маштабны праект, які запатрабуе вялізных арганізацыйных і матэрыяльных выдаткаў. Але, думаецца, яго значэнне для беларускай культуры і грамадства ў цэлым шматкроць апраўдае ўсе затраты.

Не так даўно "Беларусьфільм" па даручэнні Міністэрства культуры выкупіў у спадкаемцаў класіка аўтарскія правы на здымкі фільма па рамане "Чорны замак Гальшанскі". Зусім нядаўна абмяркоўвалася з прадстаўнікамі буйной расійскай кінастудыі "Цэнтрал партнершып" магчымасць сумеснага ажыццяўлення гэтага праекта.

Адступіўшы на крок ад прапанаванай вамі тэмы "блокбастэра", нагадаю, што акурат да юбілею Караткевіча на кінастудыі "Беларусьфільм" быў зняты дакументальны фільм "Быў. Ёсць. Буду". Яго прэм'ера адбудзецца неўзабаве.

- У часавы адмежак, акрэслены Дзяржпраграмай, таксама трапляюць юбілеі класікаў нашай літаратуры. Налета мы адсвяткуем 120годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, праз год - 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа...

- Тры згаданыя вамі постаці, якія вызначылі развіццё беларускай літаратуры ў ХХ стагоддзі, застаюцца ў сістэме прыярытэтаў дзяржаўнай культурнай палітыкі і ў наш век. Іх творы прыадкрываюць вечныя загадкі быцця, і таму яны ніколі не страцяць актуальнасці. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да будучых угодкаў двух вялікіх Песняроў, мае красамоўную назву: "Янка Купала і Якуб Колас у сістэме дзяржаўнакультурных і духоўных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя".

Плануецца стварэнне нацыянальных аргкамітэтаў па святкаванні згаданых юбілеяў.

Таму ўжо сёння Міністэрства культуры краіны сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання і зацікаўленымі арганізацыямі рыхтуецца да святкавання гэтых юбілеяў. Іх праграма будзе ўключаць цэлы шэраг разнастайных мерапрыемстваў па ўсёй краіне, і перадусім- у тых мясцінах, якія непасрэдна звязаны з жыццём слынных творцаў. Варта асабліва адзначыць: мы прыкладзём усе намаганні, каб юбілеі нашых выбітных класікаў мелі шырокі розгалас не толькі ў краіне, але і за мяжой.

Трэба вярнуцца да творчасці класікаў, дайсці з іх спадчынай да як мага большага кола сучаснікаў. Бо гэтая спадчына "ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася...". Хаця, думаю, не толькі юбілеі павінны нас вяртаць да класікі Купалы і Коласа, гістарычнага патрыятызму і лірыкі Багдановіча.

 

Спаборніцтва ў храме муз

- Ролю музеяў у фарміраванні іміджа краіны цяжка пераацаніць. Аднак экспазіцыя многіх нашых "храмаў муз" патрабуе "абсучаснівання", забеспячэння мультымедыйнымі тэхналогіямі...

- З гэтым цяжка не пагадзіцца. Сапраўды, наведвальнік сёння вельмі патрабавальны, і таму "кансерватыўны" варыянт музея, да якога прызвычаены папярэднія пакаленні, наўрад ці яго задаволіць. Таму праграмай "Культура Беларусі" прадугледжана стварэнне шэрагу новых экспазіцый - з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій - ва ўсіх рэіёнах краіны. Але непасрэдна поспех гэтай ініцыятывы залежыць і ад мясцовых улад, якія фарміруюць бюджэт, і ад саміх музейшчыкаў: яны павінны прапанаваць цікавыя праекты, грамадская актуальнасць якіх апраўдвала б усе затраты.

- Але якімі б дасканалымі ні былі мультымедыйныя тэхналогіі, "сэрца" /i/content/pi/cult/290/4756/pic_7.jpgэкспазіцыі - гэта ўсё адно музейныя прадметы. Іх набыццё патрабуе немалых сродкаў... 

- Дзяржпраграма ўпершыню прадугледжвае выдаткі на гэтую мэту: каля 4 мільярдаў. Прычым патрэбныя для папаўнення экспазіцыі прадметы музеі змогуць шукаць не толькі ўнутры краіны (а гэта часам вельмі праблематычна), але і за мяжой, дзе антыкварны рынак куды больш развіты. Дарэчы, Міністэрства культуры Беларусі прапанавала зняць абмежаванні на вываз культурных каштоўнасцей у рамках Мытнага саюза. Таму некаторыя супрацоўнікі галіны займеюць досвед удзелу ў замежных аўкцыёнах. Спадзяёмся, што дзякуючы дзяржаўным выдаткам Музейны фонд значна папоўніцца важнымі для нашай культуры рарытэтамі.

- Але, зразумела, набыць магчыма не ўсё, што хацелася б убачыць у сценах музеяў. Я меў на ўвазе перадусім неаспрэчныя шэдэўры. Але ёсць выйсце - часовыя выстаўкі. Ці рэальна арганізаваць у Мінску дэманстрацыю твораў, скажам, Ван Гога або Пікаса?

- У суседніх краінах выставачныя праекты такога маштабу паспяхова праходзяць, што падштурхоўвае нас да больш актыўнай дзейнасці ў гэтым напрамку. Галоўная праблема, з якой нязменна даводзіцца сутыкацца, - фінансавае забеспячэнне страхавых гарантый. Як вы самі разумееце, сумы ў такіх выпадках фігуруюць вельмі ўнушальныя, і сродкамі Міністэрства культуры забяспечыць гэтыя гарантыі немагчыма. Таму мы прапаноўваем варыянт стварэння рэзервовага фонду пры Міністэрстве фінансаў краіны, які забяспечваў бы страхавыя выплаты ў выніку надзвычайнай сітуацыі.

Практыка паказала, што апошнім часам ні ў нашай краіне, ні, скажам, у суседняй Расіі не адбылося ніводнага выпадку, калі значны твор мастацтва быў скрадзены або пашкоджаны. Адпаведна, рызыка, на якую ідзе ў дадзеным выпадку дзяржава, зусім невялікая. Тым больш, яе апраўдвае магчымасць убачыць шэдэўры Пікаса і Ван Гога на ўласныя вочы, якую атрымаюць усе грамадзяне дзякуючы стварэнню механізма дзяржаўных гарантый.

- Пад час нядаўняга наведвання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага мастацкага музея былі агучаны новыя маштабныя планы: стварэнне музейнага квартала і Цэнтра сучаснага мастацтва. Яны абумоўлены іміджавым фактарам або рэальнымі патрэбамі культурнага асяроддзя?

- Думаю, абодва адказы будуць слушныя, але ў першую чаргу, вядома, другі. Паўстанне музейнага квартала па перыметры вуліц Леніна, Маркса і Кірава (дарэчы, самі назвы ўжо маюць музейны змест) дазволіць шырокай публіцы азнаёміцца з тымі выдатнымі творамі мастацтва, якія цяпер знаходзяцца ў фондавых калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, бо выставачных плошчаў для іх экспанавання бракуе. Гэты праект будзе патрабаваць значных фінансавых выдаткаў, а на яго рэалізацыю спатрэбіцца нямала часу, але важна, што прынцыповае рашэнне ўжо прынята. І на працягу 5 - 10 гадоў можна чакаць канкрэтных вынікаў.

Што да Цэнтра сучаснага мастацтва... Фактычна, мы - адзіная краіна ў гэтай частцы Еўропы, якая не мае ў сваёй сталіцы падобнай установы, і таму іміджавы фактар у яе стварэнні таксама прысутнічае. Але... ізноў жа, не ён галоўны. Паглядзіце, колькі ў нас цікавых маладых мастакоў! І ці не прыспеў час стварыць новую прастору і новыя магчымасці для іх самавыяўлення? З іншага боку, і беларуская аўдыторыя з цікавасцю азнаёміцца з эстэтычнымі навінкамі ў сферы выяўленчага мастацтва, арт-дызайну, відэа-арта, архітэктуры, усіх іншых праяў сучаснай візуальнай культуры. Водгукі нашых суайчыннікаў, якім давялося пабываць у падобных цэнтрах за мяжой, сведчаць за тое, што гэтая ўстанова ў Мінску будзе вельмі запатрабавана.

Як вам, напэўна, ужо вядома, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даручыў прапрацаваць гэтую ідэю. Мы прапануем стварыць такі цэнтр у пустым сёння будынку, размешчаным у парку Чалюскінцаў, адзначыўшы, што дадзенае месца - вельмі зручнае і ўдалае. Дадам яшчэ, што перамовы на гэты конт з Мінскім гарвыканкамам ужо вядуцца.

- У Дзяржаўнай праграме заяўлены таксама і новы фестываль - своеасаблівае спаборніцтва музеяў. Цікава, у якім фармаце плануецца яго праводзіць?

- Музейны фестываль - гэта не толькі спаборніцтва, але і сустрэча прафесіяналаў, каласальны абмен досведам, магчымасць падзяліцца думкамі, абмеркаваць актуальныя пытанні. Гэтаму прысвечана дзелавая праграма фестывалю "Інтэрмузей", пад час якой музеі-ўдзельнікі ствараюць свае прадстаўніцкія экспазіцыі, прэзентуюць друкаваныя выданні і электронныя аўдыявізуальныя прадукты, праводзяць майстар-класы.

А вось конкурсная праграма прадугледжвае сапраўднае спаборніцтва ў розных намінацыях: лепшы выставачны або выдавецкі праект, лепшая музейна-педагагічная праграма для мэтавай аўдыторыі і г. д. Асаблівая ўвага надаецца інавацыям рознага кшталту, сучасным інфармацыйным тэхналогіям, рэкламна-выдавецкай дзейнасці.

Упэўнены, што такі праект даўно чакаюць музейшчыкі краіны, а яго правядзенне адкрые новыя старонкі ў развіцці музейнай справы Беларусі. Дарэчы, магу прапанаваць спецыялістам у гэтай сферы цікавую тэму для абмеркавання. Мае калегі з беларускага Урада часта пытаюць: а ў які час можна наведаць той або іншы музей? Але тут высвятляецца, што чалавек, які працуе да шостай гадзіны вечара - як, між іншым, большасць нашых суайчыннікаў, - трапіць у гэтую ўстанову ўжо не паспявае. Можа, варта задумацца над распрацоўкай такога графіка працы, які быў бы больш зручным для наведвальнікаў?

 

"Зялёнае святло" для прадзюсерскай ініцыятывы

- Не сакрэт, што творча-вытворчы складнік сферы культуры наўпрост залежыць ад эканомікі. Якія фінансавыя рэсурсы спатрэбяцца для эфектыўнай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі"?

- Эканоміка з'яўляецца вызначальным фактарам у развіцці многіх сфер жыцця грамадства, але паставіўшы выключна на эканамічныя рэйкі развіццё культуры, мы рызыкуем многае страціць. У гэтай сферы трэба перш-наперш не "гнацца за рублём", а дбаць менавіта аб творчых выніках, якія не заўсёды прама прапарцыйныя грашоваму прыбытку. Але, у той самы час, вы вельмі слушна адзначылі пра залежнасць "творчага складніка ад эканамічнага фактару". Без яго ўліку ў сферы культуры далейшае развіццё галіны выглядае праблематычным.

Спосабы вырашэння гэтай дылемы, апрабаваныя ў іншых краінах, падштурхоўваюць нас да думкі, што прыспеў час прымяніць паняцце "эканоміка культуры" і да беларускай рэчаіснасці. А таксама - стварыць механізмы, здатныя забяспечыць устойлівае развіццё гэтай з'явы.

Без сумневу, галоўнай крыніцай фінансавання культурных ініцыятыў застаецца дзяржаўны бюджэт - як рэспубліканскі, так і муніцыпальныя. На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы з гэтых крыніц запланаваны немалыя сродкі: 1 трыльён 140 мільярдаў рублёў. Але пры гэтым неабходна задумацца пра больш рацыянальныя і эфектыўныя механізмы выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў.

- Уласна, гэтую мэту ставіць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 457, які ўступае ў сілу з 1 студзеня 2011 года і прадугледжвае новы падыход да фінансавання тэатральна-відовішчных арганізацый...

- Дзякуючы Указу Прэзідэнта, удасца стварыць тую схему, пры якой і кіраўнік, і кожны супрацоўнік установы будуць зацікаўлены працаваць больш эфектыўна і якасна. Бо да 90% сродкаў, заробленых арганізацыяй звыш нарматыўнага фінансавання, могуць быць накіраваны на заробак яе супрацоўнікаў. І такі стымул павінен прыносіць вынікі - у тым ліку і творчыя.

- Апошнім часам шмат гаворкі вядзецца аб прыцягненні ў сферу культуры прыватнага капіталу. Але ці створаны тыя ўмовы, якія здатныя натхніць прагматычнага бізнэсмэна ахвяраваць уласныя грошы на развіццё культуры?

- Сапраўды, стварэнне прывабных умоў для прыцягнення прыватнага капіталу - гэта вельмі перспектыўны спосаб ажыццяўлення многіх цікавых творчых ініцыятываў. Тут варта адзначыць два шляхі: рэалізацыю дзяржаўна-прыватных праектаў і стварэнне сістэмы спонсарства і мецэнацтва.

Дзеючая сёння нарматыўна-прававая база не вельмі спрыяе такім пачынам. Таму Міністэрства культуры выступіла перад кіраўніцтвам краіны з прапановай аб яе ўдасканаленні. Маецца на ўвазе перадусім увядзенне льготных падаткаў на прыбытак і дабаўленую вартасць у тых выпадках, калі прадпрыемства выдаткоўвае сродкі на падтрымку культурных праектаў.

Без сумневу, падрыхтоўка адпаведнай нарматыўнай базы - гэта сістэмная праца, якая запатрабуе нямала часу. Мы гатовы да таго, што ацэнкі нашай дзейнасці ў гэтым напрамку з боку іншых дзяржаўных устаноў, магчыма, будуць супярэчлівыя. Але варта адзначыць: такі падыход да эканомікі культуры зусім не новы. Падобныя сістэмы ўжо паспяхова функцыянуюць у іншых краінах свету. Гэта сістэмы нацыянальных эканамічных прэферэнцый для нацыянальнай культуры.

Вялікі плён таксама можа прынесці стварэнне апякунскіх саветаў пры вядучых установах культуры. Ужо падрыхтаваны праект адпаведнага нарматыўна-прававога акта, прыняцце якога створыць ільготны механізм для ажыццяўлення добрых намераў суб'ектаў гаспадарання (у тым ліку і прыватных), што гатовы выдаткаваць частку сваіх сродкаў на падтрымку культуры.

 

Ці патрэбны піяр для Мельпамены?

/i/content/pi/cult/290/4756/pic_8.jpg- На мінулым тыдні Урад краіны прыняў пастанову аб заснаванні Нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь. На Вашу думку, ці здолее гэтае своеасаблівае "спаборніцтва" стаць стымулам для творчых асоб і, у той самы час, - удалай піяр-акцыяй для мастацтва Мельпамены?

- Другая частка вашага пытання абсалютна слушная. Сапраўды, Нацыянальная прэмія скіравана не толькі на стымуляванне прафесійнага росту нашых майстроў сцэны, але і на павышэнне ўвагі грамадства да іх набыткаў. Бо яны папраўдзе гэтай увагі вартыя! Упэўнены, што заснаванне Нацыянальнай тэатральнай прэміі стане добрым стымулам для стварэння новых яркіх твораў, удасканалення майстэрства, задаткам пастаяннага руху ды творчага развіцця. А значыць - і гарантыяй поспеху і прызнання нашага тэатральнага мастацтва як на радзіме, так і за яе межамі.

Хаця, напэўна, празмернага піяру айчынны тэатр і не патрабуе. Часта бываю на спектаклях - прычым не толькі прэм'ерных - і бачу ў зале поўны аншлаг, а ля дзвярэй - "паляўнічых" на "лішні білецік". І гэта нават не зважаючы на тое, што тэатральнае мастацтва заўсёды лічылася элітарным, а ў сённяшнім свеце ў яго існуе нямала канкурэнтаў!

Так, запатрабаванасць нашага тэатра не можа не радаваць. Але, з іншага боку, такі стан рэчаў натхняе і на іншую думку: ці дастаткова для Беларусі тых 27 прафесійных тэатраў, якія ў нас ёсць? На жаль, паводле статыстыкі, тут мы не можам пахваліцца першымі пазіцыямі сярод краін СНД. Мы прапанавалі старшыням Віцебскага і Гродзенскага аблвыканкамаў разгледзець магчымасць стварэння тэатраў у Полацку і Лідзе.

Вядома, нельга абмінуць увагай і папраўдзе маштабны праект, які, спадзяюся, будзе заўважаны ўсімі тэатраламі: згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы, літаральна за наступныя тры гады мы плануем правесці рамонт усіх без выключэння прафесійных тэатраў нашай краіны, палепшыўшы пры гэтым іхнюю матэрыяльную базу! Грунтоўныя работы ў найстарэйшым з іх - Купалаўскім - распачнуцца ўжо неўзабаве.

- Не так даўно было анансавана таксама і з'яўленне Нацыянальнай музычнай прэміі. Якія яна мае задачы?

- Сапраўды, сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй, мы ўжо працуем над падрыхтоўкай нарматыўнага акта аб заснаванні музычнай прэміі ў сферы эстраднага мастацтва. А задачы - зразумелыя: стварыць дадатковы стымул для нашых творцаў, у прыватнасці, у галіне эстрады.

Увогуле, для паляпшэння спраў у гэтай сферы патрэбны, афіцыйнай мовай кажучы, комплекс мерапрыемстваў: адной прэміяй тут, вядома, не абысціся. Бадай, найважнейшы фактар - пашырэнне канцэртнай дзейнасці выканаўцаў праз стварэнне для яе дадатковых фінансавых і арганізацыйных магчымасцей. Таму мы актыўна адстойвалі прапанову аб адмене гастрольнага пасведчання. Нагадаю, што гэтую ідэю не так даўно падтрымаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Без сумневу, яна цалкам адпавядае стратэгічнай лініі нашай краіны па лібералізацыі эканомікі.

 

Чатыры шляхі аднаўлення спадчыны

- Дзяржаўная праграма прадставіла шэраг новых праектаў у сферы аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны. Агулам у іх спіс уключана 34 аб'екты...

- Сапраўды, дзейнасць дзяржавы ў апошнія гады па адраджэнні найбольш значных помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны нельга не адзначыць. Ужо ў снежні запланавана завяршэнне рэстаўрацыйных работ у палацы Мірскага замка. У ліпені запрашаю вас абавязкова наведаць Нясвіж: да гэтага часу работы ў Радзівілаўскай рэзідэнцыі таксама маюць завяршыцца. Вядома, спешка тут зусім не дарэчы, і самыя складаныя рэстаўрацыйныя работы, такія, як выкананне роспісу або дэкор, працягнуцца яшчэ пэўны час, але дзверы для наведвальнікаў ужо будуць адкрыты. Знакавых аб'ектаў, на якіх вядзецца рэстаўрацыя, сёння вельмі шмат: гэта і Лідскі замак, і палац у Жылічах, і знакамітая нэагатычная рэзідэнцыя Пуслоўскіх у Косаве, і сядзіба ў Чырвоным Беразе...

У той самы час, адрэстаўраваць усе помнікі спадчыны выключна за кошт бюджэтных сродкаў сёння не ўяўляецца магчымым: аб'ектаў, якія патрабуюць неадкладнай увагі, на Беларусі назапасілася вельмі шмат. І таму вельмі важна задзейнічаць такі рэсурс, як абуджэнне грамадскай ініцыятывы: ён, зрэшты, мае не толькі эканамічны, але і выхаваўчы характар. Добрым прыкладам можа служыць карпатлівая праца па аднаўленні Любчанскага замка. Карыстаючыся нагодай, хацеў бы выказаць удзячнасць усім тым заўзятарам, якія спрычыніліся да гэтага праекта, ахвяруючы сваім уласным часам дзеля добрай мэты.

Знакаміты Навагрудскі замак - зусім непадалёк ад Любчы, і ён таксама чакае разнастайныя праявы грамадскай ініцыятывы. Адна з іх ужо зарэкамендавала сябе - гэта латарэя "Скарбніца". Купіў цэлы стос такіх білетаў, ды яшчэ і сяброў заахвоціў, і калі хтосьці з нас нешта выйграе, мы ўжо ўмовіліся, што пералічым гэтыя грошы на рахунак рэстаўрацыі Навагрудскага замка.

Але вядома, што сродкі на кансервацыю гэтага слыннага замка таксама будуць выдаткоўвацца і з бюджэту - як рэспубліканскага, так і мясцовага.

- Сапраўды, у адпаведным раздзеле Дзяржаўнай праграмы нярэдка можна сустрэць словы "кансервацыя" або нават "супрацьаварыйныя работы". Але некаторыя лічаць, што калі вырашаць праблемы - дык толькі раз і назаўсёды: праз поўную рэстаўрацыю...

- Так, але знайсці гэтыя сродкі магчыма не заўсёды, асабліва калі ўлічыць колькасць беларускіх аб'ектаў спадчыны, якія патрабуюць "аператыўнага ўмяшальніцтва". Кансервацыя ж накіравана на тое, каб захаваць помнік да лепшых часоў. І зазвычай для гэтага патрабуюцца досыць малыя выдаткі.

Варта адзначыць, што такі падыход абсалютна адпавядае практыцы іншых краін- нават тых, дзе агульны стан помнікаў спадчыны непараўнальна лепшы за нашы. Тым больш, ёсць нямала выпадкаў, калі рэстаўрацыя - немагчымая. Магчымасць поўнага аднаўлення некаторых тых помнікаў спадчыны, якія ўжо стагоддзі таму пераўтварыліся ў руіны, выклікае недавер спецыялістаў і не адпавядае міжнародным нормам у сферы аховы спадчыны. Добры прыклад тут - менавіта Навагрудскі замак, заснаваны ў ХІІ стагоддзі. Яго сённяшні выгляд, гэтыя абрысы вежаў на фоне кантраснага неба, ужо сталі адным з пазнавальных сімвалаў Беларусі. І наша задача - зрабіць усё, каб гэты відарыс захаваўся, выратаваць матэрыяльны складнік помніка ад далейшага руйнавання, а не спрыяць праяўленню фантазіі, якой у справе рэстаўрацыі не месца.

Толькі замкаў на Беларусі - 13, і не раўнуючы кожны патрабуе інвестыцый. Цяпер шукаем магчымасці распачаць работы на Крэўскім замку - месцы, знакавым не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Дзейсным спосабам прыцягнення сродкаў можа быць рэалізацыя сумесных праектаў з нашымі партнёрамі ў Літве і Польшчы пры падтрымцы Еўрасаюза.

- Сёлета быў створаны спіс гістарычных сядзіб, прапанаваных інвестарам. Яшчэ зусім нядаўна прадстаўнікі мясцовых улад, з якімі мне даводзілася сустракацца, адмаўляліся ад такіх "рызыкоўных" ініцыятыў, як продаж занядбанага помніка спадчыны прыватніку, але сёння, калі яны падтрыманы на высокім узроўні...

- Сапраўды, прыцягненне ў сферу аховы спадчыны прыватнага капіталу ўяўляецца вельмі перспектыўным спосабам вырашэння многіх задач. І першыя вынікі гэтых захадаў ужо ёсць. Спадзяюся, сядзіба ў Красках толькі набудзе прывабнасць у вачах турыстаў, займеўшы сапраўднага гаспадара. Мне даводзілася сустракацца і з іншымі бізнесменамі, якія праяўляюць цікавасць да аб'ектаў спадчыны.

Рэзюмуючы закранутую вамі тэму, хацеў бы адзначыць, што менавіта ўсе пералічаныя чатыры рэсурсы - дзяржаўны бюджэт, грамадская ініцыятыва, сродкі замежных партнёраў і прыватны капітал - утвараюць сістэму, якая будзе і далей спрыяць аднаўленню нашай спадчыны. Важна задзейнічаць кожны з іх найбольш эфектыўна. Вынікі працы ў гэтай галіне ўжо відавочныя.

 

Сувязь з сусветам - праз бібліятэку

- Дзяржпраграма прадугледжвае кардынальны зрух у справе інфарматызацыі ўстаноў культуры. Варта прывесці толькі некалькі лічбаў: у бліжэйшыя пяць гадоў бібліятэкі маюць атрымаць 17 600 адзінак камп'ютарнага абсталявання на агульную суму амаль у 11 мільярдаў рублёў. Адпаведна, Інтэрнэт неўзабаве з'явіцца нават у самай аддаленай ад цэнтра сельскай бібліятэцы. Але некаторыя яшчэ і дагэтуль сумняваюцца, ці патрэбны ў глыбінцы сучасныя тэхналогіі, і ці трэба гэтак акцэнтаваць на іх увагу ў сферы культуры ўвогуле...

- Яны абсалютна не маюць рацыі! Патрабаванні карыстальнікаў да бібліятэк апошнім часам істотна ўзраслі.

Укараненне новых тэхналогій ператварыла бібліятэкі ў найважнейшыя лакальныя інфармацыйныя цэнтры, праз якія кожны жыхар вёскі можа выйсці "на сувязь" з усім сусветам. І той працэс, на які вы звярнулі ўвагу, ужо даўно і паспяхова адбываецца. У кожнай чацвёртай сельскай бібліятэцы ёсць камп'ютар, у кожнай пятай - Інтэрнэт... Але дзякуючы інтэнсіўнай дзяржаўнай палітыцы ў хуткім часе гэтыя выгоды будуць ужо ў кожнай першай бібліятэцы - без залежнасці ад яе геаграфічнага месцазнаходжання.

Сельская бібліятэка сёння застаецца адзінай масавай - адзначым, практычна бясплатнай для карыстальніка - інфармацыйнакультурнай установай, якая прадастаўляе мясцоваму насельніцтву інфармацыйныя паслугі ў розных формах. А да таго яшчэ і арганізоўвае вольны час, праводзіць неацэнную краязнаўчую работу, займаецца выхаваннем дзяцей і моладзі... І, такім чынам, актыўна інтэгруецца ў сацыякультурнае жыццё свайго мікрарэгіёна. Ізноў жа, звернемся да статыстыкі. Сёння кожны другі жыхар вёскі з'яўляецца чытачом бібліятэкі. Ці трэба яшчэ аргументы на іх карысць?

 

Найважнейшае з мастацтваў

- Кінематограф на Беларусі з'яўляецца не толькі адным з найважнейшых мастацтваў, але і вельмі праблемным. Ці знайшлі сваё адлюстраванне ў Дзяржпраграме тыя прапановы, якія гучаць з вуснаў прафесіяналаў і аматараў пад час шматлікіх дыскусій? Якую функцыю будзе выконваць Нацыянальны інстытут кіно, стварэнне якога запланавана ў 2012 годзе?

- Мала хто будзе спрачацца з тым, што грунтоўная рэформа айчыннай кінаіндустрыі сапраўды наспела. Мы фактычна засталіся ў той сістэме каардынат, якая з'явілася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Але звярніце ўвагу: большасць сфер нашага жыцця ўжо перайшла на эканамічныя рэйкі. На жаль, на сённяшні дзень сістэма фінансавання кінавытворчасці не забяспечвае сувязь укладаемых сродкаў з вынікам працы.

- А якія механізмы ўяўляюцца вам найбольш эфектыўнымі для рэфармавання беларускай кінавытворчасці?

- Перадусім мы павінны змяніць сістэму яе фінансавання. Так, стопрацэнтная дзяржпадтрымка застанецца, але толькі для тых стужак, якія папраўдзе з'яўляюцца ідэалагічна важнымі для нашай незалежнай дзяржавы - як мастацкіх, асабліва - дзіцячых, так і дакументальных. Але вытворцы іншых фільмаў павінны шукаць сродкі на ажыццяўленне сваіх задум не толькі ў бюджэце, хаця апошні будзе працягваць аказваць значную падтрымку: да 70% ад агульнага бюджэту фільма.

Таксама мы павінны стварыць магчымасць прыватным кампаніям прэтэндаваць на дафінансаванне з бюджэту сваіх прадуктаў- поруч з дзяржаўнымі кінавытворцамі. Такім чынам, удасца стварыць канкурэнцыю - а яе вынікам, паводле рынкавых законаў, становіцца павышэнне якасці. Адпаведна, мы прапаноўваем укараніць на Беларусі французскую сістэму падтрымкі развіцця кінаіндустрыі. У краіне Гадара і Бесона яна ўжо выдатна сябе спраўдзіла.

- Даруйце за такое "легкаважнае" пытанне, але... Калі ж нашы тэлекампаніі пачнуць паказваць айчынныя тэлесерыялы?

- Не лічу гэтае пытанне легкаважным - зусім наадварот. Сёння на нацыянальных тэлеканалах мы глядзім толькі замежныя серыялы. І які вынік? Айчынных карыфеяў сцэны ведаюць хіба толькі тэатралы, а вось замежныя сталі сапраўды народнымі героямі, бо іх твары штодня можна ўбачыць па тэлевізары.

Серыялы з'яўляюцца самым танным і эфектыўным спосабам падрыхтоўкі да маштабнага кінапраекта - таго ж бестсэлера. Адпаведна, мы маем досыць матывацый, каб стымуляваць тэлеканалы на ўкладанне сродкаў ва ўласныя праекты. Для гэтага важна стварыць сістэму, пры якой тэлекампаніі будуць самі зацікаўлены ў такіх інвестыцыях. А яны, у сваю чаргу, залежаць ад рэкламадаўцаў. Таму мы прапануем зрабіць і для іх пэўныя прэферэнцыі, але толькі датычна таго часу, які запоўнены беларускім айчынным прадуктам.

- Вы казалі пра дзяржаўную дапамогу для сацыяльна-значных праектаў. Але як аб'ектыўна вызначыць, хто яе варты, а хто не? Тут узнікае пагроза валюнтарызму...

- Мы прапануем, каб гэтая функцыя была нададзена Нацыянальнаму інстытуту кіно - своеасабліваму дзяржаўнаму прадзюсарскаму цэнтру, пры якім мае быць створаны савет з аўтарытэтных спецыялістаў. Роля гэтай інстытуцыі - не толькі ў працы з зацікаўленымі прадзюсарскімі кампаніямі, але і ў ацэнцы якасці творчых задум і фарміраванні сцэнарнай базы, а гэта, дарэчы, - адна з найважнейшых праблем у нашай кінавытворчасці. Як і падтрымка ў прасоўванні "гатовага прадукту" - і ў межах краіны, і па-за гэтымі межамі.

Гаворачы пра кінавытворчасць, не магу абмінуць і пытанне падрыхтоўкі кадраў. Трэба канстатаваць, што адным з найхутчэйшых шляхоў паляпшэння іх якасці з'яўляецца накіраванне на стажыроўкі і вучобу ў найлепшыя кінашколы свету нашых рэжысёраў, аператараў, гукакааператараў... Іншы варыянт - запрашэнне выкладчыкаў такіх школ на факультэт экранных мастацтваў БДАМ. Але важна падкрэсліць: не ўзамен, а ў якасці падтрымкі нашаму прафесарска-выкладчыцкаму складу, дзе шмат таленавітых людзей з вялікімі творчымі дасягненнямі, здатных перадаць моладзі свой неацэнны досвед.

- Спіс кінатэатраў у рэгіёнах, мадэрнізацыю якіх прадугледжвае Дзяржпраграма, займае болей за 30 старонак! Якую эвалюцыю за бліжэйшую пяцігодку павінны спазнаць гэтыя ўстановы, многія з якіх сёння аб'ектыўна з'яўляюцца маральна і тэхнічна састарэлымі, а таксама і ўвесь беларускі кінавідэапракат у цэлым?

- У бліжэйшыя пяць гадоў перад намі пастаўлена вельмі складаная задача: прывесці ўсю кінасетку нашай краіны да еўрапейскіх стандартаў. І спіс аб'ектаў не вычэрпваецца толькі пазначанымі ў Дзяржаўнай праграме кінатэатрамі. Як адзначыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, магчымасці кінапаказу павінны быць і ў тых населеных пунктах, дзе стацыянарных установак няма, даручыў стварэнне магчымасцей кінапаказу ў дамах культуры тых населеных пунктаў, дзе няма свайго кінатэатра. Што да новага аблічча нашых кінатэатраў... Думаецца, з цягам часу кожны з іх - нават тыя, што знаходзяцца ў невялікіх гарадах, - павінны ператварыцца ў сучасныя шматфункцыянальныя забаўляльныя цэнтры: тыя месцы, якія аб'ядноўвалі б людзей, стваралі для іх адпачынку камфортныя ўмовы. Бо што яшчэ адрознівае кінапаказы ад прагляду тэлевізара ва ўласнай гасцёўні?

 

Аналітычны цэнтр для беларусаў з усяго свету

- У друку ўжо была агучана ідэя стварэння Інстытута культуры Беларусі. Пасля прыняцця пастановы Савета Міністраў задума набыла юрыдычны базіс. Якой вы бачыце ролю гэтай установы ў культурным жыцці краіны?

- Перадусім, Інбелкульт скіруе намаганні на навуковаметадычнае забеспячэнне сферы, на павышэнне кваліфікацыі кадраў. Вельмі важным напрамкам дзейнасці інстытута я вызначыў бы прагнозна-аналітычнае забеспячэнне сферы культуры. Фактычна, за апошнія гады комплексны аналіз і прагноз тут не рабілі. Але без глыбокіх і абгрунтаваных ацэнак дзейнасці галіны, без паралелей з досведам іншых краін, асабліва- суседніх, ды, зрэшты, без сістэматызацыі нашага ўласнага досведу казаць пра сістэмнае развіццё айчыннай культуры не выпадае. Таму менавіта гэтая задача будзе пастаўлена перад Інбелкультам у якасці асноўнай.

Яшчэ адзін вельмі важны напрамак - прэзентацыя беларускай культуры за мяжой. Мы бачым, наколькі эфектыўна дзейнічаюць падобныя інстытуты ў іншых краінах: такія, як Інстытут Гётэ, Шведскі інстытут, Польскі Інстытут... Яны актыўна прасоўваюць лепшыя ўзоры сваёй культуры за межы краіны. Спадзяюся, што ў перспектыве Інбелкульт таксама будзе выконваць такую функцыю і каардынаваць дзейнасць цэнтраў беларускай культуры за мяжой.

Асобна варта адзначыць і такі найважнейшы напрамак, як наладжванне пастаянных кантактаў з беларусамі замежжа. Апошнім часам дзейнасць па падтрымцы нашых культурных суполак за мяжой была прыкметна актывізавана. Урад паставіў задачу: у бліжэйшыя месяцы распрацаваць праграму "Беларусы ў свеце". Сёлета актывізаваў сваю дзейнасць Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа, пасяджэнне якога адбылося гэтым летам у Мінску, а наступнае запланавана напрыканцы чэрвеня 2011 года. Яно будзе прымеркавана да Першага Фестывалю беларусаў замежжа.

- Аднак падтрымка нашых суайчыннікаў за мяжой не можа абмяжоўвацца толькі фестывалямі...

- Безумоўна, толькі фестывалямі яна і не абмяжоўваецца. Дзякуючы згаданай вышэй праграме, будзе створана сістэма арганізацыйнай і фінансавай падтрымкі дзейнасці грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. Прыкладам, нашы землякі патрабуюць дапамогі ў арганізацыі адукацыйных праектаў: вывучэння беларускай мовы, гісторыі, культуры. Гэтая падтрымка з нашага боку ўжо і сёння аказваецца, а ў хуткім часе яна істотна ўзрасце і набудзе сістэмны характар.

- І на астачу хацелася б узгадаць пра наша з вамі прафесійнае свята. Што вы хацелі б пажадаць усім тым, хто будзе яго адзначаць?

- Культура нашай краіны - шматгранная, багатая і цікавая. Яна прадстаўлена выбітнымі постацямі гісторыі і таленавітымі суайчыннікамі. Мы можам ганарыцца і сваёй гісторыка-культурнай спадчынай, вартай еўрапейскай дзяржавы. Мы па праве можам ганарыцца і цяперашнім станам нашых культуры і мастацтва, тым, што на Алімпе пастаянна ўзыходзяць новыя зоркі. Нам не трэба ствараць легенд- наша культура і без таго глыбінная і разнастайная. Яна годна займае сваё месца ў агульнаеўрапейскай і сусветнай культурнай прасторы. І ўсім гэтым дасягненням мы абавязаны кожнаму з вас, работнікі культуры! Кожнаму з тых 60 тысяч рупліўцаў, якія неабыякава падыходзяць да сваёй працы і ад усяго сэрца шчыруюць на ніве беларускай культуры. Дзякуй вам вялікі! Дзякуй за тое, што вы працуеце на карысць сённяшняга і будучага дня Беларусі. Дзякуй тым, хто працуе, і тым, хто наведвае нашы клубныя ўстановы, тэатры і кінатэатры, музеі і бібліятэкі. Са святам культуры!

Фота Юрыя ІВАНОВА