У гэты дзень мы ўшаноўваем кожнага, хто сваім талентам і руплівай працай услаўляе нашу Радзіму, захоўвае і прымнажае яе культурную спадчыну, дапамагае спасцігнуць свет прыгажосці, прасякнуцца ідэаламі дабрыні і гуманізму.
Знакавыя акцыі і фестывалі, шматлікія конкурсы і выстаўкі, творчыя праекты і праграмы - гэта штодзённая рэальнасць стваральных клопатаў, будняў і святаў работнікаў культуры ў вялікіх і малых гарадах, вёсках роднай Бацькаўшчыны, а таксама далёка за яе межамі.
Прыемна адзначыць, што дзеячы культуры і мастацтва рэспублікі паспяхова ўдзельнічаюць у грамадска-культурных мерапрыемствах, прадстаўляюць беларускае мастацтва на прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах, выконваюць сваю пачэсную місію: уносяць значны ўклад у захаванне традыцый і развіццё нацыянальнай культуры.
Дзякуючы вашай руплівай нястомнай працы ствараюцца новыя музейныя экспазіцыі, канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі. Сёлета пасля рэканструкцыі і рэстаўрацыі гасцінна адкрыюць свае дзверы для наведвальнікаў замкавы комплекс у г.п. Мір, Беларускі дзяржаўны цырк. Распачынаюцца работы па рэканструкцыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Усё гэта сведчыць аб паслядоўнай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры.
З нагоды свята дазвольце выказаць усім работнікам культуры словы ўдзячнасці за плённую працу і значны ўклад у культурнае і сацыяльнае развіццё нашай краіны, адданасць прафесіі.
Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у вашай высакароднай працы па прапагандзе лепшых традыцый нацыянальнага і сусветнага мастацтва, выхаванні патрыятызму і павагі да нашай Айчыны.
Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. ПАТУПЧЫК