Крыж канцлера ВКЛ

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

З дзейнасцю канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі звязана не толькі стварэнне заканадаўчых актаў і, у прыватнасці, статутаў, але і ўзораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва свайго часу, узвядзенне храмаў, у тым ліку, мураванай царквы Чарэйскага манастыра на тэрыторыі сучаснага Чашніцкага раёна.

/i/content/pi/cult/289/4747/14-4.jpg

Узнаўленне гэтага манастыра звязана менавіта з іменем вялікага канцлера ВКЛ. У канцы XVI ст., як сведчыць запіс Льва Сапегі ад 20 студзеня 1566 года, Чарэйскі манастыр "спустълъ". Драўляны будынак манастыра тады размяшчаўся на беразе возера Галаўль каля царквы ў гонар святой Троіцы. Побач на возеры быў востраў, на якім у драўляным палацы жыў у свой час бацька Льва Сапегі.

Па звестках краязнаўцы Ніны Кіндзяевай, атрымаўшы Чарэю, Леў Сапега "для большой хвалы (прославления) Божье, къ душевному своему збавенью (во спасение своей души), на память собе (для поминовения себя), продкомъ и родичомъ" пабудаваў на востраве другі манастыр з каменю і царкву пры ім. Вялікаму канцлеру належаць і наступныя словы: "Маемъ и повинни будемъ тыхъ монастыровъ оть всякихь крывдъ боронити и добръ церковныхь николи не допущаючи забирати".

Была ў манастыра і свая святыня, на жаль, ужо страчаная для нас. Беларускі этнограф ХІХ ст. Еўдакім Раманаў у сваіх нататках пазначаў, што "на днях я имел возможность осмотреть крест Льва Сопеги, сооруженный им в 1596 году для черейского монастыря, который был основан в 1454 году Черейским-Лукомльским князем Мстиславом Пеструцким".

Як адзначаў Еўдакім Раманаў, крыж Сапегі зроблены са срэбра і, верагодна, быў пазалочаны. Вышыня яго на момант апісання складала 61 сантыметр, пры гэтым большую палову займаў п'едэстал.

Чатырохканцовы крыж быў некалі ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі, ад якіх напрыканцы ХІХ ст. засталіся выключна гнёзды. Толькі над распяццем захавалася страза, замяніўшая сабою карунд. На пярэднім баку крыжа размяшчалася распяцце Хрыста праваслаўнага ўзору. Верхняя частка над распяццем мела раслінны арнамент, а на адваротным баку крыжа ў цэнтры была ледзь бачна выява Святой Тройцы ў выглядзе трох анёлаў каля Мамврыйскага дуба. У сваю чаргу, п'едэстал крыжа складаўся з дзвюх частак. Верхняя ўяўляла патоўшчаную дагары капітэль шасціграннай калоны, на вяршыні яе знаходзіцца шэсць розных металічных статуэтак старазапаветных святых. Вакол пашыранай ніжняй часткі п'едэстала праведзены абадок, на версе якога быў выразаны надпіс: "На честь и на хвалоу Гд-оу Бг-у во Троицы единомой я Левъ Сапега канъцлеръ Князъства Литовского надаломъ сіи крестъ на манастыръ Ст-ое Жывоначальное Тр~цы оу именью моемъ отчызномъ Черей рокоу Ч~S".

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"