Хто ў Орлі багач?

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Жыхары вёскі Орля Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, безумоўна, запомняць апошнюю суботу верасня. Менавіта тады ў паселішчы праходзіў фестываль фальклорнай песні “Прынёманскія напевы” і прэзентаваўся народны абрад “Багач”. Мерапрыемства было падтрымана сумесным праектам Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН) “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”.

/i/content/pi/cult/289/4743/12-2.jpg

Вёска Орля ў ранейшыя часы была вялікім і знакамітым паселішчам, якое згадваецца ў пісьмовых крыніцах яшчэ з XVII стагоддзя. Тут развіваўся гандаль, народныя рамёствы, а Свята-Пакроўская царква, пабудаваная пасярод сяла ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, уражвае сваёй вытанчанай прыгажосцю...

 Карацей, Орлянскі край-слынны і цікавы сваёй гісторыяй, некранутай прыродай (на яго тэрыторыі знаходзіцца частка Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Ліпічанская пушча") і, канешне, сваімі працалюбівымі жыхарамі. Таму зусім невыпадкова, што ў гэтых мясцінах і цяпер знаходзяцца неабыякавыя людзі, зацікаўленыя ў адраджэнні народных традыцый сваіх продкаў.

 Орля сустрэла добрым надвор'ем і гасціннымі гаспадарамі. У мясцовай школе (у 2008 тут, згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла, быў зроблены неабходны рамонт, закуплена новае тэхнічнае абсталяванне) адбылася прэзентацыя і міні-прэс-канферэнцыя з удзелам кіраўніцтва Шчучынскага райвыканкама і сельскіх саветаў вёсак Орля і Жалудок, а таксама прадстаўнікоў праекта ПРААН.

- Наша галоўная задача - гэта падтрымка мясцовых ініцыятыў і дапамога такім паселішчам, як Орля, у распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі іх развіцця, - паведаміў тэматычны кансультант праекта, кандыдат эканамічных навук Алег Сівагракаў. - Гэта не першы падобны фестываль, які праходзіць у рамках нашага праекта. Падобныя мерапрыемствы мы ладзілі ў Зэльве, Залессі Смаргонскага раёна, у Моталі, што на Іванаўшчыне, і шмат дзе яшчэ... Шчучынскі раён у гэтым плане ўнікальны: тут вельмі развіта мясцовая ініцыятыва. Згадаю толькі тое, што ў суседняй вёсцы Жалудок ужо трэці год запар праходзіць "Кветкавы кірмаш". Таму і фестываль у Орлі, на маю думку, будзе яшчэ адным крокам па развіцці мясцовай ініцыятывы ў Беларусі.

Ураджэнец вёскі, урач Анатоль Амельчанка, які з'яўляецца галоўным "каталізатарам" справы адраджэння ў вёсцы традыцыйнага народнага абраду "Багач", зазначыў, што ягоныя мары ўрэшце ўвасобіліся цяпер у рэчаіснасці.

- Я мясцовы жыхар і вучыўся ў гэтай школе, - распавёў Анатоль Анатольевіч, - і, натуральна, мне вельмі хацелася, каб наша вёска была вядомая не толькі ў Шчучынскім раёне, але і за ягонымі межамі.

Не застаўся ўбаку ад мерапрыемства і аддзел культуры райвыканкама, прадстаўнікі якога таксама знаходзіліся ў гэты дзень у Орлі. Як распавяла вядучы метадыст Шчучынскага РМЦ Наталля Гардзейчык, на фестывалі "Нёманскія напевы" запланавана выступленне 10 фальклорных калектываў з усяго раёна.

Пасля прэс-канферэнцыі распачаўся "Багач". Гэты старажытны традыцыйны народны абрад вядомы на Беларусі даўно і падобнага яму няма ў суседніх народаў. У гэты дзень- а святкаванне звычайна прыпадала на 14 верасня- нашы продкі падводзілі вынікі сваёй летняй дзейнасці і дзякавалі Богу за дапамогу ў працы. Дбайны гаспадар імкнуўся да Багача закончыць усе палявыя работы і нават пачысціць і схаваць да вясны земляробчы інвентар. Так і казалі ў народзе: "Прыйшоў Багач-кідай рагач, бяры сявеньку- сей памаленьку".

"Багачом", дарэчы, называлі таксама і кошык з жытам і свечкай. З ім абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, а на заканчэнне заганялі на выгане статак кароў і абносілі вакол яго "багач". Пасля свята кош з зернем ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Лічылася, што "багач" забяспечвае дому багацце і шчасце, дабрабыт у гаспадарцы.

 Амаль так і праходзіў абрад у Орлі. Некалькі святочна прыбраных жанчын на чале з гарманістам хадзілі па вясковых хатах, спявалі і танцавалі на падворку. А адзіны мужчына ў гэтым калектыве "багачоў" займаўся пачэснай і важнай справай: збіраў у кош тое зерне, якое выносіў з хаты гаспадар.

Завітаўшы такім чынам у дзясятак хат, "Багач" спыніўся "на пастой" у апошняй: мерапрыемства завяршылася тым, што сабранае зерне перадалі гаспадару на захаванне, а гаспадыня, у сваю чаргу, пачаставала ўсіх прысутных сапраўдным восеньскім абедам.

А пасля на сцэне, усталяванай у цэнтры сяла, распачаўся фальклорны фестываль. Гучалі шматлікія спевы, показкі, казкі, быструхі.

А вось кірмаш, які планавалася зладзіць побач з тэатральнай сцэнай, не адбыўся. Усе патэнцыйныя гандляры выправіліся ў Ліду, дзе праходзіў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла "Дажынкі".

 - Канешне, шкада, што не атрымалася правесці таксама і кірмаш, - кажа старшыня Арлянскага сельскага выканаўчага камітэта Яніна Ярошык. - Але мы плануем зрабіць наш фестываль традыцыйным, таму спадзяемся, што ў наступным годзе ўсе праекты здзейсняцца.

А 29 верасня ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці прайшоў фестываль народных промыслаў і рамёстваў "Глушанскі хутарок". На ім можна было павучыцца народным рамёствам на шматлікіх майстар-класах, а таксама паглядзець на выступленні дзясятка самадзейных калектываў з усёй Бабруйшчыны. Гэта мерапрыемства таксама праводзілася пры падтрымцы Праекта ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні".

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Шчучынскі раён - Мінск

 На здымку: ідзе абрад "Багач".

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"