Пры ўваходзе ва ўстанову культуры наведвальнікаў сустракала паліца, пазначаная сімвалам буккросінгу (з англійскай - "кнігазварот", "перамяшчэнне кнігі") - на жоўтым фоне намалявана кніга, якая бяжыць.
А яшчэ цяпер усе чытачы бібліятэкі могуць карыстацца паслугамі электроннай чытальнай залы. Яна ўключае дзве базы дадзеных, створаныя ўласнымі намаганнямі: "Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць" і "Віцебшчына: дакументальная спадчына". Гэтыя раздзелы ўтрымліваюць інфармацыю пра гісторыю і сучаснае развіццё вобласці, а таксама рэдкія краязнаўчыя выданні, якія знаходзяцца ў фондах не толькі Віцебскай абласной бібліятэкі, але і Нацыянальнай бібліятэкі краіны.
Усяго адлічбавана 750 кніг і часопісаў, у тым ліку - 208 рарытэтных выданняў, якія захоўваюцца ў Віцебску. Для зручнасці створаны і электронны каталог.
А ў бліжэйшых планах бібліятэкараў - яшчэ два праекты. Адзін з іх прысвечаны мастакам Віцебшчыны, другі прадэманструе відэакалекцыю шэдэўраў балета, оперы, класічнай музыкі лепшых тэатраў і аркестраў свету.
Наталля ФЕНЧАНКА, загадчыца аддзела беларускай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі