“Лічылка” на тэму “Аднойчы...”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

“Аднойчы ў Чыкага” — зусім не мюзікл “Чыкага” Дж.Кандэра, як хтосьці мог бы падумаць. Пад гэтай назвай “зашыфравана” музычнае рэвю, у аснову якога пакладзены мюзікл Дж.Стайна “У джазе толькі дзяўчаты” (не блытаць з фільмам, бо там іншая музыка). Але, падкрэслю, згаданы мюзікл стаў хіба адпраўным пунктам у тым “падарожжы” (дарэчы, менавіта “вандроўная” тэма часцей за ўсё выкарыстоўвалася ў класічных рэвю): тут можна напаткаць папулярныя нумары з іншых брадвейскіх мюзіклаў (таго ж Г.Мілера) і нават мелодыю “Бесамэ муча”. Чаго можна чакаць ад такой, прабачце, “салянкі”? У лепшым выпадку — “кампоту”, як называюць музыканты больш смачныя, зробленыя з густам “нарэзкі”. Ажно не — сапраўдны мюзікл! Ды яшчэ з адметнай драматургіяй. А ўсё таму, што “рэдагавала” сюжэтна-музычныя перыпетыі, пісала сваё лібрэта і вершы таленавіты рэжысёр Сусанна Цырук. І хаця пасля яе прозвішча ў дужках сёння трэба пісаць — Расія, насамрэч пастаноўшчыца наша.

/i/content/pi/cult/289/4741/9-1.jpg

Дачка знакамітага дырыжора Юрыя Цырука, яна скончыла Рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым Піцерскую кансерваторыю (на той час у нас музычных рэжысёраў не рыхтавалі). І

 аднойчы

(праўда, ужо пасля некалькіх гадоў працы ў Мінску) стала штатным рэжысёрам Марыінкі, паспяваючы быць запрошаным пастаноўшчыкам у тэатрах і на оперных фестывалях Балгарыі, Бразіліі, Германіі, Казахстана, Латвіі, Расіі, Швейцарыі. Гэтак жа "аднойчы" паставіла ў Новасібірску мюзікл беларускага кампазітара Уладзіміра Дамарацкага паводле аповесці Дж.Б.Прыстлі "31 чэрвеня" (сусветная прэм'ера). Там жа і ў Іркуцку - "У джазе толькі дзяўчаты". Апошнюю пастаноўку, прынамсі, Іркуцкі музычны тэатр прывозіў да нас на гастролі. І на цяперашняй прэм'еры "Аднойчы ў Чыкага" ўсе змаглі пераканацца: іхнія і нашы "... дзяўчаты" - адрозныя. А ўсё таму, што Сусанна звычайна працуе не адно са сваёй рэжысёрскай канцэпцыяй "у галоўнай ролі", а з канкрэтнымі артыстамі канкрэтнага тэатра, адштурхоўваючыся ад іх здольнасцей і магчымасцей. Паглядзіш яе пастаноўку двойчы з рознымі выканальніцкімі складамі - бы два розныя спектаклі.

 А тройчы -

 слабо? Я сапраўды глядзела тройчы, з трыма складамі - і штораз, бы ўпершыню. Ды ўвогуле хадзіла б на спектакль яшчэ ды яшчэ! Бо ў спектаклі няма катэгорый "лепш" ці "горш", а ёсць такія азначэнні, як "па-рознаму" ці "ў кожнага - сваё".

 З дырыжорам Андрэем Галанавым спектакль будуецца на яркім кантрасце імпульсіўнай, энергетычна "выбуховай" першай дзеі - і лірычна-пачуццёвай другой. Юрый Галяс, наадварот, прыводзіць абедзве часткі да гарманічнай стрыманасці, акцэнтуе лірычныя кульмінацыі, з-за чаго спектакль становіцца больш цэласным, але, магчыма, менш інтрыгуючым.

Шугар у выкананні Лесі Лют, якая марыць знайсці маладога мільянера, - шчырая, чулліва сардэчная дзяўчына, апантаная ўзнёслымі марамі і паэтызаванай рамантыкай. Настасся Цялежнікава-Шапо ў той жа ролі - маленькая ласкавая драпежніца, якая вось-вось выпусціць свой мані-мані-кюр-р-р і пачне камандаваць не менш безапеляцыйна, чымсьці гэта робіць зараз кіраўніца жаночага біг-бэнда Сью - Святлана Маціеўская (Сью Ганны Бяляевай куды больш мякчэйшая і спагадлівая, кіраўнічыя захады для яе - толькі маска). Шугар Кацярыны Дзегцяровай з яе надзвычай пачуццёвымі інтанацыямі і рысамі не толькі лірычнай, але і характарнай гераіні - персанаж увогуле трагічны. Асабліва, калі саксафаніста Джо, пераапранутага "Джазэфінай", іграе Сяргей Спруць. Распаведзеная дзяўчынай гісторыя быццам паўтараецца: спявачкапрыгажуня зноў абірае "не таго", і разумее гэта пакуль толькі глядач. Бо герой яе рамана - чалавек, у сабе няўпэўнены, таму больш хітры ды дзёрзкі за сябра, і ўмее хіба падманваць, пры гэтым свята веруючы ў праўдзівасць сваіх слоў. Іншая справа - абаяльны, дзейны, з імгненнай рэакцыяй Дзмітрый Якубовіч. Такі сапраўды гатовы на ўсё, каб толькі яго каханай было добра.

У ролі кантрабасіста Джэры, пераапранутага Дафнай, абодва артысты дэманструюць вышэйшы пілатаж акцёрскай ігры, спеваў, танцаў і тонкага псіхал/i/content/pi/cult/289/4741/9-2.jpgагізму. Але Дзяніс Мальцэвіч увасабляе лёгкага на пад'ём, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу юнака, а Дзяніс Нямцоў - вясёлага звонку і адзінокага ў душы чалавека, які прагне кахання і сардэчнага цяпла. Такая ж неадназначная асоба - мільянер Осгуд Фільдынг. У Аляксандра Асіпца ў гэтай ролі на першы план выходзіць тэма адзіноцтва, у Ігара Бычкова - экстравагантнасць героя (ці, у другім з убачаных мной спектакляў, больш "змякчэлыя" варыянты: незвычайнасць, неардынарнасць).

Мафіёзі Аляксандра Крукоўскага быццам не столькі забівае, колькі гуляе ў камп'ютарную "стралялку": гэткі хвацкі-заліхвацкі "ўлюбёнец публікі", гатовы ад добрага настрою круціць фуэтэ. Герой Руслана Сякацкага - больш сур'ёзны і спакойна разважлівы, а таму больш жорсткі. Ён таксама "не забівае", а ўсяго толькі будзённа "зачышчае тэрыторыю". Ад спектакля да спектакля змяняецца нават менеджар Бінстак: Віктар Цыркуновіч пачувае сябе ў гэтай ролі ўсё больш разняволена і гулліва, быццам "уваходзіць у смак", знаходзячы ў паводзінах свайго персанажа ўсё больш псіхалагічных адценняў.

 Для такіх "паглыбленняў" у ролі трэба было, відаць, рэпеціраваць суткамі. Не толькі ўдзень, але і

ад ночы

да самага ранку. Дастаткова сказаць, што ў дзень здачы спектакля артысты прабылі на сцэне папраўдзе "зранку да поўначы": спачатку рэпетыцыя, потым дзённы канцэрт, і толькі а 21-й гадзіне - "Чыкага...". Пры гэтым ніхто не выглядаў ні стомленым, ні даведзеным "да апошняй кроплі". Усё рабілася на вялізным эмацыйным уздыме, з сапраўдным задавальненнем. Не ведаю, уночы ці ўдзень прыходзілі да пастаноўшчыкаў ідэі, адна за другую цікавейшыя, але ў спектаклі няма звыклай "масоўкі" - толькі яркія, каларытныя асобы, кожная з якіх развівае сваё "паралельнае дзеянне". Гэты рэжысёрскі прыём, уз/i/content/pi/cult/289/4741/9-3.jpgведзены ў прынцып, не дае сумаваць ні артыстам, ні гледачам. Апошнія становяцца бы сведкамі шоу "За шклом": удзельнікі спектакля фліртуюць, даюць інтэрв'ю, пазіруюць перад фотакамерамі- усё, як у жыцці. Сцэнаграфічны ж "рэалізм" (мастак Таццяна Каралёва) намацаны хіба асобнымі дэталямі: семафор - і мы на вакзале, шэзлонгі - на пляжы, жырандолі- у рэстаране, ветразі - на яхце, дзе прадугледжана нават такая дробязь, як вентылятар, што трэпле спадніцу і ўвасабляе "павевы кахання".

Балетмайстар Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч здолела знайсці для кожнага сваю пластыку- зноў-такі, зыходзячы з таго, хто і што ўмее. Так, "гангстарскаму" мужчынскаму хору яна прапануе паболей рэпу. "Біг-бэндаўскаму" жаночаму хору- бальных рухаў. Балетным артыстам - неакласікі (салісты Віталь Краснаглазаў і Рыгор Крукоўскі выступаюць адразу ў некалькіх запамінальных эпізодах - у розных партыях, вядома). Усё гэта не выключае такога мадэрнісцкага прыёму, як танцавальнае абыгрыванне прадметаў: у аўтамайстэрні- шынаў, сярод адпачываючых мільянераў - інваліднага крэсла, якое коціць фрывольна апранутая медсястра. Пры гэтым замест эклектыкі атрымліваецца шыкоўная "поліфанія стыляў" - свабодны палёт творчых фантазій, куды ўключаны і самі артысты.

Дасягнуць такога можна толькі адным спосабам: пачынаючы не ад "трох фортэ" каманднага голасу, а менавіта з давяральнага піяна, піянісіма і, галоўнае,

ад dolce -

музычнага тэрміна, што азначае "пяшчотна". Такі "кранальна трапяткі" падыход да артыстаў, заахвочванне іх не рэжысёрскімі пагрозамі, а спагадлівай упэўненасцю, што ў іх усё атрымаецца, - таксама "ноу-хау" С.Цырук і яе каманды, а таксама новага кіраўніцтва тэатра. Ці, можа, dolce - яшчэ і новы, усё больш распаўсюджаны апошнім часам падыход да джаза? Бо калі замест рэзкага "аднамернага" гуку з'яўляецца туманова-санорная аблачынка, усё навокал уяўляецца больш "розным і ўсялякім", за выключэннем аднастайна плакатнага.

 Фота Сяргея СУЛАЯ

 На здымках: сцэны са спектакля "Аднойчы ў Чыкага".

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"