Ідэя Леанарда

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Дакументальны фільм “Rhombus Sectus” пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі, створаны французскімі аўтарамі, быў прэзентаваны днямі ў вядучай кніжнай скарбніцы.

 

Рэжысёр Рафаэль Зарка прыняў удзел у мерапрыемстве і распавёў беларускім гледачам, чаму будынак нашай бібліятэкі такі цікавы для яго. У Францыі ж прэм'ера атрымала ўжо добрыя водгукі ад крытыкаў.

Здымкі фільма адбываліся ў Беларусі год таму. Маладога французскага рэжысёра прывабіла форма бібліятэкі - ромбакубаактаэдр, якую ўпершыню стварыў Леанарда да Вінчы. Рафаэль Зарка шукаў гэтую форму ўжо восем гадоў і пабачыў яе ў архітэктурным выяўленні менавіта ў нас. Разам з рэжысёрам Уладзімірам Леонам яны завіталі ў Беларусь, каб паказаць гледачам відэапраграму пра сувязь архітэктуры, скульптуры і помнікаў. Яны расказалі пра здымкі, свае творчыя планы.

 Гэты праект падтрымалі не толькі ў Беларусі, але і ў Францыі - да яго далучыўся Цэнтр мастацтваў горада Жэнвілье (Галерэя Эдуарда Манэ). У прэзентацыі прынялі ўдзел саветнік па супрацоўніцтве і культуры Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Людавік Руае, супрацоўнікі, архітэктары будынка НББ.