“Зямля…” і “Гараджане”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Два праекты “з працягам” днямі прапануе Белтэлерадыёкампанія.

 

Распачынаецца, у прыватнасці, новы сезон праекта "Зямля беларуская". Як адзначыла яго кіраўнік Вольга Шпілеўская, трэцяя частка праекта распачнецца 9 кастрычніка серыяй пра Жыткавічы Гомельскай вобласці. Па словах аўтара шэрагу праграм "Зямлі..." у новым сезоне, журналіста АТН Яўгена Пуставога, раней у праекце было шмат рэжысёрскіх выдумак, цяпер жа ўся ўвага будзе скіравана на тое, каб паказаць рэальнае.

"Ствараючы фільм пра Жыткавічы, мы звярталіся да тэксту "Слова пра паход Ігаравы", шматлікіх мясцовых гістарычных запісаў,- адзначае аўтар. - Вялікая знаходка: у тых мясцінах захаваліся тры абрады, якія жыхары праводзяць да гэтай пары. Мы пакажам не акцёраў, а сапраўдных носьбітаў старадаўніх абрадаў.

 Тры здымачныя групы да канца года плануюць паказаць гледачам Першага канала серыі пра Бярозу, Маларыту, Баранавічы, Ляхавічы ды іншыя раёны Брэсцкай вобласці, якая, такім чынам, будзе прадстаўлена напоўніцу. Пасля Новага года адбудуцца вандроўкі па Міншчыне і Гродзеншчыне.

 Што ж прыдумаюць журналісты тэлеканала пасля таго, як усе раёны краіны ў межах "Зямлі беларускай" будуць паказаны? Яны звернуцца да асобных гістарычных падзей, раскажуць пра вядомых асоб, што нарадзіліся ў слынных мясцінах Беларусі.

Яшчэ адзін праект прадэманструе Белтэлерадыёкампанія гледачам Першага. Гэта новы серыял "Гараджане", які здымае Еўрапейскі Вяшчальны Саюз. "Інтэлігентныя дарослыя гледачы, якія думаюць,"- так ахарактарызаваў яго мэтавую аўдыторыю Дзяніс Кур'ян. Ён стаў аўтарам сцэнарыя серыі пра Мінск, якая ўвайшла ў гэты праект.

"Гараджан" здымаюць у Еўропе ўжо 13 гадоў. Цягам адной серыі можна пачуць два аповеды карэнных жыхароў пэўнага горада нейкай краіны, і адзін- ад імя чалавека, які прыехаў сюды працаваць. Белтэлерадыёкампанію запрасілі да ўдзелу ў праекце ЕВС летась, і сёння мы, а таксама вялікая замежная аўдыторыя, зможам паглядзець фільм пра нашых землякоў - сляпога дыджэя і фотамадэль, а таксама даведацца пра гісторыю артыста Беларускага дзяржаўнага цырка, які прыехаў з Кеніі. Рэжысёрам серыі стаў Сяргей Рыбакоў.