“Лічба” для Караткевіча і Радзівілаў

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Чаму нават копіі рарытэтаў бываюць недаступныя?

Фонды якіх дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі найбольш запатрабаваныя ў айчынных архівах? Калі атрымаем копіі афіцыйных папер часоў Вялікага Княства Літоўскага? Пра гэта, а таксама пра перспектыўныя змены і новыя магчымасці архіваў, аб чым заўжды цікава даведацца, карэспандэнт "К" гутарыла з першым намеснікам дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольгай БІРУКОВАЙ.

Праграма для падтрымк

 - 15 верасня пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь была зацверджана Дзяржаўная праграма "Архівы Беларусі" на перыяд 2011-2015 гадоў...

 - Яе прыняцце для архівістаў усёй краіны стала значнай падзеяй. Новы дакумент накіраваны на ўдасканаленне арганізацыі і кіравання галіной архівазнаўства, а таксама ён вызначае прыярытэты на бліжэйшую пяцігодку. На ажыццяўленне запланаваных мерапрыемстваў выдаткавана 89 мільярдаў рублёў, з іх 24 - з дзяржаўнага бюджэту, а астатнія сродкі - з мясцовых.

- Зразумела, асноўныя палажэнні Праграмы і яе фінансавы падмурак накіраваны на забеспячэнне захаванасці дакументаў нацыянальнага архіўнага фонду, у тым ліку збораў, датычных гісторыі і культуры./i/content/pi/cult/289/4738/6-1.jpg

 - Так, гэта галоўная задача. Мяне ж радуе, што ў Дзяржпраграме падрабязна прапісаны і грошы, якія плануецца выдаткаваць на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржархіваў. Заканатворцы разумеюць: немагчыма захаваць унікальныя дакументы, не праводзячы рэканструкцыю, рамонт спецыяльных памяшканняў. Канешне, Дэпартамент і раней займаўся падобнымі надзённымі пытаннямі, але колішнія аб'ёмы фінансавання дазвалялі рабіць справу вельмі маруднымі тэмпамі. Прыкладам, да гэтага часу яшчэ не здадзены ў эксплуатацыю будынак архіва ў Барысаве. Спадзяюся, дзеянне Праграма дапаможа паскорыць пярэбары. Таксама пры нашым Дэпартаменце дзейнічаюць дзве лабараторыі- у Мінску і Гомелі, - якія займаюцца стварэннем лічбавых копій і рэстаўрацыяй дакументаў. Прынамсі, у Нацыянальным гістарычным архіве захоўваюцца дакументы XIV стагоддзя, што тэрмінова патрабуюць увагі рэстаўратараў. У крытычным стане сёння вельмі папулярныя метрычныя кнігі. На іх заўсёды шмат заявак ад наведвальнікаў. Мы мяркуем з дапамогай закладзеных у Праграму грошай пераабсталяваць згаданыя лабараторыі. Пад пільнай увагай Дэпартамента знаходзіцца Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Каб захаваць унікальныя сведчанні з'яў культуры мінулага, неабходна набыць найноўшае абсталяванне, якое дазволіць забяспечыць захаванне спадчыны на сучасным тэхналагічным узроўні.

 - Што дасць такі комплексны дзяржаўны падыход?

 - Вельмі хочацца наблізіць айчынную галіну да заходняй мадэлі ў плане аўтаматызацыі. У чытальных залах архіваў краіны, на вялікі жаль, яшчэ далёка не ўсё так добра. Не кожны даследчык забяспечаны камп'ютарызаваным рабочым месцам, трэба больш актыўна пераводзіць навукова-даведачны апарат у электронны фармат. Паўнавартасная інфарматызацыя дапаможа архівам выйсці на якасна новы ўзровень.

Супраціўленне... часу

 - Вольга Уладзіміраўна, вернемся да архіўных фондаў. Як вядома, дакументы з цягам часу старэюць...

 - Спадзяёмся, выдаткаваныя фінансы дапамогуць справіцца з праблемай захавання фондаў. Прынамсі, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва карыстальнікі часта звяртаюцца да асабістых фондаў Івана Мележа, да дакументаў аб жыцці і творчасці Стэфаніі Станюты, рэжысёрскіх эксплікацый Дзмітрыя Арлова, да дзённікавых запісаў Анатоля Багатырова і Яўгена Глебава. У працэсе выкарыстання дакументы губляюць свой знешні выгляд. З наступнага года Дэпартамент плануе пашырыць фонд алічбоўкі на падобныя асабліва каштоўныя і запатрабаваныя дакументы і фонд іх карыстання. З гэтай мэтай ствараюцца копіі- мікрафільмы або лічбавыя. Апошнім акрамя Рэспубліканскай тэхнічнай лабараторыі мікрафільмавання страхавога фонду дакументацыі і Цэнтральнай лабараторыі мікрафільмавання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду, паступова пачынаюць займацца на месцах.

- Мусіць, акрамя запатрабаванасці, актуальна і тое, колькі рарытэтаў, датычных нашай гісторыі, сёння ляжыць на паліцах замежных архіваў?

- У тым і справа - неабходна наладзіць пошук падобных матэрыялаў, каб потым стварыць базу дадзеных. Вядома, вельмі хочацца бачыць хаця б копіі іх на радзіме. У Дэпартаменце мараць аб папаўненні поўнага фонду князёў Радзівілаў. Мы хочам атрымаць і копіі дакументаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Многія каштоўныя дакументы той эпохі разышліся па фондах краін Балтыі, Украіны, Расіі, Польшчы. У прыватнасці, наш Архіў-музей літаратуры і мастацтва хацеў бы папоўніць свае фонды асабістымі дакументамі з прыватных калекцый, якія тычацца айчынных тэатральных, музычных, літаратурных дзеячаў, мастакоў і скульптараў. Але не кожны архіў або спадчыннік пагаджаецца нават на капіраванне тых дакументаў, што ў іх маюцца. Спадзяёмся, цэнтралізаваная дзяржаўная падтрымка дапаможа праводзіць перамовы больш плённа. У гэтай сувязі ўдалым прыкладам стала пагадненне з Польшчай аб абмене мікрафільмамі- такім чынам у нацыянальнай скарбонцы з'явіліся чарговыя дакументы, звязаныя з жыццём Радзівілаў.

- Куды трапляюць усе алічбаваныя матэрыялы?

- Апрацаваныя файлы і неабходныя інфармацыйна-пошукавыя характарыстыкі да іх перадаюцца ў Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі, дзе створаны фонд лічбавых копій. У сваю чаргу, электронныя тэхналогіі дазваляюць палепшыць стан саміх архіўных дакументаў і забяспечыць іх захаванасць.

Вырасціць дрэўца. Генеалагічнае

 - Новае стагоддзе пашырыла паняцце архіва, ператварыўшы яго з простага сховішча рарытэтных адзінак у шматвектарную ўстанову...

- За апошняе дзесяцігоддзе рэспубліканскія, абласныя, занальныя архівы пашырылі сваю дзейнасць па папулярызацыі архіўных дакументаў. Мае калегі робяць многае, каб тыя матэрыялы, аб якіх раней ведалі толькі спецыялісты, сталі даступныя шырокаму колу зацікаўленых. Возьмем такую, падавалася б, вывучаную тэму, як біяграфія і творчасць беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У першыя дні кастрычніка прайшла прэзентацыя зборніка "Купала і Колас, вы нас гадавалі", аснову якога склалі дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, з літаратурных музеяў творцаў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь... Складальнікі зборніка прадставілі на суд чытачоў шмат дакументаў, аб якіх ніхто не ведаў, а таксама матэрыялаў, якія раней былі даступныя толькі вузкім спецыялістам, у тым ліку - незнаёмыя аўтографы песняроў.

 - А яшчэ з 2002 года архівы пачалі займацца айчыннай геральдыкай...

 - Так, на Дэпартамент была ўскладзена задача вядзення дзяржаўнага геральдычнага рэгістру. Калі ў 2002 годзе нам перадалі гербавы матрыкул, ён налічваў 87 найменняў афіцыйных геральдычных сімвалаў. За восем гадоў мы пашырылі спіс усіх відаў сімволікі да 1125. Падкрэслю, што, як і ў іншых краінах, беларуская геральдыка складаецца з двух вялікіх пластоў: гістарычных гербаў мінулага і сучасных сімвалаў. Наша праца накіравана на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Таму пры распрацоўцы герба або сцяга для таго ці іншага населенага пункта мы ў першую чаргу звяртаемся да мінулага. Зазначу, што на сённяшні дзень мы ўжо маем гербы шматлікіх гарадоў, гарадскіх пасёлкаў краіны. Зараз па іх распрацоўку пачынаюць звяртацца і вёскі, якія маюць шматвяковую гісторыю. Да стварэння кожнага новага сімвала прыцягнуты вялікі калектыў. Усё пачынаецца з аўтара канцэпцыі, мастака-геральдыста. Потым будучая сімволіка праходзіць перад зацвярджэннем шматлікія ўзгадненні з прадстаўнікамі мясцовых улад, прафесіяналамі з Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

- Апошнім часам вельмі папулярнай тэмай стала стварэнне радаводу. Ці шмат запросаў такога кшталту?

- Генеалагічную інфармацыю можна знайсці ў многіх дзяржаўных архівах. Але асноўнымі захавальнікамі дакументаў, якія дазваляюць займацца складаннем радаслоўных, з'яўляюцца гістарычныя архівы Мінска і Гродна. Сярод гэтых дакументаў - метрычныя кнігі, рэвізскія сказкі, пасямейныя, рэкруцкія і прызыўныя спісы... Заяўкі на распрацоўку генеалагічнага дрэва прымаюцца на платнай аснове. Некаторыя асабліва зацікаўленыя асобы самастойна пераглядаюць архіўныя фонды ў пошуках далёкіх родзічаў. Але гэта вельмі аб'ёмная праца. І тут мы зноў выходзім на пытанне алічбоўкі фондаў, паляпшэння тэхнічнай базы. Інфарматызацыя архіўнай галіны дапаможа не толькі павялічыць эфектыўнасць працы архівістаў, але і наблізіць вялізныя аб'ёмы інфармацыі да карыстальніка, дапаможа зрабіць неабходныя рэсурсы больш даступнымі. Тады можна будзе без ценю сумнення заявіць: архіўная спадчына краіны паўнавартасна працуе на фарміраванне яе будучыні.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"