Шляхамі і “Шляхам…”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

З дакументальных крыніц вядома, што літаральна адразу пасля смерці Янкі Купалы былі зроблены захады, каб сабраць і зберагчы яго рукапісную спадчыну. Спецыяльнай пастановай СНК БССР і Бюро ЦК КП(б) Беларусі ад 02.07.1942 г. "усе літаратурныя працы: кнігі, рукапісы, выдадзеныя і нявыдадзеныя, пісьмы, перапіска народнага паэта" абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю.

/i/content/pi/cult/289/4735/pic_14.jpgПасля вайны быў знойдзены рукапісны зборнік "Шляхам жыцця", які Пясняр падарыў К. Дуж-Душэўскаму, а той, у сваю чаргу, у 1930 годзе перадаў рукапіс на захаванне ў Беларускі музей у Вільні. Адшукалі таксама аўтографы паэм "Сон на кургане", "Бандароўна", камедыі "Паўлінка". З Германіі былі вернуты ў Дзяржаўную бібліятэку БССР і пасля перададзены ў музей аўтарская карэктура зборніка "Шляхам жыцця", рукапісы перакладаў "Слова аб палку Ігаравым".

Па словах вядучага навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, аўтара навуковай канцэпцыі выстаўкі "Глянуць будучыні ў вочы..." Фаіны Ваданосавай, сярод матэрыялаў, вернутых з Германіі, былі знойдзены 2 папкі, якія змяшчалі 70 аўтографаў Купалы. Частка з іх выяўлена ў падольскім філіяле Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі АН Украіны і ў 1954 годзе перададзена ў музей Песняра. Шматлікія арыгіналы рукапісаў прадстаўлены сёння ў праекце "Глянуць будучыні ў вочы...".

На новай выстаўцы ў Купалаўскім музеі, аўтарам мастацкай канцэпцыі якой з'яўляецца Генадзь Чысты, можна ўбачыць не толькі ўнікальныя матэрыялы з калекцый сяброў і знаёмых Янкі Купалы, але і дакументы, фотаздымкі, прысвечаныя і непасрэдна стварэнню музея. Умоўна юбілейная выстаўка падзелена на чатыры часткі, што адпавядаюць Мінску, Вільні, Пецярбургу і Маскве - гарадам, што мелі асаблівае значэнне ў лёсе і творчасці Песняра. Менавіта там было выяўлена багата прадметаў, што папоўнілі калекцыю музея.

І сёння з гэтымі гарадамі плённа супрацоўнічае Дзяржаўны літаратурны музей паэта. Па словах яго дырэктара Алены Мацевасян, напрыканцы жніўня ў Літаратурным музеі Аляксандра Пушкіна ў Маскве адкрылася выстаўка "Малюся я небу, зямлі і прастору". У наступным годзе, калі распачне працу Цэнтр беларускай культуры ў Маскве, плануецца стварыць і пастаянную экспазіцыю, прысвечаную Янку Купалу.

Плённае супрацоўніцтва адбываецца і з музеем Пушкіна ў Вільнюсе. /i/content/pi/cult/289/4735/pic_15.jpgУ бліжэйшы час у супрацоўніцтве з Пасольствам нашай краіны ў Літве адбудзецца прэзентацыя нашага музея, яго філіялаў.

Як падкрэсліла Алена Мацевасян, кожны такі праект прыцягвае ўвагу беларускай дыяспары. Яе прадстаўнікі з задавальненнем наведваюць выстаўкі і мерапрыемствы, звязаныя з культурай і літаратурай. Але не толькі беларусы захапляюцца творчасцю Песняра. У сяле Пячышчы ў Татарстане, дзе таксама дзейнічае музей паэта, існуе самадзейны гурток, які сёлета паставіў "Паўлінку". Вельмі спадабалася мясцовым жыхарам і выстаўка "Янка Купала і тэатр", прывезеная з Мінска.

Музей актыўна далучае да творчасці Янкі Купалы і нашу моладзь. У прыватнасці, пры ўстанове ўжо два гады існуюць клуб маладых літаратараў "Літаратурнае прадмесце" і музычны клуб. Без іх удзелу не абыходзяцца шматлікія акцыі ўстановы, у тым ліку- традыцыйная Ноч музеяў.

Сёння ж галоўны клопат музейшчыкаў ляжыць у іншай плоскасці. Амаль 40 тысяч адзінак фонду патрабуюць грунтоўнага даследавання. А таму кожная выстаўка, дзе дэманструюцца ўнікальныя экспанаты, пралівае святло на ўсё новыя старонкі жыцця і творчасці Янкі Купалы.

На здымках: Янка Купала, 1920-я.; фрагмент выстаўкі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"