Палескі “магніт” з басейна Прыпяці

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

“Фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” — гэта не толькі сведчанне вялікай павагі да традыцыйнай культуры беларусаў, але і пацверджанне нашага імкнення захаваць спадчыну Палесся ва ўсёй яе першароднасці і шматаблічнасці, — адзначыў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі пад час наведвання маштабнага форуму, што адбыўся нядаўна ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. — Фестываль арганічна ўключыцца ў агульны пад’ём і развіццё эканомікі рэгіёна, дэманструючы багацце і ўнікальнасць краю, яго самабытнасць і гісторыка-культурную спадчыну”.

/i/content/pi/cult/289/4733/pic_8.jpg

Багацце гомельскіх строяў, аўтэнтыка з аддаленых вёсак, дынастыі пакаленняў, якія вучылі гасцей таму ці іншаму народнаму промыслу... Якім быў гэты фестываль і якім павінен стаць у будучыні? Арганізатары, члены журы, удзельнікі і журналісты разважалі пра тое цягам фестывальных дзён.

Творчыя калектывы, выканаўцы народнай музыкі, танцаў і песень ды майстры прыехалі на фестываль з раёнаў, якія знаходзяцца ў басейне Прыпяці (восем - з Гомельскай і тры - з Брэсцкай абласцей). Аўтэнтычная палеская музыка і спевы гучалі з галоўнай сцэны, міні-выступленні можна было пабачыць і на конкурсе падворкаў. Тут кожны раён прадстаўляў тое, чым ганарыцца найперш і што найбольш шануе ў сваёй гісторыі і этнаграфіі. Ахвотныя спрабавалі свае сілы ў вырабе чаўноў, ганчарнай справе, пляценні кошыкаў і ткацтве, а таксама каталіся на старадаўняй брычцы, практыкаваліся ў рыбнай лоўлі і тут жа маглі прыгатаваць смачную юшку.

Сяргей Сідорскі заўважыў, што фестываль павінен стаць своеасаблівым магнітам, які прыцягне ўвагу людзей не толькі з Беларусі, але і з усяго свету. А віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза распавёў, што на наступны форум прыедуць дэлегацыі з палескіх рэгіёнаў Расіі і Украіны. Па словах жа генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" Сцяпана Бамбізы, гасцямі фестывалю сталі таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій і турыстычных фірм, патэнцыйныя інвестары з бліжняга і далёкага замежжа.

"Падворкі выконвалі забаўляльную функцыю, але наступным разам трэба змяніць канцэпцыю гэтай часткі фестывалю, - заўважыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон. - Хацелася б, каб у іх было больш этнаграфічных рыс, кожны з раёнаў прадэманстраваў сваю ўнікальнасць, індывідуальныя асаблівасці. У гэтым могуць дапамагчы, мяркую, супрацоўнікі краязнаўчых музеяў".

Намеснік начальніка Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка ўпэўнена, што культурная праграма атрымалася даволі моцнай. "Свята вельмі разнажанравае, - зазначыла яна. - Яно разлічана на ўсе катэгорыі людзей. Для многіх калектываў Палесся гэта быў самы значны фестываль апошнім часам".

Удзельнікі конкурсаў атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі, граматы. Гран-пры за самы арыгінальны падворак прысуджаны Жыткавіцкаму раёну. Паколькі фестываль праводзіцца ўпершыню, асобныя ансамблі і выканаўцы пакуль што не змагаліся за першыя тры месцы - патрэбны яшчэ час для таго, каб асэнсавана падрыхтавацца да спаборніцтва. Але наступным разам журы будзе сур'ёзна ацэньваць і касцюм, і вакальнае майстэрства, і танец.

На першым "Поклічы Палесся" журы ўзначаліў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі. Вось яго меркаванне, якім ён падзяліўся пасля форуму: "Гэта адзіны фестываль, у якім прынялі ўдзел сапраўдныя носьбіты этнакультуры, якая перадаецца моладзі. Вельмі парадавалі калектывы з Лельчыцкага, Жыткавіцкага, Петрыкаўскага раёнаў. Было і апрацаванае мастацтва, але яно не згубіла зместу, духу і прыроды".

Пра свае ўражанні распавёў і мастацкі /i/content/pi/cult/289/4733/pic_10.jpgкіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Вячаслаў Шарапаў: "Не лішнім было б на будучыню ўдакладніць геаграфічныя межы фестывалю: ён для жыхароў Палесся, для ўсёй краіны ці скіраваны на тое, каб паказваць нашу культуру замежнай аўдыторыі? Хацелася б, каб ён набыў міжнародны статус, сюды прыязджалі калектывы з іншых краін. Таксама варта надаць увагу афармленню сцэнічнай пляцоўкі, зрабіць яе больш святочнай, а яшчэ прадугледзець умовы для турыстаў. Падаецца, такія захады зробяць яго сапраўднай творчай перлінай Палесся".

Неаспрэчна адно: ідэя правядзення фестывалю знайшла водгук у сэрцах тысяч гасцей і ўдзельнікаў свята. Хочацца спадзявацца, што ляскавіцкі фэст стане сапраўдным брэндам Гомельшчыны, накшталт "Берагіні" ў Акцябрскім раёне ці Аўцюкоўскага фестывалю гумару. Этнакультурны форум павінен стаць своеасаблівым штуршком для далейшага развіцця сучаснага аматарскага мастацтва і захавання спадчыны аднаго з найбольш самабытных рэгіёнаў Беларусі.

Аксана СЯМЁНАВА

Гомель

Алена САБАЛЕЎСКАЯ

Мінск

На здымках: урачысты збор удзельнікаў фестывалю; на сцэне - "Песняры".

Фота Алега БЕЛАВУСАВА