Пра акцэнты, што ставяць на працэнты

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Міёршчына: кадры, перспектывы, пазабюджэт

 

/i/content/pi/cult/289/4732/pic_5.jpgЗгодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на Міёршчыне сёлета трэба пераўтварыць у аграгарадкі тры вёскі. Прыкладна са жніўня тут распачалі рамонт аб'ектаў культуры. Таму дыскатэкі ў клубных установах часова не ладзяцца. Але культасветработа збольшага не спынілася. Як распавяла кіраўнік СДК у Наўгародах Наталля Сівая, для гуртковых заняткаў выкарыстоўваюцца памяшканні школы і дзіцячага садка. Аднак план па аказанні платных паслуг у такіх "будаўнічых" умовах выканаць будзе няпроста. А план гэты па Віцебшчыне, як вядома, - "двухсотпрацэнтны"... Між тым, кіраўнік СДК ясна бачыць сваю перспектыву.

Менавіта Наталля Сівая ненаўмысна падказала "стрыжань" гэтага артыкула. У культуры яна працуе 25 гадоў, мае вышэйшую спецыяльную адукацыю, моладзь за ёй, як кажуць, цугам ходзіць. Праўда, моладзі той у наваколлі - кот наплакаў. У зоне абслугоўвання СДК - 12 вёсак, каля 500 жыхароў. Але ў "клубным актыве" (без уліку нямоглых і немаўлят) - усяго 50 чалавек, а дыскатэкі наведвае ад сілы 10 - 20. Але аграгарадок тут патрэбны, а рамонт СДК - неабходны. У гэтым упэўнена і Наталля Пятроўна. Знікне ў вёсцы клуб, неўзабаве перастане існаваць і вёска (доказаў таму па рэспубліцы хапае). А Наўгароды - цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства, таму напрошваецца яшчэ адна формула: стане яно нарошчваць вытворчасць - паболее тут праз час і моладзі.

Перспектывы СДК у такім выпадку - выхад на новыя формы дзейнасці. Да дзевяці наяўных гурткоў Наталля Сівая мяркуе далучыць тэатр "Батлейка" з канкрэтным планам гастрольна-платнай дзейнасці...

Па прызнанні начальніка аддзела культуры Міёрскага райвыканкама Аляксандра Тронькіна, хоць паказчык спецыялістаў, што маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, па раёне і неблагі (за 70 працэнтаў), але такіх работнікаў як дырэктар Наўгародскага СДК - адзінкі. Адсюль усе праблемы...

Карацей, вось яны, тры асноўныя акцэнты сённяшняй вясковай тэмы: кадры, здольныя на крэатыў; яснае бачанне перспектыў; якасць работы ці разумная аддача ад пазабюджэтнай дзейнасці. Хтосьці запярэчыць: акцэнты гэтыя і для гарадской культуры выключна актуальныя. Так. Але якое мора без ручаін?

 

Народ пытаецца і прапануе

 "Выдумкі б паболей..."

Вёскі сілкуюць райцэнтр, райцэнтр падтрымлівае вёскі. Такое "геапалітычнае" ўзаемадзеянне - больш чым натуральнае. Таму апытанне праводзіў не толькі ў аграгарадках.

Аляксандр, старшакласнік з Міёраў:

- Я гатовы плаціць за любое цікавае мерапрыемства. Не скажу, што іх няма, але, на мой погляд, - усё ж малавата. На выспе Міёрскага возера аддзел культуры ўладкаваў неблагое месца адпачынку. Але чаму само возера не выкарыстоўваецца? Маю на ўвазе не толькі пракат лодак і катамаранаў, але і нейкія тэатралізаваныя дзеі на плытах... Словам, выдумкі не стае. Цікава, сітуацыя і ў вёсках такая ж?

Тамара Аляксееўна, служачая з Міёраў:

- Вельмі кепскае асвятленне на сцэне РДК. Пабывала з нагоды ў асобных нашых аграгарадках, дык пераканалася: там тэхнічнае абсталяванне проста шыкоўнае. А да РДК рукі не дайшлі?

Віктар, рабочы з аграгарадка "Цвеціна":

- Няма ў мяне прэтэнзій да работы СДК. Усё быццам на ўзроўні. А вось пытанне ёсць: колькі сябе памятаю, столькі, падаецца, і існуе ў нас фальклорны калектыў "Цвяціначка", а чаму ён і па сёння не народны?

Галіна Пятроўна, пенсіянерка з вёскі Наўгароды:

- Я ўжо сваё адспявала, адтанцавала, сіл ужо няма клуб наведваць ды ў самадзейных артыстах хадзіць... А тое, што колішні сельсавет пад клуб цяпер перарабляюць, гэта добра. Стане вёска аграгарадком, дык мо і дзеці мае з гарадоў назад папрыязджаюць? Умовы ж займеем зусім іншыя.

 

/i/content/pi/cult/289/4732/pic_6.jpgНамеснік старшыні Міёрскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Марыя БАНІФАТАВА правядзенне лятучкі палічыла справай неадкладнай і важнай для далейшага развіцця культуры рэгіёна. Маўляў, праблем тут хапае, і вырашэнне многіх з іх на мясцовым узроўні проста немагчымае. А кіраўнік аддзела- малады, працуе толькі год. І хоць дасталася яму неблагая "спадчына" ад папярэдніка, што ўжо на заслужаным адпачынку, але сённяшні час- імклівы ды напружаны, і адпавядаць ягоным патрабаванням вельмі няпроста... Начальнік аддзела культуры Міёрскага райвыканкама Аляксандр ТРОНЬКІН цалкам пагадзіўся з гэтай высновай, таму прыняў у "лятучцы" не менш актыўны ўдзел.

Яўген РАГІН:

- Пабываў у вёсцы Наўгароды, якая сёлета стане аграгарадком, пераканаўся, што ў раёне шмат робіцца для таго, каб надаць населенаму пункту новае "дыханне", але працэс гэты ва ўмовах Міёршчыны досыць складаны...

Марыя БАНІФАТАВА:

- І звязана гэта з хутарскім ладам жыцця, які склаўся ў даўнія часы. Таму ў рэгіёне цяпер - 460 населеных пунктаў. Ёсць вёскі, дзе жыве па два-тры чалавекі. А трэба ж да кожнага дайсці, што, на жаль, атрымліваецца не заўжды... Між тым, любую ўстанову, і не толькі ў сферы культуры, імкнёмся трымаць да апошняга, не зачыняць, насычаць новым зместам.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- У тых жа Наўгародах нам перадалі на баланс будынак, дзе апрача СДК месцяцца фельчарска-акушэрскі пункт, кантора сельгаспрадпрыемства, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі... Словам, вясковая культура гуртуе вакол сябе ўсю мясцовую "сацыялку".

Марыя БАНІФАТАВА:

- Адышоў у нябыт той час, калі сельскіх культработнікаў "сілкавалі" калгасы і саўгасы.

Яўген РАГІН:

- Натуральна, сувязі засталіся, але лакальныя, эпізадычныя. Дырэктар СДК у Наўгародах казала, што мясцовая гаспадарка, калі трэба, падтрымлівае мастацкую самадзейнасць транспартам, праўда, - гужавым...

Марыя БАНІФАТАВА:

- Калі б не Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла, дык не ведаю, у якім стане знаходзіліся б нашы ўстановы культуры. А цяпер мы сельскія клубы планамерна пераўтвараем у СДК... Але пэўныя аб'екты ў даволі буйных населеных пунктах засталіся без грашовага ўлівання. І вялікі спадзеў тут ускладаем на дзяржаўную ўвагу ў дачыненні да далейшага развіцця сельскіх тэрыторый.

Яўген РАГІН:

- Мы сёння шмат гутарылі з Аляксандрам Сяргеевічам пра тыя праблемы, што не даюць яму спакою. Адна з галоўных, на ягоны пункт гледжання, замацаванне моладзі ў вёсках і замацаванне яе ў самой сферы культуры. Маўляў, вырашэнне другога складніка праблемы наўпрост уплывае на "нармалізацыю" першага.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Мы не можам забяспечыць нават добрых маладых спецыялістаў ведамасным жыллём...

Марыя БАНІФАТАВА:

 - ...і прыстойным заробкам у першую чаргу. А наконт жылля на сяле пытанне даволі паспяхова вырашаем...

Яўген РАГІН:

- Але адно з першых даручэнняў губернатара тычылася, наколькі ведаю, сістэмнага ўзвядзення райцэнтраўскага жытла для работнікаў сацыяльнай сферы. Але, як журналісцкая практыка паказвае, для работнікаў культуры, як, дарэчы, і для настаўнікаў, патрапіць у такі "кватэрны" спіс - хутчэй выключэнне, чым правіла.

Марыя БАНІФАТАВА:

- Вось якраз пра гэта гаворку варта весці не на раённым, а на рэспубліканскім узроўні. Але, на мой погляд, не павінна так быць: прыходзіць малады спецыяліст і патрабуе гарантаваную кватэру. А калі ён займеў уласнае жытло, узяўшы льготны крэдыт пад адзін працэнт, дык ніколі не з'едзе.

Яўген РАГІН:

- У ідэале так. Але ж зрабіце ўсё для таго, каб узяў ён той крэдыт. Наколькі ведаю, быў у вас харэограф цудоўны ў Міёрах, але - з'ехаў...

Марыя БАНІФАТАВА:

- Безумоўна кепска, што ні ў райвыканкама, ні ў аддзела няма свайго жылля. Просім, каб спецыялістаў галіны культуры сялілі ў ведамасных інтэрнатах... Натуральна ж, лічу кадравую праблему адной з набалелых.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- І справа не толькі ў дзвюх вакансіях: на сяле - дырэктара СДК і ў горадзе - спецыяліста райметадцэнтра (стаўка гэтая пакуль падзелена паміж работнікамі). Праблема ў недахопе людзей думаючых у рэчышчы развіцця раёна, крэатыўных, неардынарных.

/i/content/pi/cult/289/4732/pic_7.jpgЯўген РАГІН:

- Згодны цалкам. Пад час камандзіровак, сустракаючыся па рэспубліцы з клубнікамі, бібліятэкарамі, заўжды пытаюся: "Чым здзівіць можаце?" Дык, шчыра кажучы, рэдка хто зацікавіць здольны новым зместам або адмысловай формай працы. У дзяўчат-завочніц нядаўна пытаўся ў адным з раёнаў, якія яны тэмы ў курсавых работах распрацоўваюць. Спрэс, як аказалася, руціна, ніякай "прывязкі" да мясцовасці, ніякай уласна выпакутаванай і практычна апрабаванай крэатыўнай канкрэтыкі.

Марыя БАНІФАТАВА:

- У культуры павінны працаваць людзі, асаблівым "пацалункам" адзначаныя.

Яўген РАГІН:

- Дык аддзел культуры гэтыя "пацалункі" са школьнай лавы абавязаны адсочваць.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Мы паставілі перад кіраўнікамі сельскіх клубаў, бібліятэк досыць канкрэтную задачу: штоквартальна наведваць школы, адшукваць таленты, удасканальваць прафарыентацыю, нацэльваць падлеткаў на будучую працу дзеля ўмацавання нашай духоўнасці.

Яўген РАГІН:

- Ці ёсць гэтым словам канкрэтныя прыклады-справы?

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Сёлета скончыў Полацкае вучылішча мастацтваў мясцовы юнак, родам з Міёр, цяпер працуе кіраўніком клуба ў вёсцы, што стане неўзабаве аграгарадком. Дарэчы, раней там кіравала ўстановай жанчына больш чым з дваццацігадовым стажам, якая перайшла працаваць у бібліятэку. А дзве гэтыя ўстановы - пад адным дахам. Словам, хлопцу нашаму вельмі камфортна дзейнічаць пад апякунствам больш чым дасведчанага спецыяліста і назапашваць спрактыкаванасць у творчых стасунках з вяскоўцамі.

Яўген РАГІН:

- Гэта, безумоўна, добра, калі малады спецыяліст імгненна адаптуецца да працы ў вёсцы, праяўляе актыўнасць. Але ж яго трэба вучыць галоўнаму- яснаму бачанню перспектывы, разуменню таго, што спажыўцу спатрэбіцца заўтра, паслязаўтра. Тут, пагадзіцеся, адной актыўнасці мала, а патрабаванне ўсвядомленай "стратэгічнасці" павінна сыходзіць, як падаецца, ад аддзела культуры.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Сёння заканчваем правядзенне анкетавання па кожнай сельскай установе. Высвятляем, што цікава вяскоўцам, чаго яны чакаюць ад клубнікаў, бібліятэкараў. Асноўны ўпор рабілі на апытанне моладзі. Паверце, аналіз будзе выключна сур'ёзным.

Яўген РАГІН:

- Па якіх крытэрыях райвыканкам ацэньвае працу аддзела?

Марыя БАНІФАТАВА:

- Па ступені наведвальнасці мерапрыемстваў, а значыць - па зацікаўленасці людзей у тым, што робяць культработнікі... Ну і, безумоўна, пад кантролем ход выканання плана платных паслуг... Дык вось, наведвальнасць. Па розных установах культуры сітуацыя, на жаль, розная: зала поўнай бывае, а бывае і пустой. У Міёрах пад час аглядаў мастацкай самадзейнасці...

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- ... а ў нас ледзь не 200 калектываў у раёне...

Марыя БАНІФАТАВА:

 - ...дык вось, аншлагі пры гэтым заўсёдныя.

Яўген РАГІН:

- А на вёсцы, кажаце, далёка не ўсё так бясхмарна?

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Таму і ўзяліся за анкетаванне.

Яўген РАГІН:

- Правільна, напэўна, зрабілі... Але іншае непакоіць: ці здолееце вы той попыт задаволіць. І справа тут не ў фінансах, недахоп якіх не дазваляе вам набыць ні цеплаход, ні хаця б пару катамаранаў з лодкамі для шпацыраў па вашых бясконцых рэчках і азёрах. Справа ў творча-метадычнай "узброенасці" спецыялістаў, бо такіх спрактыкаваных, як клубнік Наталля Сівая з Наўгародаў ці бібліятэкар Алена Дулінская з аграгарадка "Чапукі", у раёне, па вашым уласным прызнанні, вельмі мала.

Марыя БАНІФАТАВА:

- У пэўнай ступені гэта вось чым тлумачыцца: бібліятэкары па Віцебшчыне атрымліваюць надбаўку за вышэйшую адукацыю, а клубнікі- не. Прафесійны рост матэрыяльна не стымулюецца. Лепшым, натуральна, самі даплачваем, але гэта мізер. Зноў сутыкаемся з праблемай, якую ў межах раёна вырашыць немагчыма.

Яўген РАГІН:

- З лепшымі кадрамі ўсё зразумела, а што робіце з горшымі?

Марыя БАНІФАТАВА:

- Ваюем... Але да кожнага - свой падыход павінен быць.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Нават калі план па аказанні паслуг установа недавыконвае, але кіраўнік яе стараецца, новыя формы працы шукае, да пазбаўлення прэміі справа не даходзіць.

Яўген РАГІН:

 - Самы час цяпер абмеркаваць пазабюджэтную дзейнасць. Зарабіць за год 378 мільёнаў - задача рэальная?

Марыя БАНІФАТАВА:

- Палову плана выканалі. Я перакананая, што засталося тут шмат нявыкарыстаных рэзерваў. Але работнікі культуры пачалі думаць на перспектыву. Сёлета ўведзена 30 новых відаў паслуг. Мы пачалі абменьвацца ідэямі з іншымі раёнамі... Але і эканамічныя рэаліі сёння нельга не браць пад увагу.

Яўген РАГІН:

- Усё гэта так. Але ці варта сёння асноўную стаўку ў пазабюджэтнай дзейнасці рабіць на спажывецкую здольнасць сяльчан? Як падаецца, галоўны нявыкарыстаны рэзерв тут - рэгіянальны турызм. І гэта цудоўна разумее кіраўніцтва вобласці: ад Бягомля да Міёраў актыўна вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай да аўтатрасы тэрыторыі: ладзяцца зоны адпачынку і прыдарожнага сервісу... Культура раёна, наколькі ведаю, не зарабіла на абслугоўванні турмаршрутаў ні рубля.

Марыя БАНІФАТАВА:

- Пагаджаюся, натуральна. Пачало ў нас дзейнічаць прыватнае турагенцтва, якое план выконвае на 500 працэнтаў... Культура тут павінна быць на пярэднім краі, а не ў глыбокім тыле, за што я аддзел пастаянна крытыкую... Вы ведаеце, што ў раёне ёсць Музей кнігі? Пагадзіцеся, з'ява рэдкая, а значыць - установа брэндавая, іміджаўтваральная. Ды толькі дзейнічае яна не ў сістэме культуры, а ў сістэме адукацыі. А музей адметны, і кнігі там - унікальныя. Тлумачыцца тая адметнасць апантанасцю кіраўніка ўстановы - настаўніка Вітольда Ермалёнка.

Яўген РАГІН:

- Раённай культуры не хапае яркасці, іміджу, прыцягальнасці?

Марыя БАНІФАТАВА:

- Я сказала б, што ўсе гэтыя рысы на сёння - эканомікаўтваральныя, а значыць - абавязковыя, інакш не будзе ніякіх перспектыў у нашай культуры.

Яўген РАГІН:

- Патрэбна для гэтага разгалінаваная сацыяльна-бытавая інфраструктура. Дабірацца да вас хоць і доўга, але рэальна, а вось пераначаваць у райцэнтры з камфортам - наўрад ці.

Марыя БАНІФАТАВА:

- Усё правільна. Будуем цяпер чатыры аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Але ўсё гэта - справа няхуткая, праектна-каштарысная дакументацыя паўгода рыхтуецца...

Яўген РАГІН:

- Мне распавялі, што сувенірную прадукцыю вашых народных майстроў аддзел рэалізоўвае і ў Міёрах, і ў Дзісне.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Дарэчы, грошы ад яе рэалізацыі хоць і ідуць у аддзел культуры, але гэтая платная паслуга залічваецца гандлю. Яшчэ адно вузкае месца, "пашырыць" якое можна толькі на рэспубліканскім узроўні... І яшчэ. З першага студзеня мясцовы кінавідэацэнтр стаў юрыдычнай асобай, цалкам самастойнай, але Дзяржкамстат нашы сёлетнія паказчыкі па аказанні платных паслуг дзеліць на паказчыкі леташнія, калі кінафікацыя знаходзілася на нашым балансе, у выніку 10 - 12 працэнтаў грошай "вылятае" ў нікуды. Каб не гэта, мы б сёлета выйшлі на 118- 120 працэнтаў выканання плана, устаноўленага аблвыканкамам. Аднак рэаліі сёння пакуль іншыя.

Яўген РАГІН:

- Ці не зашмат міжведамасных эканоміка-юрыдычных нестыковак?

Марыя БАНІФАТАВА:

- Вельмі спадзяемся, што ўсе гэтыя моманты будуць "адшліфаваныя", бо выкананне плана пазабюджэтнай дзейнасці - ці не галоўны паказчык.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Вялікія праблемы былі і ёсць з набыццём светлавой клубнай апаратурай, музычных інструментаў для ДШМ.

Яўген РАГІН:

- Жыхары Міёраў скардзяцца: сцэна РДК асвятляецца не найлепшым чынам.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Як ні шкада, але сцэнічнае святло, скажам, аграгарадка "Цвеціна" на парадак лепшае, чым у Міёрах. А зношанасць музычных інструментаў у Дзіснянскай ДШМ дасягнула ледзь не ста працэнтаў. Баян для рамонту (хоць і каштуе гэта як новы інструмент) мы яшчэ можам у Мінск завезці, а фартэпіяна? Словам, патрэбна тут нейкая цэнтралізацыя.

Марыя БАНІФАТАВА:

- Давайце вернемся да брэндавай перспектывы раёна. Мы недастаткова піярым сябе. Усе ведаюць пра Браслаў, аднак мала хто арыентуецца ў рэспубліцы, што ж цікавага ёсць на Міёршчыне.

Яўген РАГІН:

- І я пра тое ж: патрэбны культурныя акцыі, якія "ўзарвалі" б свядомасць людзей. Вы кажаце, што параход на Міёрскім возеры вам непатрэбны, бо дзейнічае тут ці не адзіная кавярня "на плыву". Але ж прыналежыць яна райспажыўсаюзу. А ці ўзяў на сябе аддзел культуры канцэртна-эстрадны складнік па сістэмным абслугоўванні таго плыта-кавярні?

 Марыя БАНІФАТАВА:

- Пакуль не...

Яўген РАГІН:

- Пра якія перспектывы тады гаворка?

Марыя БАНІФАТАВА:

- Але аддзел культуры пачаў шчыльна супрацоўнічаць з "сухапутнай" кавярняй "Чайка", там цяпер жывая музыка гучыць... Згодна, па пятніцах-суботах аддзел культуры павінен быць больш актыўным.

Аляксандр ТРОНЬКІН:

- Мы цяпер пра крэатыўнасць гаворым. Але, я думаю, нават спецыяліст з адукацыяй і вопытам на гэта часам не здольны.

Яўген РАГІН:

- Для мяне неаспрэчна: руціна з'ядае прафесіяналізм. А на адных канцэртах і дыскатэках, нават супер'якасных, у заўтра ўжо не "выехаць"... Я разумею, што праблем - мора: і пячное ацяпленне ў большасці сельскіх устаноў, і апаратуры не хапае, і з кадрамі не ўсё добра. Але ад актыўнасці культработнікаў заўтрашні дзень вёскі залежыць. І як тут не думаць аб перспектывах...

Марыя БАНІФАТАВА:

 - Ніхто не кажа, што прафесія работніка культурнай сферы лёгкая і "хлебная". Але варта, каб яны адчулі дзяржаўную важнасць уласнай місіі. Думаю, што менавіта на гэта і будзе найперш скіравана Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, якую так чакаюць работнікі галіны.  

 

Дэталі да агульнай карціны

Адметнасці аднаго СДК

У Цвецінскага СДК дзве адметнасці, акрэсленыя мясцовай традыцыйнай культурай.

Па-першае, тут дзейнічае Дом фальклору - арганічнае на сёння структурнае звяно клубнай установы. Па-другое, не менш цікавым падаецца фальклорны калектыў "Цвяціначка", якому- не адзін дзясятак гадоў. І першая, і другая адметнасць знітаваны ў адно творчае цэлае, што і адрознівае Цвецінскі СДК ад іншых клубных устаноў раёна. Дом фальклору збірае мясцовыя абрады і песні, а "Цвяціначка" іх выконвае. Па словах дырэктара СДК Зінаіды Кадушка, песні ў рэпертуары "Цвяціначкі" - унікальныя, а даследчая дзейнасць мясцовых фалькларыстаў, якія сабралі і занатавалі дзясяткі ўзораў тутэйшага традыцыйнага мастацтва, заслугоўвае таго, каб досвед гэты абагульняўся і выкарыстоўваўся ў іншых сельскіх клубах. А наданне "Цвяціначцы" звання народнага ансамбля - справа часу.

 

 

Патрэбна фанаграма?

А вось народная студыя эстраднага майстэрства "Зараніцы", што дзейнічае пры РДК, абслугоўвае творчыя патрэбы сельскіх клубных устаноў.

Існуе студыя з 1986-га. А сваё найменне яна займела дзякуючы песні Дзмітрыя Далгалёва "Зараніцы", што стала своеасаблівым гімнам студыйцаў. А ідэя студыі і нязменнае кіраўніцтва ёй належыць загадчыку музычнага аддзялення Міёрскай ДШМ Сяргею Аляксееву. Пастаянны студыйны набор - 45 чалавек, сярод якіх - і школьнікі, і дарослыя. Прафесійная гуказапісваючая апаратура, набытая з дапамогай дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад раёна, каштуе 35 мільёнаў. Але студыя - установа некамерцыйная. Між тым тут не толькі вучаць эстраднаму майстэрству, але і рыхтуюць па патрэбе самыя разнастайныя фанаграмы, падбіраюць для выканаўцаў песенны рэпертуар, займаюцца аранжыроўкай.

 

 

"Узброіцца" гнуткасцю

Адзін з відаў платных паслуг, што прапаноўвае Міёрская дзіцячая бібліятэка, - антывірусны кантроль электронных носьбітаў. Такую і іншыя камп'ютарныя аперацыі з лёгкасцю выконвае любы супрацоўнік установы. Але ўразіла не гэта.

Гарадская бібліятэка - прыклад крэатыўнай гнуткасці для сельскіх устаноў. Размясцілася яна на верхнім паверсе будынка пошты. Плошчы вызваліліся пасля таго, як вузел сувязі "ўзброіўся" кампактным лічбавым абсталяваннем. У выніку бібліятэка займела не толькі кніжныя залы і фондасховішчы, але і... карцінную галерэю. Ініцыятыва яе стварэння - загадчыцы Валянціны Лакотка.

"З'явілася магчымасць, - распавядае яна, - уладкаваць актавую залу на 50 месцаў для заняткаў двух дзіцячых клубаў, дзе збіраюцца пастаянна не толькі падлеткі, але і іхнія бацькі. А сцены залы аздобілі графікай, батыкам і жывапісам. Выстаўляліся тут работы нашых народных майстроў, навучэнцаў ДШМ, цяпер працуе выстаўка, дзе прадстаўлена каля двух дзясяткаў твораў, выкананых студэнтамі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава".

 


 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"