“Я табе падару ўвесь… свет”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Сагрэцца “марозаўскай” класікай

/i/content/pi/cult/289/4731/pic_4.jpgЗ пачатку тэатральнага сезона безыменнай раней "музычнай гасцёўні" Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі прысвоена высокае "званне" Камернай залы імя Ларысы Александроўскай - бліскучай опернай салісткі, выканаўцы народных песень, рэжысёра (у яе пастаноўцы сучасныя гледачы памятаюць, найперш, "Аіду" Дж.Вердзі) і грамадскага дзеяча. Адкрылася гэтая цяпер ужо "імянная" зала аўтарскім канцэртам Марыны Марозавай, што напярэдадні ХV з'езда кампазітараў Беларусі ладзіўся ў межах праекта "Музычныя вечары ў Вялікім" і сабраў ледзь не ўсіх вядучых спевакоў - творчых нашчадкаў легендарнай зоркі.

"Я табе падару ўвесь Парыж!" - абяцалі арганізатары. І падманулі. Бо падарылі- увесь свет. Разам са шчымлівай слязой настальгіі па "салонным" выкананні. Салон атрымаўся папраўдзе парыжскім- з папраўкай, вядома, на ХХ і ХХІ стагоддзі, у якіх яшчэ больш адчуваецца нястача чалавечага цяпла і простай размовы "па душах". Артысты "размаўлялі" на музычна-рамансавай мове (то вакальнай, то інструментальнай), а вядучая Таццяна Мушынская - яшчэ і на паэтычнай (прычым вершы яна чытала не толькі ўласныя, але і... кампазітарскія). Слухачы ж, сярод якіх, паводле законаў жанру, было шмат жанчын бальзакаўскага ўзросту, дыхалі ў такт музыцы і вершам.

Гучала "марозаўская" класіка - у атачэнні прэм'ер і камерных пералажэнняў аркестравай музыкі кампазітара. Агучаны "агляд творчасці" дапамог уцяміць, што Марына Марозава даўно ўжо заняла ў беларускай музыцы сваю асобную нішу - утульную, "хатнюю" (у лепшым сэнсе слова), у кожным куточку якой нас гасцінна вітаюць "родныя", пазнавальныя інтанацыі, а не разбуральныя нечаканасці. Пры гэтым аўтар надзвычай ашчадна карыстаецца звыклым фартэпіяна, замяняючы яго надзіва гарманічнымі, стылёва вытрыманымі спалучэннямі (у розных складах) гітары, кларнета, домры, скрыпкі, габоя, флейты і іншых "не ўдарных", а менавіта "спеўных" інструментаў, чые тэмбры параўноўваюць з чалавечымі галасамі- у той час як ігру на фартэпіяна, здараецца, называюць "артыкулам у газеце".

Было бачна, з якой шчырай любоўю і задавальненнем усё спявалася і ігралася - неабыякава, з уласным стаўленнем да кожнай ноткі, як сапраўдны голас душы. Вакальны цыкл "Споведзь жанчыны" ўвогуле паўстаў сучасным шэдэўрам, як і колішнія Пяць рамансаў на вершы Аляксея Кальцова. Дзеля лепшага атачэння такіх перлінаў можна было без аніякіх мастацкіх стратаў скараціць некалькі больш простых па кампазітарскай задуме опусаў, што ўспрымаліся на гэтым фоне ўсяго толькі бразготкамі з музычнай скрыні. Але, тым не менш, даводзілі "выбранае" да гэткай "манаграфіі". Дык калі наступны аўтарскі вечар у Вялікім? Кампазітараў, як і спевакоў, у нас багата.

На здымку: на вечары, сярод іншых, саліравала Таццяна Траццяк.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"