“Бульба-хорар” не спужаў “Кінашок”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Развагі пра кінафорум, дзе “ў фокусе — Беларусь”

/i/content/pi/cult/289/4730/pic.jpgФестываль у Анапе даведаўся пра сакрэты прыгатавання "бульба-хорару" і станоўча ацаніў змены ў беларускім кіно. Верасень у Анапе, безумоўна, праходзіў пад знакам ХІХ Адкрытага кінафестывалю краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі, больш вядомага аматарам найважнейшага з мерапрыемстваў як "Кінашок". Беларусы - чаканыя ўдзельнікі фэсту з самага першага года, але сёлетні прыезд стаў для нас незвычайным. Упершыню ў раскладзе паказаў "Кінашоку" асобным пунктам значыліся стужкі спецыяльнай праграмы "У фокусе - Беларусь".

 

Анапу наведала прадстаўнічая айчынная дэлегацыя, сённяшняму стану нашага кінематографа былі прысвечаны адмысловая прэс-канферэнцыя і вячэрні прыём, які наведалі шматлікія госці форуму на чале са старшынёй Саюза кінематаграфістаў Расіі Мікітам Міхалковым. Апошні, дарэчы, згадаў часы сваёй працы на Беларусі і з задавальненнем прыняў у падарунак дыскі з праграмамі "Белвідэацэнтра".

На жаль, у Мінск наша дэлегацыя вярнулася без прызавых трафеяў, але памяць пра сябе пакінула доўгую - слова "масакра" і азначэнне новага жанру - "бульба-хорар" на некалькі дзён сталі ці не самымі распаўсюджанымі на вуснах фестывальнага бамонду.

Трэба адзначыць, праграма айчынных экранных твораў арганічна ўпісаліся ў фестывальную прастору, падзеі якой, у асноўным, разгортваліся паміж глядзельнай залай і памяшканнем для канферэнцый. У апошнім, дарэчы, па традыцыі адбываюцца ці не самыя важныя падзеі "Кінашоку" - абмеркаванні стужак, дзе зубастыя крытыкі могуць задаць аўтарам любыя пытанні, а потым выказаць сваё, часам не самае ўхвальнае слова. Такім чынам, "Кінашок"- фэст для прафесіяналаў, якія і складаюць тут асноўную масу гледачоў.

 

Новае слова - на экран!

Беларускае слова на дзевятнаццатым "Кінашоку" прагучала яшчэ да пачатку конкурсных і пазаконкурсных праглядаў. Выступ музыканта-віртуоза Ігара Квашэвіча на святочнай цырымоніі адкрыцця фестывалю ў Летнім амфітэатры Анапы стаў ці не самым запамінальным нумарам канцэртнай праграмы, а малады артыст, пра якога, дарэчы, не раз пісала наша газета, адразу стаў улюбёнцам мясцовай публікі. Мелодыі, што выканаў наш выдатны акардэаніст, адразу задалі баявы настрой усёй беларускай дэлегацыі, бо наступны дзень стаў у некаторай ступені вырашальным для Андрэя Кудзіненкі - рэжысёра нашумелай яшчэ да афіцыйнай прэм'еры стужкі "Масакра". Выхад карціны да беларускага гледача запланаваны пасля мінскага "Лістапада", але экзамен, што "першы ў свеце "бульба-хорар" мусіў вытрымаць на "Кінашоку", пераацаніць немагчыма.

Андрэй Кудзіненка бываў у Анапе некалькі разоў, як удзельнік і нават член журы. Але перад паказам, які стаў афіцыйным адкрыццём праграмы "У фокусе- Беларусь", рэжысёр відавочна хваляваўся. Зрэшты, як і большая частка нашай дэлегацыі і прадстаўнікоў беларускай прэсы. Слова "Масакра" і пазначаны ў каталозе містычна-прыгодніцкі сюжэт новай стужкі выклікалі сярод удзельнікаў "Кінашоку" пэўны ажыятаж, бо нават сярод прафесіяналаў брэнд "Беларусьфільм" стала замацаваны за ваеннай тэмай. Глядзельная зала прыморскага пансіяната, дзе традыцыйна праходзіць асноўная частка конкурсных праграм форуму, у адрозненне ад большасці праглядаў, на "Масакры" запоўнілася амаль цалкам.

Якія ж уражанні новая беларуская пастаноўка выклікала ў публікі, чыю большую частку складалі крытыкі і карэспандэнты вядучых маскоўскіх выданняў? Адказ на гэтае пытанне можна было атрымаць на пасляпрэм'ернай прэс-канферэнцыі. Яна аказалася прысвечанай не толькі "Масакры", але і агульнаму стану спраў у айчынным кіно. Прысутным распавялі пра тыя немалыя высілкі па паляпшэнні сітуацыі ў беларускім кіно і пераводу яго на сучасныя, рынкавыя адносіны, якія робяць дзяржава і асабіста Прэзідэнт Беларусі. Дэталь, якая выклікала найбольшую рэакцыю залы, - дзяржаўнае фінансаванне годных кінапраектаў на Беларусі спыняцца не будзе! На фоне відавочных цяжкасцей з фінансаваннем, з чым сутыкаюцца калегі-кінематаграфісты з краін СНД і Балтыі (у тым ліку - Расіі, дзе дзяржаўныя грошы на пастаноўку атрымліваюць цяпер толькі адзінкавыя праекты), гэтая заява ўспрынялася вельмі эмацыйна і згадвалася цягам усяго фестывалю.

Што да пытанняў творчых, дык новая стужка лепш за словы расказала прафесіяналам аб працэсе адраджэння нацыянальнага кіно на Беларусі. "Ваша кінаіндустрыя, відавочна, робіць толькі першыя крокі да выхаду на міжнародны ўзровень", - такія словы даводзілася чуць да самага канца "Кінашоку". З такім вызначэннем можна пагадзіцца, дададзім толькі, што "Масакра", насамрэч, прадукт для нацыянальнага спажывання. Таму можна лёгка адхіліць прэтэнзіі асобных маскоўскіх крытыкаў, надта заклапочаных пытаннем чысціні экранізацыі заяўленай у цітрах першакрыніцы - знакамітай навелы Праспера Мерымэ "Локіс". Стужка Андрэя Кудзіненкі якая заўгодна, але не гістарычная замалёўка. Ацэньваць яе трэба, так бы мовіць, не па школьнай, дзесяцібальнай сістэме, а па двухзначнай, універсітэцкай. Дык вось, за прэм'еру "Масакры" на "Кінашоку" яе стваральнікам можна паставіць "залік". Але апошняе слова - за беларускім гледачом.

 

"Перамантаж" як сімвал часу

/i/content/pi/cult/289/4730/pic_2.jpgДругая ігравая айчынная стужка на "Кінашоку2010"- "Ваўкі" Аляксандра Колбышава - да фэсту ў Анапе была прадстаўлена грамадскасці на Тыдні кіно ў Маскве ды паспела сабраць пэўную колькасць міжнародных узнагарод на фестывалі ў Бярдзянску.

На "Кінашоку" карціна паказвалася па-за конкурсам ды і не ў самы зручны час: прагляд пачаўся а палове дванаццатай ночы, калі большая частка крытыкаў яшчэ "змагалася" за стужкі конкурснай праграмы ў прэс-клубе.

Самай нечаканай часткай беларускай праграмы сталі паказы вучэбных работ студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія прадстаўлялі майстар курса рэжысёраў тэлебачання, вядомы беларускі журналіст Сяргей Кацьер і студэнт трэцяга курса акадэміі Аляксей Макаранка. Апошні таксама прадставіў сваю аўтарскую работу "Каляровыя кружочкі Насарогава" ў самай кароткай і самай эксперыментальнай праграме фестывалю "Людзі ў межах і за межамі". Начны паказ беларускіх студэнцкіх штудый сабраў толькі сапраўдных кінаманаў, якія па вартасці ацанілі жартаўлівыя ролікі- вучэбны "перамантаж" беларускімі студэнтамі стужак савецкай кінакласікі, гэтаксама як і трэйлеры да фільмаў Нацыянальнай кінастудыі.

Сваё "дзякуй" ад жыхароў Анапы і шматлікіх турыстаў атрымалі карціны Аляксандра Канановіча і Дзмітрыя Лася "Дасціш фантасціш" і "Трамвай у Парыж", якія ўдзельнічалі ў фестывальных праграмах "Кіно на плошчы" і "ТБ-Шок" адпаведна.

Ніякіх пытанняў - адно ўхвалу спецыялістаў выклікаў вечар беларускай анімацыі. Стужкі Ірыны Кадзюковай, Міхаіла Тумелі, Ігара Волчака, Уладзіміра Пяткевіча ганаруюцца бурнымі апладысментамі пры кожным паказе.

Беларускую частку фестывалю можна прызнаць удалай: нашы стужкі і іх стваральнікі атрымалі ў Анапе значную долю ўвагі. Апошняе, бадай, і з'яўлялася галоўнай мэтай нашай прысутнасці на "Кінашоку". Працэс адраджэння нацыянальнага кінематографа немагчыма ўявіць без выхаду на міжнародны ўзровень. "Кінашок" - вельмі важная фестывальная прыступка на гэтым шляху. Тое, што ў фінальным спісе пераможцаў не аказалася беларускіх назваў і прозвішчаў, бянтэжыць не павінна. Айчынная сістэма кінавытворчасці знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі і, відавочна, стаіць толькі на парозе вялікіх фестывальных здзяйсненняў. А яны абавязкова з'явяцца пры ўмове бесперапыннай мэтанакіраванай працы.

 

Некурортная канкурэнцыя

/i/content/pi/cult/289/4730/pic_3.jpgТрапіць у конкурс "Кінашоку"- дасягненне. Сёлета "Масакры" давялося канкурыраваць з вельмі моцнымі стужкамі, некаторыя з якіх удзельнічалі і маюць узнагароды самых вядомых сусветных кінафорумаў кшталту Канскага ці Венецыянскага. Карціна екацярынбуржца Аляксея Фядорчанкі "Аўсянкі" прыехала ў Анапу з Венецыі, уладальнік Гран-пры "Кінашоку2010"- стужка "Еўразіец" шматгадовага ўлюбёнца Анапы літоўца Шарунаса Бартаса паўгода таму была прадстаўлена ў паралельнай праграме "Форум" Берлінскага фестывалю, нашумелы адразу пасля сёлетняга Канскага фестывалю фільм "Шчасце маё" ўраджэнца Баранавічаў Сяргея Лазніцы - вось такое конкурснае атачэнне. На такім фоне спецдыплом журы і дыплом кінапрэсы казахскай карціне "Дарагія мае дзеці" Жанны Ісабаевай выглядаюць як перамога.Апошняя стужка, дарэчы, можа прэтэндаваць на маленькую сенсацыю. У кінатэатрах Алма-Аты яна была больш паспяховай, чым апошняя серыя прыгодаў Гары Потэра. Малады рэжысёр, першая работа якой тры гады таму адзначылася ў паралельнай праграме Венецыянскага фестывалю, дала яшчэ адзін добры ўрок усім кінематаграфістам з постсавецкай прасторы, якія не могуць разлічваць на вялікія бюджэты.

 

У авангардзе - "нефармат"

Спадзяёмся, на бліжэйшым "Лістападзе" мы зможам убачыць лепшыя карціны з праграмы "Кінашоку", бо Анапскі кінафорум дае вельмі дакладную карціну таго, што адбываецца ў свеце экраннага мастацтва краін былога СССР. На беразе Чорнага мора можна было паглядзець не толькі поўнаметражныя і кароткаметражныя карціны, але і эксперыментальныя творы сучаснага мастацтва, адмысловыя тэлефільмы. Нездарма адна з конкурсных праграм "Кінашоку" мае красамоўную назву "Нефармат". У ейных рамках можна было пабачыць шэраг стужак, якія наўрад ці з'явяцца на экранах кінатэатраў і тэлевізараў толькі таму, што не адпавядаюць вузкім межам пракатных стандартаў. Між тым, іх форма і выкананне сведчаць пра прыход у кіно новай эстэтыкі. Традыцыяналісцкі арыентаваная крытыка і масавы глядач часцей за ўсё яе не заўважаюць.

Такім чынам, у мастацтва ўварвалася пакаленне дваццаці-трыццаці творцаў, якія могуць не мець прафесійнай кінаадукацыі, здымаць на любіцельскую тэхніку, але ўражваць фестывальнага гледача не менш за раскручаных прадстаўнікоў буйных кампаній.

У "Нефармаце" "Кінашоку-2010" можна было ўбачыць некалькі карцін, знятых, на першы погляд, на аматарскім узроўні, аднак цікавейшых за многія іншыя стужкі. "Трып" піцерскага аўтара Пятра Забеліна пад маскай аматарства прапануе вельмі сур'ёзнае выказванне пра небяспеку, якую нясе свядомасці чалавека штодзённае знаходжанне пад уплывам масмедыя. "Выпадковая сувязь" Вольгі Сталпоўскай наогул знятая на лічбавы фотаапарат - праўда, адным з лепшых аператараў сучаснай Расіі Аляксандрам Сіманавым. Сціплыя тэхнічныя і бюджэтныя параметры стужкі не перакрываюць сабой адчування сапраўднага мастацтва, характэрнага для класічнага еўрапейскага кіно 1960-х. Адзначым: пераважная большасць стужак асноўнага конкурсу выглядала куды больш штучна, нягледзячы на непараўнальна большыя маштабы вытворчасці.

 

■ ■ ■

Конкурсныя стужкі "Кінашоку-2010" пакінулі, у цэлым, супярэчлівыя ўражанні. З аднаго боку, кінематаграфіі краін СНД і Балтыі відавочна развіваюцца, дзесьці ўражваюць, як стужкі з Эстоніі і Літвы, сваім мастацкім узроўнем. З іншага боку, перад імі паўсталі тыя самыя балючыя пытанні, што і перад сусветным кінамастацтвам - кшталту разгубленасці перад новымі формамі медыя, крызісам сістэмы каштоўнасцей, імклівай тэхнічнай рэвалюцыяй. "Кінашок", такім чынам, з'яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для аператыўнай ацэнкі зменаў у кінематографе краін постсавецкай прасторы, і сёлетні маштабны ўдзел у гэтым фестывалі беларусаў нельга пераацаніць.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА