“Распеўка” пакаленняў

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Час — катэгорыя значная ў мастацкім працэсе. Парознаму з’яву адлюстроўваюць мастакі розных часоў, інакш бачаць адны і тыя ж рэчы аднаго часавага адрэзку прадстаўнікі пакаленняў… Таму экспазіцыя “Сёння, заўтра і ўчора”, якая прадстаўлена ў Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, — гэта невялічкі эксперымент і для ўдзельнікаў праекта, і для музейшчыкаў.

/i/content/pi/cult/289/4729/7-4.jpg

Што адметна, гэта не выстаўка-рэтраспекцыя. А менавіта экспазіцыі такой накіраванасці наладжваюцца, калі арганізатары ставяць за мэту правесці паралелі паміж пакаленнямі. У адной зале сабраныя работы вядомых майстроў Наталлі Жыгамонт і Наталлі Цярэшкі, а таксама іх вучняў і дзяцей - усяго 12 удзельнікаў.

Гэткая форма арганізацыі дае гледачу магчымасць, паблукаўшы па зале, звярнуўшы больш пільную ўвагу на шыльды ля работ, знайсці для сябе цэлы шэраг паралелей і сувязей: паміж настаўнікам і вучнем, куратарам і дыпломнікам, маці і дачкой. Такім чынам, экспазіцыя мае новы падыход да "выставак некалькіх пакаленняў". За мэту ставіцца не супаставіць ці параўнаць творы, што само па сабе робіць іх нібыта двума рознымі бакамі адной з'явы, выяўляе адрозненні, перавагі і недахопы аднаго над другім. "Сёння, заўтра і ўчора" паказвае сувязь людзей, іх блізкасць. Пад час працы поруч, пастаянных творчых і жыццёвых стасункаў нараджаюцца свежыя вобразы і ідэі. Менавіта ў гэтым заключаецца канцэпцыя праекта.

 Для максімальнай сканцэнтраванасці на змястоўным аспекце ўдзельнікі абмежавалі палітру трыма колерамі- белым, чорным і чырвоным. На жаль, для некаторых аўтараў сродак стаў самамэтай: захапіўшыся гульнёй колераў, пошукам гармоніі кантрастаў і нюансаў, некаторыя мастакі забыліся, што форма ўсё ж такі падуладная зместу/i/content/pi/cult/289/4729/7-5.jpg.

 Цікавымі аматару візуальнага арта будуць жывапісныя палотны Наталлі Жыгамонт, работы высокапрафесійнага ўзроўню да ўдзелу ў выстаўцы прадставіла студэнтка Вольга Сямашка, якая спасцігае тонкасці дэкаратыўна-прыкладной плыні мастацтва. Прымушаюць усміхнуцца незвычайныя людзі, што трапілі ў кадр Аляксея Паўлоўскага і прадстаўленыя на выстаўцы ў асобнай серыі "Жыццё".

Зразумела, магчымасць выставіцца на прэстыжнай пляцоўцы ў студэнцкія гады выпадае далёка не кожнаму. Па словах загадчыка выставачнай дзейнасці Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Надзеі Зелянко, гэта своеасаблівы аванс на вялікае творчае жыццё ўдзельнікаў: "Спадзяюся, выстаўка стане своеасаблівым штуршком да стварэння новых работ, узнікнення новых ідэй. А гэты праект можа працягвацца вельмі доўга, таму што растуць новыя пакаленні, адкрываюцца новыя імёны, і, я думаю, праз некаторы час мы зможам пазнаёміцца з гэтым праектам зноў". У сваю чаргу, удзельнікі, назваўшы сёлетнюю выстаўку своеасаблівай "распеўкай", паабяцалі, што пад час наступнай сустрэчы з гледачом іх творчы "хор" стане яшчэ больш сугучным.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ