Каларыстыка… паветра

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Тэма пейзажу заўсёды вабіла мастакоў розных пакаленняў. Усё характэрнае ў прыродзе, якая відазмянялася з будаўніцтвам гарадоў, вёсак, знаходзіла адлюстраванне ў жывапісе. Але мастакі, каго мы сёння называем лірыкамі краявідаў, за мэту звычайна ставілі выяўленне прыгажосці роднай зямлі, выражэнне сваіх адносін да блізкіх сэрцу мясцін.

/i/content/pi/cult/289/4728/7-3.jpg

 Менавіта такім жывапісцам быў Іван Карасёў, з працамі якога сталічны глядач сёння пазнаёміцца ў мінскім Палацы мастацтва.

Персанальная выстаўка выдатнага пейзажыста Беларусі прымеркавана да 100-годдзя з дня яго нараджэння.

 Іван Карасёў меў незвычайны талент лірыка-каларыста. Многія яго працы нагадваюць жывапісныя лірычныя песні, вельмі стрыманыя, сціплыя, але напоўненыя сардэчнасцю і душэўнай шчырасцю. Не знойдзеш тут ні ашаламляльных кантрастаў, ні рэзкіх, падкрэсленых сілуэтаў, ні моцных фактурных мазкоў. Нават чорны колер выглядае вельмі мяккім, пранізаным нейкім таямнічым святлом. Лёгкасць, багацце паветра і святла - гэта яго творы. Мастак не кідае выклік гледачу, а, наадварот, імкнецца падзяліцца чымсьці вельмі асабістым, дарагім сэрцу. Такія яго палотны...

Дарэчы, у экспазіцыю ўключаны не толькі пейзажы, прысвечаныя Беларусі. Цэлая серыя работ - вынікі паездак мастака на Чорнае мора. Дарэчы, марскія пейзажы Карасёва такія ж лірычныя, камерныя, як і "пленэрныя" працы, зробленыя на роднай рацэ Бобр.

Д.Д.