А на экране — прэм’еры!

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Канец верасня стаўся багатым на кінапрэм’еры ад творцаў “Беларусьфільма”

 

Так, 30 верасня ў сталічным кінатэатры "Цэнтральны" адбыўся прэм'ерны паказ мастацкага фільма "Вока за вока". Рэжысёрам стужкі, а таксама аўтарам сцэнарыя стаў Генадзь Палока, аператарам-пастаноўшчыкам - Таццяна Логінава. Галоўную ролю ў фільме сыграў Уладзімір Гасцюхін. З ліку беларускіх акцёраў у карціне задзейнічаны народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі, а таксама майстры экрана Іван Мацкевіч, Алеся Пухавая, Алег Коц, Аляксандр Кашпераў. Стужка створана Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" сумесна з прыватнай расійскай кінакампаніяй.

Дзеянне ў гістарычнай драме адбываецца ў паслярэвалюцыйныя гады. Прафесар юрыдычнай акадэміі, генерал пры царскай уладзе, Адамаў аказваецца ў колазвароце новых падзей. Фільм зняты паводле аповесці Барыса Лаўрэнёва "Сёмы спадарожнік".

А ў відэакомплексе "Цэнтр-відэа" ў гэты ж дзень адбыліся традыцыйныя ўжо прэм'ерныя паказы дакументальных фільмаў. Гэтым разам гледачам прапанавалі работы "Зоська Верас", "Свет Караткевіча" і "Давеку", знятыя майстрамі студыі "Летапіс".