Палац — аб’ект інтарэсу

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Конкурс “Пазнай Беларусь” завяршыўся перамогай для Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Установа атрымала званне лаўрэата ў намінацыі “Лепшы аб’ект турыстычнага інтарэсу”, вытрымаўшы канкурэнцыю з Дзяржаўным мемарыяльным комплексам “Хатынь” і гісторыка-культурным комплексам “Лінія Сталіна”.

/i/content/pi/cult/289/4721/3-2.jpg

На ўзнагароджанні ў Ракаве прысутнічала загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы ансамбля Надзея Брагіна. Яна паведаміла карэспандэнту "К", што поруч з імі ў гэтай намінацыі (якіх было дзесяць) спрабавалі свае сілы яшчэ каля дваццаці ўстаноў. Але найбольш запатрабаванымі ў беларускіх турыстаў сталі экскурсійныя маршруты і туры, якія можна ажыццявіць пры дапамозе палацавапаркавага ансамбля. Таксама яго супрацоўнікі атрымалі грамату ў новай намінацыі - "Лепшы інавацыйны падыход у турызме".

Турысты, што наведваюць рэгіён, могуць ажыццявіць экскурсію як па "Залатым кальцы Гомельшчыны ", дзе ўлічваюцца іх асабістыя пажаданні, так і па ўсёй краіне. "Удасканальвацца можна ў розных накірунках, асабліва ў складанні новых маршрутаў, - заўважае Надзея Брагіна. - Яшчэ столькі недаследаваных мясцін, якія стануць для любога падарожніка нечаканасцю!"

Конкурс "Пазнай Беларусь" праводзіцца з 2002 года пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага агенцтва па турызме. Гомельскі ансамбль неаднаразова ў ім удзельнічаў. Летась і пазалетась атрымліваў граматы, а званне лаўрэата - упершыню.