З грыфам “Рассакрэчана”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Днямі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася гісторыка-дакументальная выстаўка архіўных дакументаў “Савецкае грамадства і вайна. 1941 — 1945”. У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел дзяржаўныя і ведамасныя архівы і музеі, грамадскія арганізацыі Беларусі і Расіі.

 

У цэнтры ўвагі выстаўкі - сведчанні непасрэдных удзельнікаў падзей, невядомыя раней дакументы пра паўсядзённае жыццё і побыт на фронце і ў тыле, у блакадным Ленінградзе і на акупаваных ворагам тэрыторыях СССР.

Рэдкія архіўныя дакументы паказваюць складаны працэс перабудовы эканомікі на ваенны лад, эвакуацыю прамысловасці на ўсход, будаўніцтва авіяцыйных заводаў, арганізацыю вытворчасці снарадаў і стралковай зброі. Вялікую цікавасць і каштоўнасць для навукоўцаў мае комплекс дакументаў пра выпрабаванні новых мадэлей танкаў і самалётаў.

Па словах загадчыка аддзела гісторыі партызанскага руху Наталлі Яцкевіч, на выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя дакументы, якія яшчэ зусім нядаўна былі строга засакрэчаны. Гэта і рукапісны праект Указа аб стварэнні Дзяржаўнага камітэта абароны СССР ад 30 чэрвеня 1941 года, матэрыялы, звязаныя з эвакуацыяй прадпрыемстваў і нават тэхнічная дакументацыя найноўшых на той час навуковых распрацовак ваеннай тэхнікі.

І калі матэрыялы расійскіх архіваў - гэта пераважна лічбавыя копіі, дык Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь для экспанавання на выстаўцы перадаў папкі з арыгінальнымі дакументамі часоў Вялікай Айчыннай вайны - таксама з грыфам "Рассакрэчана". Як адзначыла Наталля Яцкевіч, у перспектыве матэрыялы выстаўкі плануецца выкарыстаць у экспазіцыях новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Тым часам працягваецца збор сродкаў на яго ўзвядзенне. На канец верасня на рахунак музея паступіла 27 мільёнаў 217 тысяч рублёў. Па словах дырэктара Сяргея Азаронка, літаральна кожны дзень да акцыі далучаюцца як асобныя грамадзяне, так і арганізацыі. Нагадаем нумары разліковых рахункаў, на якія можна пералічыць сродкі на ўзвядзенне новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:

Р/С 3642900000887 у беларускіх рублях, філіял № 510ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472;

Р/С 3642900000858 у доларах ЗША, філіял №510ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472;

 Р/С 3642900000917 у еўра, філіял № 510ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472;

Р/С 3642900000904 у расійскіх рублях, філіял № 510ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Мінск, код 603, УНН 100235472..