Акадэмія як “уверцюра” фестывалю

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста адкрываецца ІІ Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД. А 6 кастрычніка на той жа сцэне — адкрыццё V Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Гэты сусветна прызнаны музыкант, дарэчы, выступае і артыстычным дырэктарам згаданай акадэміі.

/i/content/pi/cult/289/4717/2-4.jpg/i/content/pi/cult/289/4717/2-3.jpg

У праграме Маладзёжнай акадэміі- заняткі і майстар-класы, якія традыцыйна вянчаюцца канцэртам удзельнікаў і сумесным выступленнем "вучняў і настаўнікаў" (сярод апошніх, дададзім, - прафесура з розных куткоў свету, выдатныя прадстаўнікі лепшых выканальніцкіх школ: скрыпічнай, альтовай, віяланчэльнай, вакальнай і фартэпіяннай).

У праграме ж фестывалю на першым плане - шэсць канцэртаў. Ды такіх, што кожны можа лічыцца дадатковым майстар-класам для творчай моладзі. Сярод фестывальных зорак - найперш, Юрый Башмет, які традыцыйна выступае не толькі салістам-альтыстам, але і дырыжорам Камернага ансамбля "Салісты Масквы". У тых жа дзвюх іпастасях мы ўбачым таксама скрыпача Гідона Крэмера - і сольна, і на чале Камернага ансамбля "Крэмерата Балтыка".

Прыедзе да нас і славуты эстонскі "Хортус-Музікус" - адзін з першых у былым СССР калектываў, які стаў звяртацца да старадаўняй музыкі (яны выступяць у аўтэнтычнай манеры - на інструментах і ў сцэнічных строях, набліжаных да мінуўшчыны). Гэты ансамбль, як і згаданых вышэй зорак, шмат што звязвае з Беларуссю. У свой час менавіта дзейнасць "Хортуса-Музікуса" натхніла салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, якія з'ядналіся ў ансамбль "Кантабіле", каб выконваць старадаўнія творы, і пазней сталі першымі выканаўцамі адшуканага даследчыкамі "Полацкага сшытка".

 На цяперашнім фестывалі за пульт нашага Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра стане нямецкі дырыжор Юстус Франц. А саліраваць з ім будуць піяніст Аляксей Любімаў (Расія - Францыя) і віяланчэліст Марыа Брунэла (Італія). Па запрашэнні мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Яўгена Бушкова ў Мінск упершыню прыедзе вялікі аўстрыйскі піяніст Пауль Бадура-Шкода, які таксама выступіць разам з нашымі музыкантамі.

У вечары камернай музыкі "Зоркі пакаленняў" за раяль сядзе і сустаршыня рэспубліканскага аргкамітэта, мастацкі кіраўнік фестывалю Юрыя Башмета Расціслаў Крымер.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"