Каму бісіраваў Кіеў?

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Вельмі багатымі на падзеі і прадуктыўнымі на сустрэчы выдаліся Дні культуры Беларусі ва Украіне. “Нашы артысты годна прадставілі Беларусь, а ўкраінцы сустракалі іх вельмі цёпла і пад час галаканцэрта неаднаразова выклікалі выканаўцаў “на біс”,— адзначыў першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Карачэўскі, які ўзначальваў дэлегацыю.

 

Нагадаем, што ў канцэрце, прысвечаным Дням культуры, выступалі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ды іншыя. Зала на 1300 месцаў была запоўнена, сюды прыехалі прадстаўнікі беларускай дыяспары з усёй Украіны: Данецка, Днепрапятроўска, Запарожжа... Шмат моладзі прысутнічала на адкрыцці выстаўкі маладых беларускіх фатографаў.

 Уладзімір Карачэўскі сустрэўся з беларусамі Украіны ў Пасольстве нашай краіны ў Кіеве. Па яго словах, там узнімаліся праблемы дыяспары: патрэба ў метадычным матэрыяле, нотах, касцюмах, жаданне чытаць беларускую літаратуру, бываць на радзіме. У бліжэйшы час будзе распрацоўвацца план дзеянняў, згодна з якім яны паўдзельнічаюць у І Фестывалі "Беларусы замежжа" і ХХ "Славянскім базары ў Віцебску".

Акрамя таго, хутка дэталізуюцца сумесныя праекты Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры і турызму Украіны. Яны закрануць кінематаграфію, ахову гісторыка-культурных каштоўнасцей, перадачу электронных дакументаў і кніг. У наступным жа годзе ў нашай сталіцы будзем чакаць Дні культуры Украіны.

Значная падзея хутка аб'яднае дзве дзяржавы - 80-годдзе знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У час перамоў першага намесніка міністра культуры з мэрыяй Кіева прынята рашэнне: помнік класіку нашага слова да 15 снежня будзе ўсталяваны каля будынка Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне.

Як распавёў "К" адзін з аўтараў будучага помніка скульптар Алег Варвашэня, гіпсавая форма знаходзіцца цяпер у цэху Скульптурнага камбіната Беларускага саюза мастакоў. Яе ўжо пачалі адліваць з бронзы. А вось над лістамі разгорнутай кнігі, якія будуць знаходзіцца за постаццю Караткевіча, яшчэ працуюць Алег Варвашэня і Канстанцін Селіханаў. Радкі з вершаў аўтара, прысвечаных Украіне, будуць напісаны на гэтых лістах на дзвюх мовах.

Таксама на гэтым тыдні ў кіеўскім Нацыянальным музеі літаратуры адбылася выстаўка "Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду". Яе падрыхтаваў наш Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, перадаўшы для экспазіцыі дакументы, фотаздымкі, кнігі. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" паказала дакументальныя стужкі, прысвечаныя літаратару.

 Будуць святкаваць юбілей творцы 26 лістапада і ў нас. У прыватнасці, у аршанскім Музеі Караткевіча з'явіцца невялікая мадэль помніка, які будзе ўсталяваны ва Украіне. Над ёй працуе цяпер Алег Варвашэня.