Запрашэнні і праекты

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

28 верасня адбыўся візіт у нашу краіну міністра культуры Літоўскай Рэспублікі Арунаса Гелунаса.

/i/content/pi/cult/289/4715/2-2.jpg

Госць сустрэўся з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам, наведаў шэраг унікальных помнікаў архітэктуры нашай краіны - Лідскі, Мірскі і Нясвіжскі замкі, а таксама пабываў на экскурсіі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Пад час сустрэчы міністры культуры дамовіліся аб тым, што краіна-суседка перадасць Беларусі копіі дакументаў часоў Вялікага Княства Літоўскага. Аб гэтым паведаміў журналістам Павел Латушка:

- Адзін са спосабаў вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцей у Беларусь і Літву - гэта стварэнне электронных копій дакументаў. Менавіта пра гэта мы дамовіліся пад час нядаўняй сустрэчы ў Вільнюсе, а сёння ў Мінску пацвердзілі рашэнне аб стварэнні спецыяльнай рабочай групы, якая будзе выпрацоўваць фінансавыя, юрыдычныя, прававыя і сістэмныя падыходы і вызначыць час, які неабходны для рэалізацыі праекта.

З беларускага боку рабочую групу па стварэнні электронных копій дакументаў узначаліць дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

- Алічбоўка дакументаў часоў ВКЛ- гэта сапраўды значны праект, які дазволіць дзвюм дзяржавам абменьвацца неабходнымі матэрыяламі, - зазначыў міністр культуры Беларусі. - На яго рэалізацыю давядзецца выдаткаваць шмат часу і сродкаў, але ў ім зацікаўлены абодва бакі. На думку Паўла Латушкі, вельмі важна і тое, што кантакты паміж нашымі краінамі маюць рэгулярны характар.

- Мы запрашаем нашых літоўскіх сяброў правесці ў наступным годзе Дні культуры Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, - сказаў Павел Латушка.

У сваю чаргу міністр культуры Літвы зазначыў, што не выключае ў будучым магчымасці сумеснага аднаўлення архітэктурнай спадчыны ВКЛ.

 - У часы эканамічнага крызісу гэтая сфера пацярпела вельмі сур'ёзна, - сказаў Арунас Гелунас, - і цяпер няма фінансавых рэсурсаў для істотных укладанняў у такую справу. Але лічу гэта найважнейшай задачай, над якой у перспектыве павінны працаваць Беларусь і Літва.

 Міністр культуры Літвы таксама заверыў, што асабіста зоймецца пытаннем аднаўлення музея Івана Луцкевіча ў Вільнюсе:

- Пакуль мне цяжка казаць пра дэталі, але ўжо адбыліся перамовы з прэм'ерміністрам і міністрам фінансаў аб стварэнні фонду для падтрымкі культуры нацыянальных меншасцей.

У сваю чаргу Павел Латушка паведаміў: Беларусь афіцыйна звернецца да літоўскага боку з просьбай аб стварэнні лічбавых копій дакументаў музея Луцкевіча, і выказаў надзею, што суседзі станоўча паставяцца да прапановы:

- Нам вельмі важна, каб у Літве ўшаноўвалася памяць дзеячаў беларускай культуры. Нядаўна на адной з вуліц літоўскай сталіцы была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Францішка Багушэвіча. Таксама мы спадзяёмся на станоўчае рашэнне літоўскага боку ў справе ўсталявання помніка Францішку Скарыну на вуліцы Полацкай у Вільнюсе.

Фота nlb.by

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"