За дождж

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Інсцэніроўка паводле аднайменнага апавядання ў вершах Якуба Коласа

З пошты “Куфра-радцы” 

Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты “Культура”. Піша вам культасветработнік з 22-гадовым стажам. Працую мастацкім кіраўніком у Курылавіцкім сельскім доме культуры, што на Мастоўшчыне Гродзенскай вобласці. З’яўляюся актыўным чытачом вашай газеты і з нецярплівасцю чакаю выхаду кожнага нумара. Асабліва мне спадабаўся ваш укладыш “Куфар-радца”, што з’явіўся сёлета.Вялікі дзякуй ад імя ўсіх работнікаў культуры за гэтыя матэрыялы.
Я, як чалавек творчы, цудоўна ведаю, як цяжка знайсці патрэбны артыкул, колькі літаратуры трэба перапрацаваць, каб адшукаць тое, што патрэбна для твайго калектыву. Я кірую самадзейным драматычным гуртком нашага ДК. Сама па спецыяльнасці рэжысёр самадзейнага драмкалектыву. І, канешне, заўжды знаходжуся ў творчым пошуку, калі падбіраю новы рэпертуар для пастаноўкі. Трэба, каб і твор быў цікавы, і ролі, як кажуць, “пасавалі” выканаўцам. Яшчэ хочацца, каб гэта было штосьці новае, не “збітае”.
Вы ўжо друкавалі на старонках “Куфра-радцы” песенныя творы да 125-годдзя нашых Песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Купалаўскія п’есы “Паўлінка” і “Прымакі” не раз ставіліся прафесійнымі і самадзейнымі тэатрамі. Але і ў Якуба Коласа ёсць творы, якія зацікавяць самадзейныя калектывы і камедыйным сюжэтам, і яркімі вобразамі, і яскравай, чыстай, народнай мовай. Я інсцэніравала вершаванае апавяданне Якуба Коласа “За дождж”. Мы паставілі гэтую інсцэніроўку сіламі нашага драмгуртка на клубнай сцэне і маем самыя добрыя водгукі аднавяскоўцаў.
Дасылаю вам гэтую інсцэніроўку. Спадзяюся, што яна папоўніць рэпертуар іншых самадзейных драматычных калектываў, асабліва на сяле.
Да пабачэння. Буду чакаць новых выпускаў “Куфра-радцы”.
Ларыса ТРАЯН, мастацкі кіраўнік Курылавіцкага СДК Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці 

За дождж 

Дзейныя асобы:
Тарэся — вясковая жанчына 45 — 50 гадоў, лідэр і завадатар па натуры;
Аўгеня — 45 — 50 гадоў, ні ў чым не саступае Тарэсі;
Кацярына — 40 — 45 гадоў, ярая паборніца старых звычаяў;
Юзя — 30 гадоў,
Ганна — 35 гадоў — маладыя жанчыны, сяброўкі.

З’ява 1

Дзеянне адбываецца каля калодзежа на вясковай вуліцы, дзе сабраліся вясковыя жанчыны. Адны прышлі па ваду, другія ідуць з поля. Летні, спякотны дзень.
Ганна:
Божа ты мой, Божа!
Што ўжо гэта будзе?

Юзя:
Дзе той дождж падзеўся?
Што ён так марудзіць?

Кацярына:
Будзе галадоўля,
Людзям безгалоўе,
Прападзе збажынка,
Знішчыцца скацінка…

Ганна:
Трэба даваць рады,
Выратоўваць сёлы,
Ліха насланое
Трэба нейк адвесці
Не жывымі ж ў землю,
Родненькія, лезці.

Юзя:
Ёсць жа тут прычына,
Ёсць яна, няйначай.
Выкрыць яе трэба
Вось у чым задача.

Кацярына:
Не шануюць людзі
Ні пастоў, ні святаў.
Хлопцы, падлы, дураць,
Дураць і дзяўчаты.
І калі, наогул,
Глянуць справядліва,
Папсаваны людзі,
Мілачкі, на дзіва!

З’яўляецца Тарэся: яна ідзе з поля; прыслухаўшыся да размовы жанчын, уступае ў гутарку.

Тарэся:
Дарма, жаначкі, злуяцеся!
А паслухайце лепей мяне вы:
Усё ліха пайшло ад Матэвы!Гэта ён, ліхадзей,
Наклікаў бяду на людзей!(Паказвае на плот.)
Ну, дзе ж быць дабру, падумайце самі,
Плот гарадзіў між Юр’ямі!

Ганна (абурана):
Вось дзе яна, тая прычына!
І дзіва, што дажджу няма!

Юзя:
Ах, Матэва, Матэва — чума!
Ах, паганец жа ён, лайдачына!
Вось зрабіў хто шкоду!

Кацярына (кідаецца да плота):
Знішчыць к чорту гэты плот,
Каб не было смуроду!

Аўгеня выйшла з хаты і падслухоўвае гутарку жанчын, хаваючыся за плотам.

Тарэся:
Ой, гарачкі не парэце!
Як рабіць — то ўжо рабіць:
Трэба ў ночачку да ўсходу
Ціха плот той разбурыць.
А цяпер пайшлі дахаты
І — нікому… Усім — маўчок.

Ганна (накіроўваючыся дахаты):
Добра, добра, мы прыйдзём.

Ганна і Юзя выходзяць у адзін бок сцэны.

Тарэся і Кацярына накіроўваюцца ў другі бок сцэны.

Тарэся (да Кацярыны):
Будзе ноччу нам работа.

На пустую сцэну з-за плота выходзіць

Аўгеня, яна ў абурэнні.

Аўгеня:
Ах ты ведзьма праклятая!
Ты не да плоту, а да майго Матэйкі падбіраешся!
Мы яшчэ паглядзім, хто каго!

Аўгеня ў абурэнні выходзіць.

Сцэна пусцее.

З’ява 2.

На сцэне з’яўляюцца тыя ж жанчыны. У руках у іх — рознае начынне: малаток, сякера, піла.

Аўгеня з кіем затаілася за плотам.

Юзя з Ганнай тузаюцца з пілою, спрачаюцца.

Ганна:
Хадзем, ну хадзем, Юзя!

Юзя (упіраецца):
А мо не трэба?
Пайшлі дахаты.

З’яўляюцца Тарэся і Кацярына.

Тарэся:
Ціха вы, не гаманеце,
Бо абудзіце сяло!

Кацярына:
Юзя, Ганна!
Не драмлеце!..
Стой! Куды вас панясло?..

Юзя і Ганна налятаюць на плот.

Ганна:
Вось ён, плот, няшчасце наша!

Юзя:
Тут заварана ўся каша!

Тарэся:
Раскідайце чортаў плот!

Тарэся з сякерай кідаецца да плота, за ёй — усе астатнія. Раптам з-за плота выскаквае з кіем Аўгеня.

Аўгеня (трасучы кіем):
Раскідаць мой плот?!
Папробуй!
Ах ты гадаўка, хвароба!
Дакраніся плоту —Адаб’ю ахвоту!
(Да Тарэсі.)
Гэта ўсё твая навука!
Усюды поўзаеш, гадзюка,
Каб каго дзе падкусіць.

Тарэся (апамятаўшыся):
Не палохай, не палохай,
Шлюндра ты і замазоха!
Не махай мне кіем!
Распусціла губы-трубы!(Пагражае сякерай.)
Як махну, дык збярэш зубы
І не так завыеш!

Аўгеня:
Ой ты мешалка, завала!
А няшчасны квач!
Каб мяне яна вон гнала?!(Паварочваецца і паказвае Тарэсі зад.)
Вось табе — пабач!

Тарэся (паказвае Аўгені дулю):
Ах ты, брында і задрыпа!
На табе!

Аўгеня (у адказ):
А на і табе!
Што? Укусіла?

Тарэся:
А каб ты спраглася!
Ну, чакай жа ты, брахуха!

Тарэся і Аўгеня хапаюцца за валасы. Жанчыны кідаюцца іх разнімаюць.

Кацярына:
Годзе! Будзе вам, нябож!

Ганна:
Ну палаяліся крышку,
І так будзе, дасць Бог, дождж!

Юзя:
Хопіць, бабы!
Людзі ўчуюць
Набярэмся сраматы.

Тарэся і Аўгеня працягваюць тузацца.

Тарэся:
Ну, што будзе?

Аўгеня:
А не знаю!

Тарэся:
Дык пусці!

Аўгеня:
Ты пусці, пушчу і я.

Раптам грыміць гром. Жанчыны адпускаюць адна адну, не могучы ўцяміць, што будзе дождж.

Ганна:
Ой, глядзіце, Тарэся, Аўгеня!

Кацярына:
Хмара прэцца ўжо, ды як!

Юзя:
Слухайце!
Дождж шуміць па лесе!

Жанчыны разбягаюцца, застаюцца Тарэся і Аўгеня. Зноў грыміць гром.

Тарэся:
Аўгеня! Ягадка мая!

Аўгеня:Тарэся, галубка!

Абнімаюцца і пакідаць сцэну пад шум дажджу.