Установы культуры Круглянскага раёна імкнуцца пераўтварыць канкурэнцыю ў творчае супрацоўніцтва. А канкурэнцыя ёсць, і вось між кім. У Круглым на балансе аддзела культуры знаходзіцца маладзёжны клуб "Эльдарада". Але ёсць ў гарпасёлку і альтэрнатыва. Гаворка пра ведамасны Цэнтр адпачынку "Будаўнік", узведзены сіламі перасоўнай механізаванай калоны. У першай установе танцы-дыскатэкі - платныя, у другой - уваход вольны. Таму "Эльдарада" назву сваю пакуль не надта пацвярджае і гадавы план па аказанні платных паслуг не выконвае. А ён - немалы: за сотню мільёнаў рублёў.
Другі нюанс "канкурэнтаздольнасці" ўстаноў культуры характэрны, як падаецца, ледзь не для ўсіх нашых раёнаў. Занадта ўжо адчувальны кантраст на Кругляншчыне паміж аграгарадкамі і вёскамі. У апошніх і матэрыяльная база далёкая ад ідэалу, і тэхнічная ўзброенасць кульгае, а значыць і магчымасці не надта вялікія. А планы аказання платных паслуг у вясковых устаноў - далёка не "літасцівыя".
Таму бліжэйшую перспектыву ўласнага развіцця аддзел культуры Круглянскага райвыканкама бачыць у наступным. Трэба, мякка кажучы, сістэматызаваць дынаміку пазабюджэту, словам, зрабіць планы аказання платных паслуг аптымальнымі. Наступны неадкладны накірунак дзейнасці, па меркаванні мясцовых культасветнікаў, - "падцягванне" (наколькі гэта цяпер магчыма) вясковых устаноў да ўзроўню аграгарадоцкіх. Маўляў, калі побач з Мінскам пачалі ўзнікаць гарады-спадарожнікі, дык чаму ў наваколлі аграгарадкоў вёскі не могуць займець падобны статус? Бо, у шэрагу выпадкаў, толькі ў гэтым бачыцца іх далейшая жыццяздольнасць...
Перспектывы - цалкам акрэсленыя і, без перабольшання, знакавыя для нашай рэгіянальнай культуры. Але наколькі яны - бліжэйшыя? Гэта я і захацеў высветліць пад час камандзіроўкі. Народ пытаецца і прапануе
"У нас заўжды ёсць варыянт"
Выснова, вынесеная ў загаловак апытання, тычыцца баўлення вольнага часу. І належыць яна тым жыхарам Круглага, з якімі давялося сустрэцца. Гэткага выбару, на жаль, няма ў сяльчан, чые паселішчы не маюць аграгарадоцкага статуса.
Аляксей, 25-гадовы рабочы з Круглага:
- Мне падабаецца, што ў гарпасёлку ёсць і "Эльдарада", і "Будаўнік", заўжды маем выбар, дзе і як адпачыць. Спартыўныя трэнажоры больш "прасунутыя" ў "Будаўніку", а дыскатэчныя праграмы, хоць і платныя, больш насычаныя, на мой погляд, у "Эльдарада".
Старшакласнікі аграгарадка "Філатава":
- Асабліва скардзіцца нам няма на што. Вёска стала аграгарадком у 2006 годзе, але СДК выглядае так, быццам учора рамонт зрабілі. Побач - фізкультурна-аздараўленчы комплекс, маляўнічая алея. Шмат мерапрыемстваў і ў сельскай бібліятэцы.
Ніна Антонава, бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Шыпілевічы:
- Вонкава будынак бібліятэкі няблага выглядае, бо рэгулярна робім бягучыя рамонты... Але столь у пакоях правісла, камп'ютара няма...
Таццяна Саланенка, дырэктар Шыпілевіцкага СК:
- Прыкладна такая ж карціна і ў нас. Клубныя памяшканні старыя, падлога ў танцзале "хвалямі" ходзіць, гукаўзмацняльная апаратура далёкая ад дасканаласці.
Праблемы і перспектывы развіцця рэгіянальнай культуры абмеркавалі пад час традыцыйнай "лятучкі" з "К" намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Тамара АКСЁНАВА і начальнік мясцовага аддзела культуры Наталля ЦІМАНАВА.
Яўген РАГІН:
- Пачну, даруйце, не з устаноў, падпарадкаваных аддзелу культуры... Вельмі актыўны кіраўнік ПМК Мікалай Патрончык за апошні час літаральна пераўтварыў Круглае: з'явілася шмат жылля, будуюцца гасцініца, боўлінг... Узнікненне Цэнтра адпачынку "Будаўнік" выявіла прастору для канкурэнцыі ў сферы культуры гарадскога пасёлка. У чым бачыцца далейшае і эфектыўнае суіснаванне такіх структур як РДК, "Эльдарада", "Будаўнік"?
Тамара АКСЁНАВА:
- Калі мы "насыцім" свае ўстановы яркімі мерапрыемствамі, што ідуць ад жыцця, калі мы зробім усё, каб зацікавіць людзей, яны не абмінуць ні РДК, ні "Эльдарада", дзе ёсць танцавальная зала, памяшканне для відэапраглядаў, камп'ютарных гульняў, а таксама більярдная, тэнісная і трэнажорная залы... Безумоўна, для таго патрэбныя амбіцыйныя крэатыўшчыкі. Менавіта адзін з іх, я ўпэўнена, і павінен кіраваць "Эльдарада". Зрэшты, неаспрэчна, што аддзел культуры павінен зарабляць, бо за кошт пазабюджэту ён сёння і жыве. Але шукаць неабходна залатую сярэдзіну...
Наталля ЦІМАНАВА:
- Я хацела б пра канкурэнцыю колькі слоў дадаць... Менавіта "Будаўнік" падштурхнуў нас да больш актыўнай дзейнасці. Адкрываем, да прыкладу, інтэрнэт-клуб у "Эльдарада". Для таго, каб наведвальнікаў не згубіць і з планам пазабюджэтнай работы справіцца... Апошні для ўстановы сёлета больш чым стомільённы... Я ведаю, за кошт гэтых грошай мы сябе ўтрымліваем. Але платныя паслугі, мяркую, не павінны ўплываць на змест, якасць нашай дзейнасці... Менавіта асветай, выхаваннем мы і павінны займацца ў першую чаргу. А ў полі ж нашага зроку таксама- цяжкія падлеткі, дзеці з няпоўных сем'яў. Ці ж можна з іх браць грошы? Мы сёння гонімся за працэнтам выканання, павялічваем колькасць канцэртаў, дыскатэк, але часцяком аўтаматычна губляем іх якасць.
Яўген РАГІН:
- Аднак якраз "гонка" гэтая многіх у рэспубліцы прымусіла згадаць: культработа - няспынны творчы пошук, які не можа не прывесці да творчых знаходак... Ведаю, што ў "Эльдарада" вы пачалі запрашаць сталічных дзі-джэяў...
Наталля ЦІМАНАВА:
- ... якім таксама трэба плаціць... Але падкрэслю яшчэ раз: аддзел культуры - не камерцыйная арганізацыя...
Тамара АКСЁНАВА:
- Залатая сярэдзіна тут, на мой погляд, - у дыферэнцыяцыі паслуг. І мы пачалі гэтым займацца. На дыскатэкі, вечары мы выдаткоўваем бясплатныя білеты для дзяцей з мнагадзетных сем'яў ці сем'яў, так бы мовіць, небяспечных. Рашэнне аб гэтым прынята выканкамам. І мы са згаданай катэгорыяй дзяцей павінны паўнавартасна працаваць...
Наталля ЦІМАНАВА:
- З раённага бюджэту на падтрымку нашай культуры ідзе шэсць працэнтаў грашовых сродкаў. Я падлічыла: за кошт фінансаў аддзелаўскага спецрахунку мы гэты паказчык пастаянна павялічваем да 10 працэнтаў. З дапамогай пазабюджэту робім усе бягучыя рамонты, набываем сцэнічныя касцюмы, падвышаем заробак культработнікаў (у жніўні сярэднямесячная заработная плата ў нас - каля 750 тысяч, як і прадугледжана заданнем). І ці можна сказаць пасля гэтага, што мы недастаткова развіваем пазабюджэтную дзейнасць?
Тамара АКСЁНАВА:
- Тым не менш, трэба шукаць і знаходзіць, трэба здзіўляць і зацікаўліваць. Тады канкурэнцыя пераўтворыцца ў супрацоўніцтва. Але адбудзецца гэта пры ўмове, калі ўсе ўстановы культуры райцэнтра займеюць непаўторнае аблічча... Гэта раней мы думалі: што б ні было, а ў "Эльдарада" ўсё роўна прыйдуць, бо ісці больш проста няма куды... Цяпер - альтэрнатыва, і ўсё ад нашага крэатыву залежыць.
Яўген РАГІН:
- Пабываў у аграгарадках "Ракушава", "Філатава", "Цяцерын", у вёсцы Шыпілевічы - крэатыўных задумак шмат, але іх рэалізацыю, як прызнаюцца мясцовыя работнікі культуры, стрымлівае адсутнасць планавага фінансавання. Усе спадзяюцца на будучую Дзяржпраграму развіцця нашай культуры, дзе гэтае фінансаванне плануецца прапісаць з належнай канкрэтыкай: пад развіццё клубнай справы, бібліятэчнай і музейнай.
Тамара АКСЁНАВА:
- Вельмі хацелася б, каб гэтаму была нададзена першачарговая ўвага. Я цвёрда пераканана, што паняцці "культура" і "астаткавы прынцып" проста несумяшчальныя. Ва ўстановы культуры трэба ўкладаць грошы. У гэтым - будучыня нашых малых гарадоў і вёсак. Я не кажу, што тыя грошы павінны быць вялікімі. Не. Яны павінны быць сістэмнымі і планавымі.
Наталля ЦІМАНАВА:
- Канешне, мы не сядзім і не чакаем запланаваных фінансаў, як працавалі, так і працуем. Да прыкладу, нядаўняе свята вёскі Цяцерын правялі. Свята атрымалася шыкоўнае, самадзейныя калектывы з усяго раёна адпрацавалі там цэлы дзень...
Яўген РАГІН:
- Але выплаціць ім камандзіровачныя, накарміць за свой кошт вы, мусіць, не мелі юрыдычнага права? Вось у Вішове суседняга Бялыніцкага раёна кіраўніцтва мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства даплачвае сваім рабочым за ўдзел у мастацкай самадзейнасці...
Тамара АКСЁНАВА:
- Мы таксама даплачваем артыстам, але - разава, за канкрэтнае мерапрыемства. У Цяцерыне нашых артыстаў прастымулявала таксама мясцовая гаспадарка... Але такая матэрыяльная падтрымка, мяркую, павінна быць сістэмнай, заканадаўча прапісанай.
Наталля ЦІМАНАВА:
- У мастацкай самадзейнасці заняты не толькі работнікі культуры. І гэтыя людзі, рабочыя, служачыя, займаюцца любімай справай не дзеля камандзіровачных...
Тамара АКСЁНАВА:
- Аднак кожны з нашых артыстаў павінен ведаць, што яго цэняць.
Наталля ЦІМАНАВА:
- Ды я цалкам з гэтым пагаджаюся! Але ўсё неабходна ў рамках закона рабіць...
Яўген РАГІН:
- Між іншым, з прыемным здзіўленнем даведаўся, што ў штаце аддзела культуры ёсць адзінка юрысконсульта. Скажам, у вашых ашмянскіх калег пра гэта толькі мараць. Як удалося адзінку вылучыць?
Наталля ЦІМАНАВА:
- Вы самі цудоўна ведаеце, наколькі складана бывае знайсці ў нашай справе юрыдычную ісціну. Эксперыментаваць тут не выпадае. Таму стварылі ў свой час арганізацыйнаметадычны аддзел: кіраўнік справавод-юрыст. На жаль, толькі на палову стаўкі. А пытанняў яму даводзіцца вырашаць процьму: працоўныя спрэчкі, звязаныя з кантрактнай сістэмай працы, яе аплатай, адпускамі... А ў сферы раённай культуры працуе без малога 200 чалавек, і кожнаму трэба дапамагчы парадай, кансультацыяй... Я пастаянна кантактую з калегамі, што працуюць у іншых раёнах, і ведаю: заканадаўчыя нюансы заўжды выклікаюць у людзей масу пытанняў.
Тамара АКСЁНАВА:
- Мы часта на райвыканкамаўскім узроўні прымаем рашэнні, якія, на мой погляд, наўпрост звязаныя з удасканаленнем дзейнасці аддзела культуры. Заўжды складаецца рабочы план на любое мерапрыемства, падключаюцца ўсе службы... Словам, плячо аддзелу падстаўляем пастаянна...
Яўген РАГІН:
- Давайце вернемся да альтэрнатывы ў выбары формы адпачынку. Не маю на ўвазе сем вашых аграгарадкоў, дзе захоўваюцца ўсе сацыяльныя стандарты, ва ўстановах культуры - належная база і сучасная апаратура... Я пабываў у Цяцерынскім СЦК , пачуў, як гучаць дынамікі філарманічнай пляцоўкі, пабачыў шыкоўнае адзенне сцэны і пераканаўся, што мне - спажыўцу культуры - іншага і не трэба... Дык вось, я не пра аграгарадкі, а пра звычайныя вёскі кшталту Шыпілевіч. Там жыхары не маюць той аграгарадоцкай альтэрнатывы, для іх на сёння проста недасягальнай. Бо і столь правісла, і падлога "хістаецца", і апаратура крытыкі не вытрымлівае. Якой вам бачыцца перспектыва такіх вёсак? Кіраўнікі тамтэйшых устаноў культуры таксама мараць мець у распараджэнні камп'ютарную тэхніку. Дык калі іх мары здзейсняцца?
Тамара АКСЁНАВА:
- Аграгарадкі - гэта толькі пачатак. Сёння распрацоўваем праграму, што пачне дзейнічаць з наступнага года і забяспечыць паэтапнае аднаўленне ўсіх вясковых устаноў культуры. Натуральна, пачнём з тых паселішчаў, дзе больш вяскоўцаў пражывае...
Наталля ЦІМАНАВА:
- Ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама была ў свой час абмеркавана мэтазгоднасць стварэння вакол аграгарадкоў вёсакспадарожнікаў... Вельмі спадзяюся, што праграма гэтая пачне неўзабаве дзейнічаць, бо, сапраўды, кантраст паміж нашымі аграгарадкамі і вёскамі вельмі вялікі.
Тамара АКСЁНАВА:
- Мы і на ўзроўні раёна добра бачым гэтую праблему і будзем, канешне, яе паступова вырашаць. Тым больш, гаворка вядзецца пра тое, што бюджэт наступнага года станецца, так бы мовіць, больш сацыяльным. Дый на ўласны пазабюджэт, як заўжды, вялікія спадзяванні ўскладаем. Будзем, натуральна, і спонсараў шукаць... Сёння мы распрацоўваем праграму, дзе па кожнай установе культуры прадугледжаны канкрэтныя перспектыўныя мерапрыемствы.
Яўген РАГІН:
- Ад гэтых захадаў, як вы раней казалі, залежыць далейшы лёс беларускай вёскі... Мне сёння расказвалі, што ёсць на Кругляншчыне паселішча, дзе толькі тры чалавекі жывуць - Маня, Марыя, Маруся (самай малодшай - за 70), - якія не захацелі да дзяцей у горад з'язджаць. І гэтую вёску рэгулярна наведваюць аўтаклуб, аўтабібліятэка і аўтакрама. Безумоўна, паселішча - не вёска-спадарожнік. Такіх, аддаленых і маланаселеных, у раёне больш за сотню. Ці ёсць сістэма ў іх сацыяльна-культурным абслугоўванні?
Тамара АКСЁНАВА:
- Сістэма гэтая - ва ўзаемадзеянні райвыканкамаўскіх службаў. Маю на ўвазе інфармацыйныя "цягнікі". У іх складзе заўжды ёсць работнікі культуры, чый абавязак - дайсці да кожнага чалавека ў самым далёкім кутку раёна...
Яўген РАГІН:
- У адпаведнасці з Дзяржпраграмай адраджэння і развіцця сяла сёлета ў раёне неабходна здаць апошні, сёмы, па ліку, аграгарадок - "Елькаўшчына". Як там на сёння справы?
Тамара АКСЁНАВА:
- Па мясцовым СДК праектнакаштарысная дакументацыя разлічана на 970 мільёнаў. Палову сумы мы ўжо атрымалі. Падключаецца, натуральна, і раённы бюджэт... Аб'ект сёлета будзе здадзены абавязкова.
Яўген РАГІН:
- У многіх раёнах даводзіцца чуць: усе сродкі ідуць на сяло, таму ўстановы культуры райцэнтраў крыху ўвагай абдзяляюцца, ёсць і тыя, што знаходзяцца ў аварыйным стане... Я цяпер зноў пра кантрасты. У вашым гарпасёлку крайнасцяў няма, але тынкоўка са сцяны РДК абвалілася, ёсць праблемы з рамонтам уваходнай групы Цэнтральнай бібліятэкі.
Наталля ЦІМАНАВА:
- Няма ў нас кантрасту паміж гарпасёлкам і сялом. Названыя вамі пытанні- вырашальныя. Пад рамонт РДК літаральна днямі з раённага бюджэту выдаткавана 75 мільёнаў рублёў.
Тамара АКСЁНАВА:
- "Эльдарада" - ва ўзорным стане. Гэтак жа выглядаюць ДШМ, гісторыка-краязнаўчы музей.
Наталля ЦІМАНАВА:
- У музеі гаспадарчая група аддзела культуры рамантуе адно з памяшканняў пад карцінную галерэю... У бібліятэцы летась працякаў дах, сітуацыю выправілі. Рамонт будзем працягваць і плануем рабіць гэта сваімі сіламі.
Яўген РАГІН:
- У вашым адказе нейкая крыўда на бібліятэкараў адчуваецца...
Наталля ЦІМАНАВА:
- Ёсць вялікае жаданне давесці ўсім, што трэба пазбаўляцца спажывецкасці, шукаць новыя формы работы...
Та м а р а АКСЁНАВА:
- І зарабляць на сябе... З гэтай нагоды не магу не вярнуцца да плана пазабюджэтнай дзейнасці. Ён павінен быць рэальным і канкрэтным. І канкрэтыку планавання я бачу ў тым, каб заробленыя грошы сталі аддзякай культработнікам за творчы складнік мерапрыемстваў, каб сродкі гэтыя заставаліся ва ўстановах, выкарыстоўваліся на развіццё клубнай, бібліятэчнай і музейнай справы, разглядаліся як стымул для крэатыву.
Наталля ЦІМАНАВА:
- Прывезці цяпер у бібліятэку новую мэблю, камп'ютар - не значыць, што пасля гэтага якасна зменяцца форма і змест работы... Таму адным з галоўных сваіх абавязкаў лічу планавую работу з кадрамі. У Шыпілевічах заўжды СДК людзьмі напоўнены. У вёсцы Грыбіна, дзе ў клубе апаратура не самая сучасная, пастаянна па сто чалавек на танцах.
Тамара АКСЁНАВА:
- Я даўно для сябе выснову зрабіла: галоўнае ў сферы культуры не энтузіязм (досыць неканкрэтнае азначэнне), а разуменне таго, якая адказнасць на цябе ўскладзена. Менавіта такі, да прыкладу, начальнік упраўлення культуры Анатоль Сінкавец, які шмат зрабіў і робіць для нашага раёна...
Яўген РАГІН:
- Структуры аддзела культуры сталі юрыдычнымі асобамі. Ці ёсць у гэтым мэтазгоднасць?
Тамара АКСЁНАВА:
- На мой погляд, няма. Лішнія сродкі, парушэнне цэнтралізацыі. Начальнік аддзела не можа выкарыстаць бібліобус без дазволу дырэктара ЦБС. Усё гэта, несумненна, толькі замінае працы.
Яўген РАГІН:
- Калі доўжыць гутарку пра перспектывы, дык нельга не згадаць і пра стварэнне мадэльных устаноў культуры. Ці ёсць у вас на гэты конт прыкідкі?
Наталля ЦІМАНАВА:
- Мы называем такія ўстановы базавымі, паколькі на іх базе імкнёмся вучыць іншых.
Яўген РАГІН:
- У Бешанковіцкім раёне такія ўстановы назвалі народнымі філармоніямі, дзе ў будучыні праца артыстаў мастацкай самадзейнасці будзе гарантавана аплачвацца.
Наталля ЦІМАНАВА:
- Наконт аплаты - гэта, сапраўды, вельмі далёкая перспектыва... А так народныя філармоніі ў нас у кожным аграгарадку дзейнічаюць.
Тамара АКСЁНАВА:
- А ў самай бліжэйшай перспектыве мы мяркуем адраджаць нашы гістарычныя мясціны. Збіраемся зрабіць музей у дамку мастака-перадзвіжніка Мікалая Неўрава ў вёсцы Лыскаўшчына, дзе ён пахаваны. Плануем добраўпарадкаваць родавы маёнтак ХІХ стагоддзя генерала Міхаіла Чарняева ў Тубышках... За бліжэйшыя гады мы павінны павялічыць колькасць народных і ўзорных калектываў і мець іх не пяць, а як мінімум восем... Але самае галоўнае - работа з людзьмі.
Дэталь да агульнай карціны
Музей у... чамадане
У свой час намеснік старшыні райвыканкама Тамара Аксёнава ўзначальвала Раённы гісторыкакраязнаўчы музей. Таму менавіта на прыкладзе гэтай установы Тамара Мікалаеўна захацела паказаць, як можна крэатыўна працаваць і зарабляць на ўласнае развіццё...
Дырэктар музея Вія Гапаева распавяла вось пра што:
- Цягам двух гадоў мы ладзім курс заняткаў для дзіцячых садкоў... Раней музейна-педагагічныя заняткі пачыналіся са старэйшых груп, дзеці адкуль прыходзілі да нас. Цяпер мы значна пашыраем сферу ўласнага ўплыву: самі збіраем экспанаты ў чамаданы, накіроўваемся ў дзіцячыя садкі і праводзім заняткі там, уцягваючы ў справу дзяцей нават ясельнага ўзросту. Заняткі - тэатралізаваныя, нязмушаныя, гульнёвыя... Гэтым мы забяспечваем сабе будучых "прафесійных" музейных наведвальнікаў, а мо і калег...
А з лета мы ўвялі і платную паслугу "Вяселле ў музеі". Ахвотных унесці ў гэтую важную жыццёвую падзею непаўторную фарбу вельмі шмат. Дзея адбываецца ў антуражы музейнай экспазіцыі "Этнаграфія", дзе прадстаўлены і прылады сялянскай працы, і інтэр'еры вясковай хаты... Тут мы паказваем маладым, як жылі і працавалі іх продкі, якія вясельныя абрады яны ладзілі. І ідуць нашы маладыя па дарозе абярэгаў, ступаючы па зёлках... Жаніх спрабуе зерне змалоць, нявеста - збірае муку ў мяшэчак... Гэта першы падарунак маладым - сімвал сумеснага жыццёвага пачатку. Падорым яшчэ і ляльку-абярэг, і зборнік нашых калыханак... Паслуга каштуе 20 тысяч.
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск - Круглянскі раён - Мінск
Фота аўтара